“Калі вашае права пераўтвараецца ўжо не ў права": жыхара Дзяржынска асудзілі да 1,5 гадоў "хатняй хіміі" за каментары
2 чэрвеня суд Дзяржынска і Дзяржынскага раёна агучыў вырак Паўлу Макаранку. Суддзя Таццяна Фядчук прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і асудзіла да 1,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі".
Павел Макаранка знаходзіўся пад вартай з 14 сакавіка. Яго вызвалілі ў залі суда. У абвінавачанага не было абаронцы.
Макаранку прызналі вінаватым у тым, што 8 лістапада 2020 года ён пакінуў каментар у тэлеграм-чатах “Каратели” і “Партизаны” у бок супрацоўніка Мінабароны Беларусі падпалкоўніка Бартынскага, які працуе ў аддзеле па ідэалагічнай рабоце 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады аператыўнага камандавання Паўночна-Заходняга камандавання Мінабароны ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Гэтым ён публічна абразіў падпалкоўніка. Каментар утрымліваў ненарматыўную форму маўлення.
Таксама 25 лістапада 2020 года ў тэлеграм-чаце “Каратели” ён пакінуў абразлівы каментар у бок камандзіра першага ўзвода аператыўнай роты АМАП АУС Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Мацкевіча.
Павел Макаранка прызнаў віну. Ён распавёў, што дакладна не памятае тых падзей, бо прайшло ўжо шмат часу. Аднак ён сказаў, што меркавана пакінуў каментары “праз эмоцыі”.
— Што ў вас за эмоцыі? — спытаў у Макаранкі пракурор.
— Эмоцыі, што так не мусіць адбывацца.
Таксама ён адзначыў, што выказваць меркаванне – ягонае канстытуцыйнае права.
Доказамі па справе таксама прызнаныя сведчанні Клішэвіча і Быстрава, якія на судовае пасяджэнне не з’явіліся. Экспертыза прызнала каментары ўтрымлівалі негатыўную ацэнку Бартынскага і Мацкевіча, ненарматыўную лексіку.
У спрэчках пракурор заявіў, што віна Макаранкі даказаная. Ён заявіў, што “калі вашае права пераўтвараецца ўжо не ў права, а ў парушэнне іншых правоў, спалучанае з крымінальнай адказнасцю, то гэта ўжо не вашае права, а супрацьпраўнае дзеянне. Таму такое недзе і адбылося”. Дзяржабвінавачанне папрасіла прызначыць яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – “хатняй хіміі”. Суддзя ў выніку прызначыла пакаранне ў выглядзе 1,5 гадоў “хатняй хіміі”.