viasna on patreon

Скрыншоты і стужачкі як доказ віны. Як беларусаў судзілі па дыфамацыйных артыкулах?

2022 2022-06-11T13:47:15+0300 2022-06-11T13:47:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud-frunzenski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ).

Тут сабраныя прысуды, якія сталі вядомыя праваабаронцам апошнім часам.


Ілюстрацыйнае фота

Абразіла прэзідэнта

3 траўня ў судзе Фрунзенскага раёна горада Мінска асудзілі Ніну Майтак. Суддзя Юлія Блізнюк прызнала яе вінаватай па частцы 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса Беларусі — абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ніне Майтак прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў папраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) тэрмінам на два гады (т. зв. "хатняя хімія"). Падрабязнасці суда пакуль невядомыя.


Скрыншоты старонак "Аднакласнікаў" на 17 лістах як доказ

5 мая суд горада Жодзіна Мінскай вобласці ў складзе суддзі Івана Грынкевіча асудзіў бацьку двух непаўналетніх дзяцей Дзмітрыя Коктыша. Яго абвінавацілі ў абразе двух прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК) — участковых інспектараў міліцыі аддзела ўнутраных спраў Пружанскага райвыканкама Сяргея Каляды і Тарасевіча.

Абодва міліцыянты не ў першы раз становяцца пацярпелымі па крымінальнай справе: з 15 ліпеня 2020 года па Інтэрнэце разляцеліся іх фатаграфіі, якія суправаджаліся подпісамі аб тым, што гэтыя міліцыянты ўжылі ўдушлівы прыём супраць мірных грамадзян.

Коктыш таксама пакінуў каментар пад фатаграфіямі двух міліцыянтаў — гэта было ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі", на старонцы іншага карыстальніка (які гэтыя фатаграфіі і размясціў). Каментар, паводле следства, быў "негатыўна ацэньваючым" і "ў непрыстойнай грубай форме". Пацярпелыя міліцыянты ж ацанілі яго як "зневажальны гонар і годнасць, як службовай асобы, так і чалавека". Ні Каляда, ні Тарасевіч на судовы працэс не з'явіліся, а суд абвясціў пратаколы іх допытаў па час следства па справе.

Сам абвінавачаны Коктыш сваю віну прызнаў. На судзе ён распавёў, што, убачыўшы фатаграфіі міліцыянтаў і прачытаўшы, як тыя здзяйсняюць супрацьзаконныя дзеянні ў дачыненні да грамадзян, паддаўся эмоцыям — і напісаў той каментар.

Хроніка разгортвання крымінальнага пераследу Коктыша такая:

  • 20 студзеня 2022 года складзены пратакол агляду старонкі карыстальніка, які размясціў фатаграфіі міліцыянтаў Каляды і Тарасевіча (пад якімі ў прыватнасці Коктыш і пакінуў свой "абразлівы" каментар).
  • 21 студзеня 2022 года Каляда і Тарасевіч даведаюцца пра існаванне каментара ў "Аднакласніках". Даведаюцца не самі, а дзякуючы кіраўніцтву і супрацоўнікам аддзела УУБ МУС Беларусі.
  • У той жа дзень Каляда і Тарасевіч "просяць начальніка УУС Брэсцкага выканкама ўстанавіць асобу і прыцягнуць да адказнасці карыстальніка", пад чыім нікнэймам і быў пакінуты каментар.
  • 24 студзеня 2022 года імя карыстальніка ўстаноўлена — гэта Дзмітрый Коктыш.
  • 23 лютага 2022 года над каментаром праводзіцца судовая лінгвістычная экспертыза, якая ўстанаўлівае яго "негатыўную ацэнку" Каляды і Тарасевіча.
  • 16 сакавіка 2022 года Коктыша затрымліваюць, праводзяць асабісты ператрус і адбіраюць у яго мабільны тэлефон, з якога ён пісаў каментары. Коктыша адпраўляюць у ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён праводзіць трое сутак, а затым яго адпускаюць пад асабістае даручальніцтва.

Сярод рэчыўных доказ па крымінальнай справе — толькі скрыншоты старонак "аднакласнікаў" на 17 лістах і мабільны тэлефон Коктыша.

У выніку суддзя Іван Грынкевіч прызначыў Коктышу пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў. Акрамя таго, Коктыш павінен выплаціць двум пацярпелым міліцыянтам па 1000 беларускіх рублёў кожнаму як кампенсацыю іх маральнай шкоды, атрыманай ад каментара. Праўда, Коктыш іх ужо паспеў выплаціць да суда, таму прысуд у гэтай частцы лічыцца выкананым.


І зноў

У той жа дзень — 5 траўня — і той жа суддзя Іван Грынкевіч, суддзя суда горада Жодзіна асудзіў па тым жа артыкуле (абразу прадстаўнікоў улады) яшчэ і Аляксандра Шутко.

Пацярпелымі выступілі ўсё тыя ж міліцыянты Каляда і Тарасевіч, а следства па крымінальнай справе было ідэнтычна справе Дзмітрыя Коктыша. За выключэннем невялікіх дэталяў: 3 лютага ў Шутко ў кватэры правялі ператрус, у выніку чаго і выявілі яго мабільны тэлефон, а пазней Шутко быў затрыманы і прабыў у ІЧУ двое сутак — з 16 па 17 сакавіка 2022 года.

Падчас судовага працэсу Шутко прызнаў сваю віну.

Суддзя Грынкевіч прысудзіў Аляксандра Шутко да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам на два гады, а таксама пастанавіў выплаціць па 1000 беларускіх рублёў матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды кожнаму міліцыянту.


Сярод доказаў віны — стужачкі і сцягі пэўных кветак

19 траўня суд Ленінскага раёна горада Мінска ў складзе суддзі Юліі Шут разгледзеў справу ў дачыненні да Георгія Цыкіна. Яго абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 369 КК — абраза прадстаўніка ўлады.

Дом правасуддзя ў Мінску

Пасада ў абражанага прадстаўніка ўлады — старшы ўчастковы інспектар міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна горада Гродна.

Георгій Цыкін сваю віну прызнаў. Ён распавёў, што ў стужцы навін Facebook убачыў у аднаго з карыстальнікаў публікацыю з мноствам фатаграфій гэтага супрацоўніка АУС. Цыкін "паддаўся ўсеагульнаму негатыўнаму настрою" і пакінуў пад гэтай публікацыяй каментар, які і быў расцэнены самім супрацоўнікам АУС як "абразлівы і той, яки ганьбіць  гонар".

Суд пастанавіў, што паказанні пацярпелага струдніка АУС пацвярджаюць вінаватасць Цыкіна. А акрамя гэтага яе пацвярджаюць і:

  • Пратакол агляду старонкі Facebook,
  • Пратакол агляду каментара на старонцы Facebook (з удзелам "спецыяліста кампутарнай інфармацыі"),
  • Пратакол агляду звестак аб "пастаянных выхадах у Інтэрнэт" Цыкіным,
  • Пратакол агляду тэлефона Цыкіна, падчас якога там быў знойдзены Facebook.

А сярод рэчыўных доказаў віны Цыкна былі:

  • "вырабы ў выглядзе двух палотнаў з выявай герба Пагоня",
  • бел-чырвона-белы сцяг
  • "сцяг чырвона-чорнага колеру"
  • "сцяг сіне-жоўтага колеру"
  • "стужачкі чырвонага колеру з арнаментам белага колеру"
  • "стужачкі жоўта-сіняга колеру"

Усе гэтыя рэчавыя доказы суддзя Шут пастанавіла знішчыць. А Георыя Цыкіна ён прысудзіў да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў. Акрамя таго, спагнаць з Цыкіна кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелага супрацоўніка АУС памерам у 1500 беларускіх рублёў.


І зноў "Аднакласнікі"

31 мая ў судзе Аршанскага раёна і горада Оршы вынесены прысуд па крымінальнай справе Аляксандра Несцерава, які абвінавачваецца ў абразе прадстаўніка ўлады (арт.

Справу разглядала суддзя Іна Кохава.

Суд Оршы і Аршанскага раёна. Фота: Беларускае Радыё Рацыя

Паводле абвінавачвання, Аляксандр Несцераў у адным з каментароў у "Аднакласніках" дапусціў абразлівыя выказванні ў бок двух супрацоўнікаў міліцыі з горада Горкі. Лінгвістычная экспертыза прызнала гэта ненарматыўнай формай маўленчага выказвання.

Інфармацыі аб судовым працэсе няшмат, аднак вядома, што суд пастанавіў пакараць Несцерава абмежаваннем волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два з паловай гады (т.зв. "хімія").


Адзін званок — два гады "хіміі"

2 чэрвеня суд Асіповіцкага раёна і горада Асіповічы асудзіў 45-гадовую бабруйчанку. Пра гэта паведамляе Бобруйск Online. Жанчыну прызналі вінаватай у абразе прэзідэнта.

Паводле версіі абвінавачвання, 4 студзеня бабруйчанка патэлефанавала на лінію "102" аператыўна-дзяжурнай службы УУС Бабруйскага гарвыканкама і выказала сваё стаўленне да Лукашэнкі.

Падчас судовага працэсу сваю віну бабруйчанка не прызнала. Суд прысудзіў яе да пакарання ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ тэрмінам на два гады.


Спаліць сувенірны сцяжок

10 чэрвеня ў судзе Воршы і Аршанскага раёну вынесены прысуд па крымінальнай справе палітвязняў Вячаслава Лютынскага і Дзмітрыя Матусевіча. Іх абвінавацілі ў здзеку над дзяржаўнымі сімваламі (арт. 370 КК).

Працэс вёў суддзя Дзмітрый Разумовіч.

Сяброў затрымалі 18 студзеня 2022 года па падазрэнні ў падпале дзяржаўнага сцяга Беларусі. Да суда абодва былі змешчаныя ў СІЗА № 2 Віцебска.

Паводле матэрыялаў абвінавачвання, у адзін са студзеньскіх вечароў 2021 года прыяцелі набылі ў краме дзяржаўны сувенірны сцяжок і на выхадзе спрабавалі яго спаліць. Гэта заўважыў ахоўнік крамы і выклікаў міліцыю.

Дзмітрый Матусевіч — з шматдзетнай сям'і. З малых гадоў дапамагаў гадаваць брата і сястру, паколькі дзеці былі без бацькі.

Суд прызнаў Дзмітрыя Матусевіча і Вячаслава Лютынскага вінаватымі і прысудзіў кожнага да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.

Як беларусаў судзілі за абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады? Вялікая падборка дыфамацыйных прысудаў

Планы пасля смерці Лукашэнкі: "Буду адзначаць тыдзень". Каментар пачынаўся з літары "Ч". Прэстыж усюды падарваны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства