За "ўзурпатара" абвінавачанне запрасіла для актывісткі паўтара года калоніі
У судзе Маларыцкага раёна 17 чэрвеня працягваўся разгляд крымінальнай справы мясцовай актывісткі Партыі БНФ Людмілы Рамановіч. Яе абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэкса) з-за ліста, які жанчына даслала ў Следчы камітэт.
Справу разглядае суддзя Вольга Смірнова, дзяржабвінаваўца – пракурор Фёдар Міховіч.
Напачатку сакавіка 2022 года палітзняволеная Людміла Рамановіч звярнулася з лістом-пратэстам на сайт Адміністрацыі Лукашэнкі. Жанчына выказала пратэст супраць удзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны.
22 сакавіка актывістку затрымалі, 4 красавіка ў доме Людмілы Рамановіч прайшоў ператрус, а 7 красавіка яе змясцілі ў СІЗА горада Берасця.
Падчас абвяшчэння абвінавачання высветлілася, што падставай для крымінальнага пераследу актывісткі з'яўляецца слова "ўзурпатар" з яе ліста ў Следчы камітэт.
Сёння ў судзе адбыліся спрэчкі бакоў.
Пракурор Міховіч запрасіў суд прызначыць 57-гадовай палітзняволенай пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на адзін год і 6 месяцаў.
Прысуд актывістцы будзе агучаны 21 чэрвеня а 10-й гадзіне.