Юрыю Жукоўскаму, якога днямі ўнеслі ў спіс "тэрарыстаў", прысудзілі 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
Мужчыну абвінавацілі ў масавых беспарадках (ч. 1 арт. 293 КК), грубым парушэнні парадку (ч. 1 арт. 342 КК), распальванні варожасці (ч. 1 арт. 130 КК) і абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).
У суд Гродзенскай вобласці крымінальная справа ў дачыненні да Юрыя Жукоўскага была накіравана яшчэ 20 красавіка 2022 года. Самога мужчыну заключылі пад варту. Да вынясення прысуду меру ўтрымання для абвінавачанага не змянялі.
Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык.
Паводле версіі абвінавачвання, у "дэструктыўным тэлеграм-канале з чэрвеня да кастрычніка 2020 года мужчына размяшчаў публікацыі, у якіх падштурхоўваў да супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да прадстаўнікоў пракуратуры, органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, вайскоўцаў, кіраўнікоў і супрацоўнікаў адміністрацый гарадоў, сродкаў масавай інфармацыі".
Таксама ў віну мужчыну ставяць тое, што чэрвені-жніўні 2020 года, таксама ў інтэрнэце, ён размяшчаў паведамленні, у якіх "заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над людзьмі, пагромамі, падпаламі, знішчэннем адміністрацыйных будынкаў, папраўчых устаноў, а таксама да ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады".
Акрамя гэтага, паводле версіі абвінавачвання, таксама ў чэрвені-жніўні 2020 года Юрый Жукоўскі пакінуў у інтэрнэце абразлівыя каментары ў адрас Лукашэнкі.
10 чэрвеня 2022 года КДБ Беларусі ўнес Юрыя Жукоўскага ў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".
16 чэрвеня праваабаронцы даведаліся пра вынікі судовага разбіральніцтва па справе Юрыя Жукоўскага. Суд Гродзенскай вобласці прызнаў мужчыну вінаватым у масавых беспарадках (ч. 1 арт. 293 КК), грубым парушэнні парадку (ч. 1 арт. 342 КК), распальванні варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і прысудзіў Юрыю Жукоўскаму 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.