"Прынізіў гонар і годнасць прадстаўнікоў улады": два гады калоніі прысудзілі палітвязню Паўловічу
Судом Партызанскага раёна Мінска 20 чэрвеня вынесены прысуд палітзняволенаму Сяргею Паўловічу па крымінальнай справе аб абразе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса ) і прадстаўнікоў улады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Наталля Дзядкова.
Сяргей Паўловіч быў затрыманы 13 студзеня 2022 года па адміністрацыйнай справе. Спачатку яго асудзілі на 15 сутак, затым яшчэ на 12, але на волю ён не выйшаў. Да суда знаходзіўся ў следчай турме № 8 у Жодзіна.
Па матэрыялах следства, абвінавачаны Паўловіч у перыяд з 5 ліпеня па 29 лістапада 2021 года, маючы намер на публічную абразу прадстаўнікоў улады – Генеральнага пракурора Беларусі, старэйшага памочніка пракурора Фрунзенскага раёна г. Мінска, старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, начальніка аднаго з аддзелаў упраўлення ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусь у сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў, у чатах экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў публічна апублікаваў абразлівыя каментары, тым самым прынізіў гонар і годнасць прадстаўнікоў улады.
Ён жа 30 лістапада 2021 года і 6 студзеня 2022 года, маючы намер на публічную абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, у чатах экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў апублікаваў абразлівыя каментары, у выніку чаго публічна абразіў, прынізіў гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы.
Абвінавачаны Паўловіч у судовым пасяджэнні сваю віну прызнаў, у зробленым раскаяўся.
Прысудам суда Паўловіч прызнаны вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, у інфармацыі, размешчанай у глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт, і на падставе арт. 369 Крымінальнага кодэкса яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год са штрафам у памеры 200 базавых велічынь, што складае 6 400 рублёў. Ён жа прызнаны вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і на падставе ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год 6 месяцаў.
Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова прызначана абвінавачанаму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 200 базавых велічынь, што складае 6 400 рублёў.