"Яму і так далі не малы тэрмін, але і гэтага ім аказалася мала". Палітвязня Ягора Дуднікава пераводзяць з калоніі ў турму
Сёння, 15 чэрвеня, суд Бабруйскага раёна і Бабруйска узмацніў рэжым зняволення 21-гадоваму палітзняволенаму расейцу Ягору Дуднікаву, якога асудзілі па шэрагу "пратэсных" артыкулаў да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Павел Карцінін пастанавіў змяніць Ягору рэжым з узмоцненага на турэмны на тры гады. У бабруйскай калоніі палітвязень прабыў толькі тры месяцы, у траўні яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. У хуткім часе палітвязня перавядуць у адну з турмаў Беларусі.
Як распавяла маці Ягора, у бабруйскай калоніі яго прымушалі пісаць тлумачальныя запіскі, чаму ён нібыта не прыбіраецца, не выцірае пыл і г.д. А Ягор, каб не ісці на канфлікт, пісаў гэта. У траўні Дуднікава змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Маці сказалі, што там ён будзе знаходзіцца да ліпеня і яго вернуць у атрад. Але супраць палітвязня накіравалі матэрыялы ў суд.
"Мне сказалі, што былі нязначныя парушэнні. Я і не перажывала, чакала. І вось, як гром сярод яснага неба, гэты суд. Сама ў шоку ад гэтага.
Ягор быў настроены вельмі аптымістычна, вельмі хацеў запісацца ў гурткі. Яны яму адмовілі ва ўсім. Яму і так далі не малы тэрмін, але і гэтага ім аказалася мала", — распавядае маці Ягора.
Нагадаем, Ягора Дуднікава затрымалі 4 траўня 2021 года ў Мінску і змясцілі ў СІЗА КДБ. Пры затрыманні ён быў збіты, яго катавалі.
"Мяне затрымалі 4 траўня 2021 года жорстка. Паспець уцячы не было сіл. Іх было шмат — я адзін. Я адразу зразумеў "што да чаго": працаваў ГУБАЗ, не шкадуючы рук, — білі нагамі і рукамі пры затрыманні. Крычалі: "Мразь, дабегаўся?" У мяне ўсё ў вачах пацямнела... Былі і супрацоўнікі КДБ. Яны паводзілі сябе інтэлігентна ў адрозненне ад ГУБАЗа — размаўлялі і здымалі на відэа. Яны сказалі, што я — Злойбэт (гэта акаўнт у тэлеграм-канале «ОГСБ», адзін з каналаў беларускай апазіцыі — рэд.). Наступствамі затрымання сталі сінякі і расколаты зуб. Мне сказалі, што я заклікаў людзей да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Таксама тое, што я агучваў відэаролікі, якія ў наступным размяшчаліся на ютуб-канале Ботогсб/ партызанскібот", — распавёў Ягор праз адваката.
Хлопцу прад'явілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Потым яму таксама выставілі абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) Крымінальнага кодэкса. Адваката Ягора Антона Гашынскага пазбавілі ліцэнзіі ў Беларусі.
20 снежня 2021 Мінскі гарадскі суд распачаў разгляд справы ў закрытым рэжыме. 27 снежня абвесцілі прысуд Ягору: 11 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое пакаранне вынес суддзя Сяргей Хрыпач па прапанове пракуроркі Жанны Баранавай. 25 лютага 2022 суддзя Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі разгледзеў апеляцыйную скаргу Ягора і пакінуў прысуд ў сіле.
У сярэдзіне сакавіка Ягор Дуднікаў быў этапаваны ў бабруйскую калонію № 2.
Падтрымаць Ягора лістамі можна па адрасе:
ПК № 2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1
Ягору Аляксандравічу Дуднікаву