viasna on patreon

Гісторыі з жыцця палітзняволенага маладзечанца Аляксандра Казакевіча

2022 2022-06-21T13:51:36+0300 2022-06-21T16:45:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kazakevich_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Калі запытацца ў маці палітзняволенага маладзечанца Аляксандра Казакевіча Алены, як лепш называць ейнага сына, яна ўсміхнецца: «Для брата ён Шурык, для сяброў – Роб, а дзядуля ўвогуле казаў, што няма такога беларускага імя – Саша, таму называў яго Алесікам. Але Сашка і ёсць Сашка». Таму сёння яна распавядзе гісторыі з жыцця сына, якія крыху намалююць вам абрысы чалавека, які цяпер сядзіць за кратамі праз сваю пазіцыю.

Шурык

Аднойчы на маладзечанскім рынку, куды Саша-падлетак прыйшоў з маці, працаўнік кірмаша пачаў раўці на бабульку, якая прадавала прадукты з уласнай гаспадаркі. 

— Яна стаяла — старэнечкая, маленечкая, у гэтай хустачцы з натруджанымі ручкамі — венкі ўсе навонкі, — узгадвае маці палітвязня. — Спрабуе палічыць капеечкі, а гэты мужчына на яе: “Сабралася і пайшла адсюль!” І тут мой Сашка, у якога вельмі рана пачаў ламацца голас, як крыкне: “А НУ!” — і чалавек, пачуўшы гэтае дзіцё, спужана адступіўся ад бабулі. Так, Саша вельмі добры, але хавае гэта за маскай сур’ёзнасці. Але гэта ўсё адно становіцца відавочным! Яго вельмі любяць дзеці і жывёлы — вось каго не падманеш! І вельмі смешна, калі маленькія дзеці залазяць яму на шыю і плятуць косы з ягоных даўгіх валасоў, а ён церпіць.

 

kazakevich_6.jpg
Маленькі Саша з братам

Але вось чаго ён не можа вытрываць — так гэта несправядлівасці, выпадак з бабуляй — не адзіны, калі Саша заступіўся за слабейшага: для яго гэта правіла. Гэтак жа было і на пратэстах у ягоным родным Маладзечна ў 2020 годзе. Маці ўзгадвае, што Саша вельмі не хацеў, каб яна ішла, але калі яны ўсё ж апынуліся на Плошчы і ўсіх сталі лавіць, ён крыкнуў, каб жанчына ўцякала.

Спачатку я пабегла, успамінае Алена. ­А потым падумала: куды я магу бегчы, калі ў мяне там дзеці? І стала як укопаная. Тады на мяне з цемры сталі налятаць гэтыя людзі ў чорным ­— адзін, другі. Але не чапалі. А трэці — стукнуў мяне шчытом па грудзях. І я пачула, як Саша крычыць: «Мама!» і ляціць да мяне — перахапіў і адсунуў у бок. Потым мы знайшлі малодшага сына, і Саша назваў нам адрас кватэры, дзе трэба засесці і не высоўваць носу. Праз некаторы час ягоны знаёмы забраў нас адтуль. Памятаю, Саша патэлефанаваў і сказаў: «Праз хвіліну ўскоквайце ў машыну ля пад'езда». І мы ўскочылі, паехалі і толькі як кіроўца ўключыў фары, убачылі, як шмат гэтай «чорнай гразі» было вакол. Вось так у яго ўсё было дакладна прадумана.

Я вельмі люблю сваіх дзяцей і дзякую Богу, што яны менавіта такія, якія ёсць і шмат чаму мяне навучылі. 

Алесік

“Мама, я вообще не знаю: зачем мы сюда приехали, я не понимаю, что они говорят”, — так казаў маленькі Саша маці, калі яны прыязджалі да сваякоў у вёску, дзе размаўлялі больш трасянкай. Але калі прыйшоў час, адзіная беларускамоўная школа ў Маладзечна, куды спадарыня Алена аддала вучыцца сыноў, дала свой плён, яны пачалі цікавіцца беларускай культурай і гісторыяй, захацелі размаўляць на роднай мове. У сям’і сталі звыклымі дні, калі ўсе зносіны адбываліся выключна на беларускай мове.

kazakevich_3.jpg
Алесь з братам падчас сямейнага свята

­— Цяпер мне складана практыкаваць мову без асяродку, ­— уздыхае Алена. — Напрыклад, чаму сын добра ведае ангельскую? Бо пачаў захапляцца творчасцю Металікі — і яму было цікава ведаць, пра што яны спяваюць: сядзеў з вухам пад дынамікам і спрабаваў перакладаць песні. Таму ангельская мова ў яго таксама ішла «на ўра».  

Менавіта на беларускай, ангельскай і рускай Саша спяваў у музычных гуртах.

Роб

Калі Саша год пазаймаўся з рэпетытарам граць на гітары, то прыйшоў дадому і сказаў: “Усе, яна мяне больш нічому не навучыць”. Потым ён пачаў праглядаць відэазаняткі вядомых рок-музыкантаў, вучыцца граць у іх. На лецішчы ён спрабаваў зрабіць з суседскага хлапчука і брата гурт ­— намагаўся, каб кожны выконваў сваю партыю беззаганна, бо ён сам мае ідэальны слых. Калі крыху падрос, пачаў чым можа дапамагаць мясцовым рок-гуртам: напрыклад, расклейваць іх аб’явы. І аднойчы яго заўважылі і ўзялі граць у мясцовую каманду.   

kazakevich_2.jpg
Саша выступае на канцэрце

— Усе чамусьці лічаць, што “усе гэтыя рокеры — наркаманы і алкаголікі”, — смяецца Алена. — Але я заўсёды ўзгадваю гісторыю, як неяк Сашы вельмі доўга не было дома пасля рэпетыцыі. Я тэлефаную, а ён кажа: “Мама, я не магу прыйсці, тут нехта выкінуў сабачку, мы не ведаем, куды яго дзець”. Ну я і сказала, каб нёс дадому. Праз некаторы час чую званок у дзверы, адчыняю — а там хлопцы. Наперадзе мой маленькі, а ззаду ўсе гэтыя валасатыя, у татуіроўках і з ланцугамі трымаюць на руках маленькага чорнага шчанюка. Гэта была дзяўчынка, мы прыстроілі яе ў добрыя рукі, і яна прынесла ў свет шмат новых шчанюкоў. Так хлопцы выратавалі не адное жыццё. Цяпер гэтыя і іншыя Сашкавы сябры таксама мне вельмі дапамагаюць мне, памятаюць пра сына і нешта робяць для яго.

Творчасць палітзняволеных: якую музыку можна пачуць праз краты?

Цяпер, калі музыканты, выканаўцы, кампазітары вымушаныя быць у зняволенні, іхнімі галасамі могуць стаць людзі на волі.

Аляксандр Дзмітрыевіч Казакевіч

Раніцай 12 красавіка 2022 года Саша даслаў сябрам відэапаведамленне, у якім паспеў папярэдзіць, што па яго прыйшлі. Яго ўжо затрымлівалі восенню: тады пугай і пернікам угаворвалі падпісаць прызнанне аб тым, што ён спаліў “Табакерку” у горадзе, але мужчына не паддаўся, і праз трое сутак яго адпусцілі. Потым, дарэчы, апынулася, што нічога і не згарэла. Гэтым разам Сашу трымаюць у зняволенні ўжо больш за два месяцы.

— Калі яны рабілі ператрус, то як наўмысна проста раскідвалі ўсё, як малыя дзеці, — узгадвае Алена. — Але потым я праз гэта столькі непатрэбных рэчаў выкінула! Але як вісіць у мяне «Пагоня» — так і будзе вісець, бо гэта мой дом. Кажуць, мой дом — мая крэпасць. Лічу, насамрэч крэпасць не дом, а кожны чалавек, калі ён адчувае сябе гэтай крэпасцю.

kazakevich_peratrus.jpg
Дом Казакевічаў пасля ператрусу

Алена працуе ў Расеі ўжо каля 10 год і прыязджае ў Беларусь, каб адвезці сыну перадачу. Праз тое, што яна жыве ў іншай краіне, з яшчэ большым спазненнем ідзе карэспандэнцыя. Большасць замоўных лістоў вяртаецца.

— Гэта вялікі боль для мяне, — уздыхае Алена. — Бо ў кожны ліст я ўкладаю душу, а яны вяртаюцца — гэта нібыта табе плююць у яе. У адзін з лістоў, які я накіравала праз электронны сервіс, я дадала фотаздымак вогнішча ў нашай грубцы — а Саша вельмі любіць глядзець на вогнішча — і падпісала яго: “Сынок, гэта вогнішча нашай печкі, калі табе будзе холадна – глядзі на яго, хай яно цябе грэе, хай табе будзе добра на душы”. Калі была ў Беларусі, адправіла некалькі лістоў запар, каб у Сашы не гублялася адчуванне, што мы разам, што я трымаю яго за руку, гляджу яму ў вочы і буду рабіць усё, што магу і не магу, каб хутчэй забраць яго адтуль.

kazakevich_7.jpg
Замоўныя лісты, якія вярнулі маці Аляксандра

Спадарыня Алена дзеліцца, што першыя лісты сына былі вялікім болем для яе: Саша не пісаў нічога дрэннага, але між радкоў сэрца маці адчувала разгубленасць сына. У цяперашніх лістах ён больш упэўнены. Таксама з лістоў Алена даведалася, што Сашы пагалілі бараду і галаву. Мужчына гадаваў фрызуру са школы і вельмі востра ўспрымаў любыя спробы маці хаця б крыху падраўняць валасы. Цяпер Алена нават не ўяўляе, як выглядае ейны сын.

— Адвакат кажа, што Саша стаў зусім іншым, — кажа яна. — Сын мае непрыемнае захворванне — сіндром Турэта. Напрыклад, пасля затрыманню Сашу трэсла першыя дні, але цяпер абаронца ўжо кажа, што ён у норме і усміхаецца прывітанням. Таму чужыя ўспрымаюць такіх людзей па-рознаму, і я хвалявалася праз гэта. Але падаецца, там цяпер вельмі добрыя людзі.

kazakevich_8.jpg
Ліст Сашы да маці, у якім ён дзякуе за малітву і распавядае пра свой побыт у зняволенні

Я і сама адчуваю падтрымку і ўдзячная кожнаму чалавеку, з якім сутыкнулася цяпер. У чарзе ў Жодзіна я пазнаёмілася з жанчынай, якая прывезла перадачу сыну, які праходзіць па справе Зельцэра. Мы пагутарылі ўсяго хвілін сем, але потым пачалі камунікаваць праз мэсанджар. І аднойчы яна завезла Сашу невялікі ласунак, пакуль я не ведала, калі закончацца следчыя дзеянні і яго прывязуць назад у Жодзіна і я змагу перадаць сама. Тут, у Маскве, я раз на месяц хаджу на беларускамоўную службу ў каплічку. Там таксама ведаюць, дзе мой сын, мы молімся таксама і за яго асабіста. У Беларусі заўсёды імкнуцца дапамагчы прадавачкі ў крамах, супрацоўніцы Белпошты. Таму я вельмі веру ў нашых людзей, у тое, што хутка ў нас усё атрымаецца. Думаю, цяпер усё адбываецца, каб мы знайшлі самі сябе, зразумелі, хто мы, каб прачнуліся тыя, хто не хоча ці баіцца. Я веру, што хутка забяру Сашу, мы абдымемся, і я буду яго закармліваць, а ён ­­— ругацца, што яму трэба худзець. Сынок, я абавязкова цябе дачакаюся!  

Вядома, сёння я смяюся, нешта расказваю. А магу прачнуцца – і ў мяне смутак на душы. Думаю: вось я спала, накрытая коўдрай, а ці было дзе спаць майму дзіцяці? І яно тады як возьме за сэрца – і слёзы цякуць. Але ўсё адно мы пройдзем гэты шлях разам. І я таксама ўсім сябрам дзяцей кажу: “Хлопцы, мы збярэмся ўсе за вялікім-вялікім сталом. Мы будзем смелыя, будзем казаць тыя словы, якія нам хочацца казаць, а не тыя, якія нам гавораць казаць”. Гэта ўсё будзе, я веру.

5 ліпеня ў Аляксандра будзе суд. Падтрымаць яго лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі і пасылкамі можна па адрасе:

Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А

Аляксандр Дзмітрыевіч Казакевіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства