viasna on patreon

Затрыманні ў Баранавічах, папаўненне спісаў экстрэмісцкіх матэрыялаў: пераслед 17 чэрвеня Дапоўнена

2022 2022-06-17T16:58:00+0300 2022-06-30T14:51:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/branavicki_9w.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Барысаве зноўку затрымалі партыйную актывістку, кіраўнічку Мінскай абласной рабочай групы "Жанчыны БСДП" Ганну Скачак

Нагадаем, роўна тыдзень таму яе аштрафавалі за рэпост у адну з сацыяльных сетак відэа са свастыйкай.


Супраць затрыманай галоўрэдкі ABW.by распачалі крымінальную справу

Праўладны тэлеграм-канал "Цэнтр Э" апублікаваў відэа з затрыманай галоўрэдкай сайта ABW.by Юліі Мудрэўскай. Як сцвярджае канал, супраць яе распачалі крымінальную справу. Па якім менавіта артыкуле распачата справа, канал не ўдакладняе.

Як піша "Цэнтр Э", галоўрэдка ў карпаратыўных паведамленнях заахвочвала падпалы машын журналістаў, удзельнічала ў пратэстах, кідалася ў сілавікоў камянямі і ішла першай у калоне атакавалага натоўпу для захопу аднаго з РУУС Мінска.Да паста канала прыкладаецца спасылка на відэа з затрыманай. Яна распавядае на камеру, што ў жніўні і верасні 2020 года ўдзельнічала ў "несанкцыянаваных мерапрыемствах з перакрыццем дарог".

16 чэрвеня телеграм-канал "Цэнтр Э" паведаміў аб затрыманні траіх супрацоўнікаў аўтамабільнага сайта ABW.bу. Па інфармацыі выдання "Люстэрка", разам з галоўным рэдактарам затрымалі выпускае рэдактара і вядучага сацсетак.

У "пакаяльным відэа" адзін з затрыманых супрацоўнікаў выдання распавядаў, што»ў жніўні 2020 года публікаваў у працоўным чаце паведамленні з заклікам да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі".

Таксама затрыманыя рэдактар рэкламных праектаў Юрый Гладчук і выпускаючы рэдактар Вадзім Зянкевіч. Паведамляецца, што Гладчуку інкрымінуецца арт. 342 Крымінальнага кодэкса.


Супрацоўнік «Нафтана» Барыс Жахоўскі ўжо пяць дзён трымае сухую галадоўку ў ІЧУ

Барыса тройчы асудзілі па адміністрацыйных пратаколах агулам на 45 сутак арышту.


Палітвязня Ігара Аліневіча ў калоніі адправілі ў ШІЗА на 20 сутак 

Былы палітвязень Ігар Аліневіч

Актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, асуджанага да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, па прыбыцці ў ПК-20 проста з каранціну адправілі ў ШІЗА. Вядома, што яго ўжо двойчы каралі 10 суткамі ў штрафным ізалятары па надуманых прычынах. Пры гэтым за 21 месяц у зняволенні Ігара ніводнага разу не каралі ізалятарам.

Але палітвязень у добрым настроі і падзяліўся са сваякамі, што атрымаў ліст з волі з вядомымі словамі пра тое, што «першымі ў канцлагеры не вытрымлівалі тыя, хто спадзяваўся на хуткае вызваленне, потым — тыя, хто наогул не верыў, а выжылі тыя, хто жыў сённяшнім днём». Ігар перадаў, што цалкам згодны з гэтым выказваннем і перажываць за яго не трэба.

Падтрымайце Ігара лістамі салідарнасці: ПК №20, 247755, Гомельская вобл., Мазырскі р-н, Міхалкоўскі сельсавет, 70, Ігару Уладзіміравічу Аліневічу


Стала вядома, у чым абвінавачваюць адваката Данілевіча 

danilevich_9w.jpeg
Аляксандр Данілевіч

Як паведамляе экс-адвакат Дзмітрый Лаеўскі, з раскладу суда стала вядома, што адвакат Аляксандр Данілевіч абвінавачваецца па частцы 3 артыкула 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый), альбо распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі).

Данілевіч — паспяховы адвакат, які спецыялізуецца на прадстаўленні інтарэсаў кліентаў у міжнародным камерцыйным арбітражы. У красавіку 2022 года Аляксандра з-за грамадзянскай пазіцыі звольнілі з Факультэта міжнародных адносінаў БДУ. Ён працаваў там 20 гадоў.

Аляксандр перастаў выходзіць на сувязь 20 траўня. Пазней стала вядома, што ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Па якім артыкуле затрымалі Данілевіча — невядома.


Затрыманне спартсмену, які падпісваў ліст супраць гвалту

Уладзімір Бранавіцкі
Уладзімір Бранавіцкі

Праваабаронцам "Вясны" паведамілі, што 16 чэрвеня ў Баранавічах затрымалі 54-гадовага масцера спорту па паўэрліфцінгу Уладзіміра Бранавіцкага. Мужчыну затрымалі дома, пасля затрымання сілавікі пакінулі дом адкрытым.

Вядома, што Бранавіцкі падпісваў ліст аб спыненні рэпрэсій ад імя спартоўцаў у канцы жніўня 2020 года. Затрыманы пакуль на 72 гадзіны.


Затрыманы фатограф, які пакідаў краіну праз палітычны пераслед

16 чэрвеня ў Баранавічах затрымалі 55-гадовага фатографа з Барановіч Аляксандра Кудловіча. Ён быў вымушаны выехаць у Расію праз палітычны пераслед у 2020 годзе, але з-за пратэрмінаванага пашпарта і пачатку вайны вярнуўся ў Беларусь у траўні. Яму інкрымінуюцца артыкулы 368 (абраза Лукашэнкі) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. 


Новыя "экстрэмісцкія матэрыялы"

Telegram-канал "Малады фронт Беларусь" прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі судом Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці 6 чэрвеня.

Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў патрапілі відэаролікі на Youtube "Линейка Борисовского медицинского колледжа 2 сентября", "Борисов. Бастует медколледж""Борисовский государственный медицинский колледж бастует! Учащиеся и преподаватели собрались у входа". Такое рашэнне прыняў суд Крупскага раёна ад 14 чэрвеня 2022 года. Гэтым жа судом прынята рашэнне аб прызнанні экстрэмісцкім цяпер лічыцца акаунт у TikTok @macahon


Затрыманне ў Ваўкавыску

Жыхара Ваўкавыска і супрацоўніка "Беллакт" затрымалі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Таксама ў снежні 2020 года ў інтэрнэце ён нібыта абразіў Лукашэнку і дзяржаўныя сімвалы. Ён абавязаўся выдаліць усе "забароненыя" матэрыялы з сацсетак.


КДБ унёс яшчэ 14 чалавек у спіс датычных да тэрарыстычнай дзейнасці

Жоўтая бірка з калоніі Арцёма Касакоўскага
Жоўтая бірка з калоніі Арцёма Касакоўскага

Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс яшчэ 14 чалавек у спіс арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, вынікае з абноўленых звестак Камітэта.

У пераліку з'явіліся зняволеныя Арцём Касакоўскі, Ягор Лянкевіч, Аляксандр Жмуро, Уладзімір Гемза, Ягор Міхаленка, Андрэй Жалкоўскі, Генадзь Сеўрук, Кірыл Канюк, Аляксей Забіран, Аляксей Багдзей, Аляксей Мандзік, Дзяніс Дзікун, Дзмітрый Равіч, Алег Малчанаў.

За апошнія дзесяць дзён у спіс датычных да тэрарыстычнай дзейнасці дадалі 26 чалавек, 11 сярод праз артыкул аб распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці (арт. 130 Крымінальнага кодэкса).


У Мінску затрымалі мастака, які выкладаў у цэнтры дадатковай адукацыі "Маяк"

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, дзе з'явілася "пакаяльнае" відэа, прычына: рэгістрацыя ў плане "Перамога" і спроба ўступіць у полк Каліноўскага. Як вынікае з відэа і допісу, хлопец — сірата, яму 19 гадоў, скончыў мастацкі каледж. Гэта Андрэй Раптуновіч, які ўжо амаль месяц атрымліваецца на "сутках".

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства