viasna on patreon

Прыбіральшчыца, рэабілітолаг, машыніст і ліквідатарка аварыі на ЧАЭС. Каго і як судзілі за абразы прэзідэнта, суддзі, міліцыянтаў і ваеннага камісара?

2022 2022-06-20T15:29:47+0300 2022-06-27T15:14:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/puhavichy_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні паводле крымінальных спраў, звязаных з нецярпімасцю беларускіх улад да любых формаў праяваў пратэсту. Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ).

Тут сабраныя прысуды, якія сталі вядомыя праваабаронцам за апошні час.


Суд Пухавіцкага раёна. Фота з сайта wikimapia.org
Суд Пухавіцкага раёна. Фота з сайта wikimapia.org

Кансультант-рэабілітолаг, званок на «102» і абражаны прэзідэнт

11 красавіка ў судзе Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці асудзілі кансультанта-рэабілітолага Руслана Лазавікова. Ён, паводле абвінавачвання, абразіў Лукашэнку, патэлефанаваўшы ў стане алкагольнага ап'янення на мясцовую лінію «102». Гэта было кваліфікавана паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса — «Публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Сваю віну Лазавікоў прызнаў часткова. Падчас судовага пасяджэння ён растлумачыў, што спіртное сапраўды ўжываў, але ўначы (прыкладна а 3-4-й гадзіне), а на лінію «102» патэлефанаваў зранку (прыкладна а 10-й гадзіне) — такім чынам, падчас тэлефанавання быў не нападпітку, а «проста быў сонны». Наогул ён тэлефанаваў на лінію «102» тройчы:

  1. спытаў, як падаць заяву аб смерці бацькі,
  2.  сказаў, што хоча абразіць прэзідэнта і пайсці паводле крымінальнага артыкулу — пасля чаго вымавіў нецэнзурныя словы (але без прывязкі да якой-небудзь асобы),
  3. удакладніў, калі па яго прыедуць, апрануўся і выйшаў на вуліцу чакаць супрацоўнікаў міліцыі.

Суддзя Вольга Бабук палічыла Руслана Лазавікова вінаватым, а сваю пазіцыю растлумачыла наступным чынам:

  • Лазавікоў (пасля інцыдэнту з тэлефанаваннямі) напісаў чыстасардэчнае прызнанне, у якім адзначыў, што тэлефанаваў на «102» — а гэта з'яўляецца пэўным доказам.
  • Падчас другога тэлефанавання Лазавікоў прамовіў нецэнзурныя словы ўсё ж такі ў адрас прэзідэнта, а не «без прывязкі да якой-небудзь асобы».
  • Нецэнзурныя словы — гэта абраза, і яна з'яўляецца публічнай, таму што выказана ў прысутнасці яшчэ аднаго чалавека — супрацоўніка Пружанскага РАУС, які, уласна, і прымаў тэлефанаванне на лініі «102».
  • Словы Лазавікова пра тое, што ён піў а 3-4-й гадзіне ночы, усё ж варта тлумачыць як тое, што падчас тэлефанавання ён быў у стане алкагольнага ап'янення — а гэта з'яўляецца акалічнасцю, што абцяжарвае адказнасць.

У выніку суддзя прызначыў Руслану Лазавікову пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (т. зв. «хатняя хімія») тэрмінам на паўтара года. Акрамя таго, мабільны тэлефон Лазавікова суд пастанавіў канфіскаваць у прыбытак дзяржавы, а сім-картку, з якой той заходзіў у інтэрнэт, — знішчыць.


Ліквідатарка аварыі на ЧАЭС — актыўная карыстальніца «экстрэмісцкіх» каналаў

6 траўня ў судзе Цэнтральнага раёна горада Гомеля вынеслі прысуд Алене Нараленкавай, якую абвінавацілі ў абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 1. арт. 368 КК).

Паводле абвінавачвання, Нараленкава абразіла прэзідэнта праз паведамленне ў мэсэнджары Telegram. Сама Алена віну не прызнала і падчас судовага пасяджэння выказала здагадку, што ейны каментар ускосна можна расцаніць як абразлівы для прэзідэнта, але такога намеру ў яе не было. І наогул, ейнае паведамленне было адрасаванае не прэзідэнту, а іншаму чалавеку — карыстальніку, які напісаў каментар з выкарыстаннем фраз, выказаных Лукашэнкам. Гэта значыць, што Нараленкава адказвала на каментар іншага карыстальніка.

Суд у асобе суддзі Сяргея Кармановіча гэтаму не паверыў. Але ўзяў пад увагу тое, што Нараленкава з'яўляецца «актыўнай карыстальніцай і падпісчыцай экстрэмісцкіх Telegram-каналаў».

Вядома, што Алена Нараленкава мае статус удзельніцы ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама пацярпелай ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і мае хранічнае захворванне. Гэта падчас вынясення прысуду суд прызнаў акалічнасцямі, што змякчаюць адказнасць. Аднак вылучыў і акалічнасці, што яе абцяжарваюць, — а гэта «здзяйсненне злачынства паводле матываў палітычнай варожасці, пра што сведчаць шматлікія фразы і каментары, якія размяшчаюцца Нараленкавой у адкрытым доступе ў Інтэрнэце».

У выніку суддзя Кармановіч прызначыў Алене Нараленкавай пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ (т. зв. «хатняя хімія») тэрмінам на паўтара года. Акрамя таго, мабільны тэлефон жанчыны, з якога яна пісала каментар, суд пастанавіў канфіскаваць.


Былая «адміністратыўка» ўплывае на прысуд па «крыміналцы»

18 траўня ў судзе горада Наваполацка Віцебскай вобласці асудзілі Данііла Раманава. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) — камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы.

Паводле абвінавачвання, Раманаў убачыў у адной з Telegram-груп публікацыю са здымкам Балабы і пакінуў там каментар, тэкст якога быў прызнаны негатыўнай ацэнкай Балабы ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў.

Камандзір АМАП ГУУС Мінгаріспалкома Дзмітрый Балаба. Скрыншот СТБ
Камандзір АМАП ГУУС Мінгаріспалкома Дзмітрый Балаба. Скрыншот СТБ

Каментар Раманаў напісаў у ноч з 16 на 17 лістапада 2020 года. А крымінальны пераслед пачаўся праз год: 16 лістапада 2021-га былі праведзеныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, падчас якіх вывучаўся акаўнт і профіль, з якога быў напісаны каментар. 16 сакавіка 2022, паводле рапарту, было вызначана, што акаўнт належыць Даніілу Раманаву. А ён, акрамя гэтага, «з'яўляецца актыўным удзельнікам розных Telegram-супольнасцяў, у тым ліку тых, што з'яўляюцца экстрэмісцкімі». Ужо праз два дні, 18 сакавіка 2022 года, Раманаў даў міліцыі тлумачэнне, у якім «добраахвотна заявіў пра здзейсненае ім злачынства» — на той момант ён яшчэ не меў статусу падазраванага, таму гэта было прызнана яўкай з пакаяннем. У далейшым суд у асобе суддзі Віталя Лапко ўлічыў гэта як акалічнасць, якая змякчае адказнасць. А акалічнасцю, якая абцяжарвае яе, суд прызнаў тое, што раней Раманаў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Таму, як растлумачыў сваю пазіцыю суддзя Лапко, «выпраўленне абвінавачанага магчыма толькі ва ўмовах кантролю за ягонымі паводзінамі з боку супрацоўнікаў папраўчых устаноў».

У выніку Даніілу Раманаву прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на паўтара года з накіраваннем у ПУАТ («хімія»). Акрамя гэтага, Раманаў павінен выплаціць камандзіру АМАП Балабу 1 500 беларускіх рублёў у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды. А мабільны тэлефон, з якога быў напісаны каментар, суд пастанавіў пакінуць пад арыштам.


Падрабязнасці невядомыя

23 траўня ў Мінскім раённым судзе вынесены прысуд Цімуру Міронаву. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса («абраза прадстаўніка ўлады») і асудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі»). Таксама ён павінен выплаціць адну тысячу беларускіх рублёў кампенсацыі маральнай шкоды на карысць прадстаўніка ўлады, якога ён «абразіў» сваім каментаром. Прысуд агучыў суддзя Антон Колабаў. Падрабязнасці справы невядомыя.


Памочнік машыніста, суддзя Філатаў і «Дошка ганьбы»

24 траўня суд Навагрудскага раёна вынес прысуд Сяргею Чарнецкому — жыхару горада Ліды, які працуе памочнікам машыніста дызель-цягніка. Яго прызналі вінаватым у абразе суддзі (арт. 391 КК) — Максіма Філатава, які працуе ў судзе горада Ліда.

maksim_filatau.jpg
Суддзя Максім Філатаў

Суддзя Максім Філатаў вядомы тым, што вынес прысуд у пяць гадоў калоніі актывісту Вітольду Ашурку. 21 траўня 2021 года Вітольд памёр у калоніі пры нявысветленых акалічнасцях.

А паводле абвінавачвання ў дачыненні да Сяргея Чарнецкага, той пад допісам са здымкам Філатава ў Telegram-канале «Дошка ганьбы» пакінуў абразлівы каментар.

Падчас дасудовага следства было складзена не менш за шэсць пратаколаў агляду каментароў на адрас Філатава на «Дошцы ганьбы». Акрамя таго, сілавікі правялі следчы эксперымент, падчас якога Чарнецкі са свайго мабільнага тэлефона зайшоў у свой акаўнт у Telegram, а пасля ў Telegram-чат, дзе быў пакінуты каментар. Усё гэта лягло ў абвінаваўчы прысуд.

Падчас судовага пасяджэння Сяргей Чарнецкі прызнаў віну цалкам. У выніку суддзя Васіль Аляхновіч прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў ПУАТ («хатняя хімія»). А мабільны тэлефон, з якога Чарнецкі пісаў паведамленне, суд пастанавіў канфіскаваць.


Абраза і куст дзікарослых канопляў

26 траўня ў судзе Івацэвіцкага раёна разгледзелі справу ў дачыненні да рабочага мясцовага ААТ Юрыя Басалая. Яго абвінавацілі адразу паводле двух артыкулаў: «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка ці перасыланне наркатычных сродкаў» (ч. 1 арт. 328 КК).

Усё пачалося 9 лістапада 2020 года. У той дзень Басалай у адным з Telegram-чатаў пад пастом з фатаграфіяй супрацоўніка АМАП напісаў каментар са словам «тварь». Гэтым Басалай падтрымаў меркаванне большасці ўдзельнікаў чата, якія абмяркоўвалі амапаўца. Як паведамляе "Берасцейская Вясна", гэтым амапаўцам быў падпалкоўнік міліцыі Мікалай Гарэлікаў.

Праз год, у сярэдзіне лістапада 2021-га, Юрый Басалай вырашыў з'ездзіць на поле паблізу ад адной з вёсак Івацэвіцкага раёна, каб нарваць там лісце дзікарослых канопляў для асабістага ўжывання. Там ён убачыў невялікую палянку канопляў — сарваў некалькі кустоў і склаў іх у пакет. Туды і назад дабіраўся на спадарожных машынах. Затым у сваёй кватэры Юрый падзяліў сабраныя каноплі на дзве часткі — адну скурыў на працягу некалькіх месяцаў, а другую захоўваў у слоіку на сваёй кухні, у маразільнай камеры лядоўні.

1 сакавіка 2022 года ў кватэру да Юрыя наведаліся супрацоўнікі міліцыі ў межах крымінальнай справы, распачатай за абразу амапаўца. Яны і знайшлі ў халадзільніку слоік «з нейкім сыпкім рэчывам». Калі адзін з міліцыянтаў паставіў ёмістасць на стол, то Басалай схапіў яе і паспрабаваў выкінуць праз акно — аднак супрацоўнікі міліцыі паспелі яму перашкодзіць. Тады Юрый прызнаўся, што ў слоіку знаходзіцца марыхуана.

Акрамя таго, падчас агляду кватэры былі забраныя мабільны тэлефон, два ноўтбукі, а таксама пратэсныя стыкеры і бел-чырвона-белы сцяг. А самога Юрыя Басалая адправілі пад варту. Там ён, не маючы іншай магчымасці, прасіў сваю жонку прынесці за яго прабачэнні пацярпелым амапаўцам.

Сам супрацоўнік АМАПу падчас судовага працэсу расказаў, што працуе ў органах унутраных спраў з 1990 года, мае дзяржаўныя ўзнагароды, а каментар са словам «тварь» падарваў ягоны аўтарытэт сярод калегаў і блізкіх, а таксама зняважыў яго ў вачах сваякоў.

Юрый Басалай на судзе адзначыў, што каментар напісаў з уласнай дурасці. Ён тады паддаўся эмоцыям, а цяпер цалкам прызнае віну, вельмі шкадуе і раскайваецца.

Чыстасардэчнае раскаянне Басалая было прызнана судом як акалічнасць, якая змякчае адказнасць. Але суд убачыў і акалічнасць, якая яе абцяжарвае, — гэта здзяйсненне злачынства (то бок напісанне каментара) у стане, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў. Аднак сам Юрый сцвярджаў, што падчас напісання паведамлення ён нічога не ўжываў. Акрамя таго, абарона Басалая падчас судовага працэсу настойвала на тым, каб выключыць гэта з абвінавачвання, бо органы крымінальнага расследавання гэты момант няслушна трактавалі. Але суд да довадаў абароны не прыслухаўся.

У выніку суддзя Аляксадр Кірыловіч асудзіў Юрыя Басалая да зняволення тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.


Прыбіральшчыца і два міліцыянты

26 траўня ў судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска вынеслі прысуд прыбіральшчыцы вуліц аднаго з КУП — Алене Краўчанка. Яе прызналі вінаватай у абразе прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК) — двух пружанскіх міліцыянтаў: Сяргея Каляды і Тарасевіча.

Каляда і Тарасевіч у чарговы раз робяцца пацярпелымі ў межах крымінальнай справы, праз іх быў асуджаны не адзін чалавек. У «Аднакласніках» была размешчаная іх супольная фатаграфія з подпісам: «ГЭТА МЫ ўжылі задушлівы прыём супраць мірных грамадзян у Пружанах. Злева: інспектар па справах непаўнагадовых Тарасевіч. Справа: участковы інспектар міліцыі Каляда». Гэту публікацыю пракаментавала і Алена Краўчанка. За што яе і асудзілі.

Суд палічыў, што Краўчанка пакінула каментар, «падзяляючы і прытрымваючыся ідэі сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады». Сама Алена падчас судовага працэсу сваю віну прызнала і расказала, што, прачытаўшы допіс пра Каляду і Тарасевіча і іх дзеянні, абурылася і таксама напісала каментар.

Каляда і Тарасевіч на судовым пасяджэнні не выступалі і наогул туды не з'явіліся. У суд яны паслалі пазоў аб спагнанні з Алены Краўчанкі па 1 000 беларускіх рублёў кожнаму ў якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.

Суддзя Вольга Серакова да пазову прыслухалася і задаволіла яго. А таксама прысудзіла Алене Краўчанка абмежаванне волі на тэрмін адзін год без накіравання ў ПУАТ. Ейны тэлефон, з якога быў напісаны каментар, суд пастанавіў канфіскаваць.

Скрыншоты і стужачкі як доказ віны. Як беларусаў судзілі па дыфамацыйных артыкулах?

5 траўня суд горада Жодзіна Мінскай вобласці ў складзе суддзі Івана Грынкевіча асудзіў бацьку двух непаўналетніх дзяцей Дзмітрыя Коктыша. Яго абвінавацілі ў абразе двух прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК) — участковых інспектараў міліцыі аддзела ўнутраных спраў Пружанскага райвыканкама Сяргея Каляды і Тарасевіча.


Званок у вайсковы камісарыят праз падзеі ва Украіне прыводзіць да прысуду

Праваабаронцам стала вядома пра прысуд суда Пухавіцкага раёна паводле ч. 1. арт. 366 — «Гвалт або пагроза гвалтам, знішчэннем ці пашкоджаннем маёмасці ў дачыненні да службовай асобы». Пацярпелым з'яўляецца ваенны камісар Пухавіцкага раёна, якому адзін з жыхароў патэлефанаваў 3 сакавіка 2022 года, каб «пагутарыць з ім пра падзеі, якія адбываюцца ва Украіне, і паспрабаваць спыніць ваенныя дзеянні». Як растлумачыў сам абвінавачаны на судзе, падчас гутаркі ён на эмоцыях выказаў у адрас ваеннага камісара пагрозы гвалтам, бо той заклікаў грамадзян на вайсковую службу. Сваю віну абвінавачаны падчас судовага працэсу прызнаў цалкам.

Тэлефанаванне доўжылася 6 хвілінаў і 19 секунд. Суд палічыў, што «выказаная пагроза ўжывання гвалтам з'яўлялася рэальнай, таму што абвінавачаны, дзейнічаючы ва ўмовах напружанага ваенна-палітычнага становішча, зместам і формай сваіх выказванняў выклікаў у пацярпелага пачуццё страху за сваіх блізкіх». Сам ваенны камісар адзначыў, што пагрозы ўспрыняў рэальна, «бо ўпершыню апынуўся ў падобнай сітуацыі і, не ведаючы праўдзівых намераў і магчымасцяў абвінавачанага, пачаў асцерагацца за жыццё сваіх блізкіх».

Вядома, што абвінавачаны да суда знаходзіўся пад вартай. Суд прысудзіў яго да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў. Смартфон, з якога тэлефанавалі ў вайсковы камісарыят, належыць канфіскаваць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства