viasna on patreon

Новыя "пакаяльныя" відэа і "экстрэмісцкія" каналы: хроніка пераследу 22 чэрвеня Дапоўнена

2022 2022-06-22T08:20:00+0300 2022-06-22T20:43:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/statkevich-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітвязень Мікалай Статкевіч этапаваны з СІЗА №3 у Гомелі

Мікалай Статкевіч. Фота: hramada.org

Пра гэта напісала ў Фэйсбуку ягоная жонка Марына Адамовіч. Куды этапавалі Статкевіча, яна дакладна не ведае:

"Калі "па законе", то ў Глыбокае. Толькі там ёсць асаблівы рэжым, то бок, "камернае ўтрыманне" - такая сабе турма ў калоніі. Застаецца толькі чакаць і маліцца, каб этап не быў занадта цяжкім. Хаця гэта цяжка заўжды".

Нагадаем, што 14 снежня 2021 года суд у Гомелі прысудзіў аднаму з лідараў беларускай апазіцыі Мікалаю Статкевічу 14 гадоў пазбаўлення волі.


Новыя "пакаяльныя відэа" з падпісантамі экстрэмісцкіх каналаў і чатаў

Адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, створаных на месцы раней заблакаваных, публікуе відэа з затрыманым падпісчыкамі “экстрэмісцкіх" каналаў і чатаў. На адным з іх лабарантка біялагічнага факультэта БДУ Алена Андрэеўна прызнаецца, што адміністравала дваровы чат. Па сцвярджэнні канала, яе хочуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Пра інфармацыі сілавікоў, затрыманая была падпісаная на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і стварыла свой чат пад назвай «Цягнічок з Варанянскага».


Яшчэ на адным з “пакаяльных” відэа мужчына прызнаецца, што быў падпісаны на экстрэмісцкія каналы і чаты, дазваляў абразлівыя выказваннні на адрас супрацоўнікаў міліцыі, пракуратуры, суддзяў. Ён кажа, што на момант затрымання супрацоўнікамі АМАПу і САХРа з’яўляўся афіцэрам МНС, пражывае ў Мінскім раёне.

У дачыненні да затрыманага распачатыя крымінальныя справы па арт. 364 і 391 Крымінальнага кодэкса.


Інстаграм HrodnaLife, услед за іншымі сеткамі сайта, прызнаны экстрэмісцкім

Суд Ленінскага раёна Гародні прыняў рашэнне аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі мясцовага СМІ HrodnaLife, а менавіта: інтэрнэт-старонкі ў сацсетцы Instagram, а таксама візуальных матар’ялаў, такіх як лагатып, лічбавы вадзяны знак ды іншыя выявы, экстрэмісцкімі. 

Нагадаем, што сам інфармацыйны рэсурс ужо зазнаваў на сабе рэпрэсіі. Сайт парталу на тэрыторыі Беларусі заблакаваны. Тэлеграм-канал СМІ быў прызнаны экстрэмісцкім яшчэ ў ліпені 2021 года.


Палітзняволены Максім Вінярскі з 27 траўня знаходзіцца ў ШІЗА

Вядома, што адваката да палітвязня не пускаюць, бо нібыта «няма заявы». А заяву палітвязень не можа напісаць, бо знаходзіцца ў штрафным ізалятары.

Максім Вінярскі на судзе 25 траўня. Фота: Belapan

Максім Вінярскі — актывіст грамадскай кампаніі «Еўрапейскай Беларусь». За сваю палітычную дзейнасць ен неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям з боку дзеючай улады: штрафам, адміністратыўным арыштам, збіццю, запалохванням і ціску. Яго затрымалі 22 студзеня 2021 года, а пазней асудзілі да 5 гадоў калоніі па некалькіх частках «пратэснага» артыкула 293 Крымінальнага кодэкса.

Падтрымаць палітвязня: ПК № 3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба, Максім Аляксандравіч Вінярскі.


Палітзняволенага Ігара Лосіка этапавалі ў наваполацкую калонію

Пра гэта паведаміла яго жонка Дар’я Лосік у Іnstagram.

Нагадаем, палітзняволены Ігар Лосік утрымліваецца ў няволі ўжо амаль 24 месяцы. Яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму па «справе Ціханоўскага».

Падтрымайце палітвязня: ПК № 1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Ігару Аляксандравічу Лосіку (на лістах пазначайце «каранцін»).


Сілавікі затрымалі старэйшага выкладчыка інстытута бізнесу БДУ Максіма Мароза

На апублікаваным у праўладным телеграм-канале відэа Мароз кажа, што яго затрымалі «падчас расследавання спраў па экстрэмізму», а таксама, што «баіцца страціць сваю працу».


Акрамя відэа, да паведамлення аб затрыманні прымацавалі скрыншоты паведамленняў Максіма Мароза. У іх выкладчык піша: «Мы пераможам, ці нам адпомсцяць. Па законе ці проста так. Трэба ісці да канца".


За каментары ў Telegram-каналах затрымалі 36-гадовую жыхарку Мінска

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Кацярыны Балабановіч. Як сцвярджаюць сілавікі, жанчына была падпісана на «экстрэмісцкія» каналы, дзе ў каментарах нібыта абражала прадстаўнікоў улады.

Распачата крымінальная справа паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады).


За абразу прадстаўнікоў улады затрымалі машыніста Беларускай чыгункі

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 37-гадовага жыхара Мінска Сяргея Латушкіна. У «пакаяльным відэа» мужчына «прызнаецца» ў тым, што ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» ў каментарах абражаў супрацоўнікаў міліцыі.

Супраць чыгуначніка распачата крымінальная справа паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады).


У Лідзе быў затрыманы байкер Івана Кашко

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 35-гадоваму Івану інкрымінуюць распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і нацысцкай сімволікі, абразы Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, здзек над дзяржаўным сцягам, заклікі да прымянення гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў, распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства