viasna on patreon

Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 7 новых палітвязняў

2022 2022-06-09T17:36:18+0300 2022-06-09T17:36:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vk_illustr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

9 червеня2022г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А.Лукашэнка, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Сяргей Індзюкоў, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі, па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады і па ч. 3 арт. 203-1 за незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  2. Павел Бялянаў, узяты пад варту па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі;
  3. Андрэй Шульгат, узяты пад варту па арт. 369 і 130 КК па “справе Зельцэра”;
  4. Максім Плятнёў, узяты пад варту па арт. 341 КК за пратэстныя надпісы;
  5. Яўген Мерунко, асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  6. Ягор Багдзевіч, асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  7. Міхаіл Заранкоў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняўСяргея Індзюкова, Паўла Бялянава, Андрэя Шульгата, Максіма Плятнёва, Яўгена Мерунко, Ягора Багдзевіча, Міхаіла Заранкова і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі ПЭН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства