viasna on patreon

Затрыманні за антырасійскія песні і "зліў" дадзеных, дзясяткі новых "тэрарыстаў" і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 27-28 чэрвеня Дапоўнена

2022 2022-06-28T15:52:00+0300 2022-06-29T13:07:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzmitryy_bandarchyk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні

Жыхара Мінска затрымалі за антырасійскія песні

Арцём Панявежскі
Арцём Панявежскі

 Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 41-гадовага Арцёма Панявежскага. На "пакаяльным відэа" хлопец кажа, што слухаў у двары дома песні, у якіх нібыта быў заклік забіваць рускіх салдат. Як паведамляюць сілавікі, зараз вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы па арт. 130 КК.


Затрыманне за ўдзел у акцыі пратэсту і адміністраванне тэлеграм-канала

Ганна Лаппо
Ганна Лапо

У Мінску затрымалі 24-гадовую Ганну Лаппо. На "пакаяльным відэа" яна кажа, што ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года, а таксама адміністравала тэлеграм-канал мікрараёна "Чыжоўка".


Супрацоўніка "Нафтана" адправілі на "суткі" за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў

Сяргей Бадуноў
Сяргей Бадуноў

Праваабаронцы даведаліся, што яшчэ 22 чэрвеня у Наваполацку на працоўным месцы затрымалі супрацоўніка "Нафтана" Сяргея Бадунова. Падставай для затрымання стала падпіска на "Радыё Свабода". У РАУСе на яго склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП "Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 24 чэрвеня прызнала бацьку двух непаўнагадовых дзяцей вінаватым і арыштавала яго на 10 сутак


Дзвюх жанчын затрымалі за "зліў" дадзеных сілавікоў

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што адна з затрыманых працавала ў дзяржаўнай кампаніі і мела доступ да асабістых дадзеных сілавікоў — іх яна, быццам, і перадала тэлеграм-каналу "Черная Книга Беларуси". Сілавікі сцвярджаюць, што жанчына нібыта самастойна прыйшла "здавацца" у міліцыю.

Другая затрыманая — 40-гадовая супрацоўніца страхавой кампаніі з Мінска. Яна, быццам, дасылала асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў міліцыі і іх блізкіх "экстрэмісцкім" рэсурсам. Дзеянні жанчыны кваліфікаваныя следствам па ч. 6 арт.16 і арт. 130 КК "Дапамога ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы", арт. 203-1 КК "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных", арт. 352 КК "Неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй", арт. 426 КК "Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў". Матэрыялы справы перададзены ў Генеральную пракуратуру для накіравання ў суд.


За падзеі 2020-га года затрымалі чарговага жыхара Жлобіна

Дзмітрый Бераснёў
Дзмітрый Бераснёў

На "пакаяльным відэа" 20-гадовы Дзмітрый Бераснёў кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, выкрыкваў лозунгі і збягаў ад міліцыянтаў. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што хлопцу інкрымінаваны арт. 342 КК "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх".


Міліцыя ў Гомелі разагнала мерапрыемства ў парку. Мяркуючы па ўсім, свята было для дзяцей-бежанцаў з Украіны

Увечары 27 чэрвеня у гомельскім парку 8 міліцыянтаў разагналі сход грамадзян, паведамляе @flagshtok. Мяркуючы па лакацыі, актыўнасцю было свята для дзяцей бежанцаў з Украіны, якое хацелі зладзіць валанцёры. Дзецям планавалі дарыць падарункі, арганізаваць для іх гульні і конкурсы. Усе разам хацелі зрабіць папяровага "голуба міру".


У Гродне затрыманы актывіст Дзмітрый Бандарчук

Дзмітрый Бандарчук
Дзмітрый Бандарчук

Пра яго затрыманне паведаміў грамадскі дзеяч Вадзім Саранчукоў. Вядома, што Дзмітрый — адзін з лідэраў дэмакратычных сіл у горадзе. Дзе ён зараз знаходзіцца і якія абвінавачванні яму інкрымінуюць, пакуль невядома.


Затрыманні за каментар пра міліцыянтаў і гумарыстычныя TikTok-ролікі

Кацярына Мрачкоўская
Кацярына Мрачкоўская

У Бабруйску затрымалі Кацярыну Мрачкоўскую. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 31-гадовая жанчына нібыта ў 2020 годзе пакінулі абразлівы каментар у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Кацярына знаходзіцца ў ІЧУ.

Таксама праўладныя тэлеграм-каналы паведамлюяць пра затрыманне Андрэя Рыбака і Андрэя Юрынка — мужчыны здымалі гумарыстычныя TikTok-ролікі ў міліцэйскай форме.


Папаўненне ў спісе "тэрарыстаў"

КДБ унёс у "спіс тэрарыстаў" яшчэ 23 чалавекі — сярод іх палітзняволеныя Сяргей Ціханоўскі і Ігар Лосік. Таксама ў спіс дадалі Аляксандра Курганскага, Яўгена Нарэйку, Паўла Кавальчука, Аліну Забаштанскую, Паўла Вінаградава, Дзяніса Карабана, Сяргея Ляхновіча, Юрыя Багдановіча, Аляксея Мельнікава, Руслана Парфёнава,  Аляксея Грыцкевіча, Уладзіміра Гароха, Леаніда Герасімлюка, Андрэя Крылова, Андрэя Аўсіевіча, Валянціна Панасіка, Дзмітрыя Меленчука, Руслана Садоўнічага, Яўгена Збароўскага, Васіля Дземідовіча. Таксама ў яго дадалі былога палітвязня Дзяніса Кірэшчанку, які 30 кастрычніка 2021 года выйшаў на волю з ПК №1. Цяпер у гэтым спісе КДБ 870 чалавек.

Ціск на палітвязняў

Віталя Жука зноў змясцілі ў штрафны ізалятар, а потым могуць адправіць у ПКТ

Віталь Жук
Віталь Жук

Палітзняволенага кобрынца Віталя Жука другі раз за месяц змясцілі ў штрафны ізалятар. Першы раз яго змясцілі туды на 5 сутак. Адразу пасля выхаду яго перавялі ў новы атрад да "злосных парушальнікаў рэжыму". А праз некалькі дзён яго змясцілі ў ШІЗА тэрмінам на 10 сутак. Таксама вядома, што палітвязню пагражаюць пераводам ў ПКТ.

Нагадаем, Віталя асудзілі на 1,5 года калоніі за каментар пра Лукашэнку па арт. 368 КК. 23 лютага 2022 прайшоў ператрус у жонкі Віталя. Па розных падставах сілавікі прыходзілі да Маргарыты ўжо некалькі разоў. Падчас ператрусу 23 лютага стала зразумела, што жанчыну таксама падазраюць у абразе Лукашэнкі. Гэтым разам на ператрус сілавікі прыйшлі разам з органамі апекі, але забраць дзяцей не ўдалося, бо іх да сябе ўзяла бабуля.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК № 2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Віталю Васільевічу Жуку.


Алегу Рубцу ўзмацнілі рэжым і перавялі ў жодзінскую турму

Алег Рубец
Алег Рубец

Па рашэнні наваполацкай суддзі Вольгі Баліка палітзняволенага пінчука Алега Рубца перавялі на тры гады ў следчую турму № 8 г. Жодзіна.

Узмацненне рэжыму Алегу ініцыявала адміністрацыя наваполацкай калоніі №1. У лютым яго закінулі ў ШІЗА на 40 сутак. Пасля гэтага яго змясцілі ў ПКТ, а таксама пазбавілі перадач, званкоў і спатканняў.

Алега затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Пры затрыманні быў моцна збіты. 30 красавіка Рубцу прысудзілі 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Хлопец скончыў ліцэй у Пінску і працаваў трактарыстам па адпрацоўцы.

Падтрымайце палітвязня лістамі па новым адрасе: Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Алегу Віктаравічу Рубцу.


Дзмітрыя Сушчыка змясцілі ў ПКТ і пазбавілі спатканняў і званкоў на 9 месяцаў

Дзмітрый Сушчык
Дзмітрый Сушчык

У аршанскай калоніі № 8 Дзмітрый Сушчык знаходзіўся з красавіка гэтага года, але яго ўжо паспелі пазбавіць перадач, званкоў, ліставання і спатканняў. Днямі стала вядома, што яго перавялі ў ПКТ, а таксама на дзевяць месяцаў пазбавілі спатканняў і званкоў. Дзмітрыя абвінавацілі па ч. 1 арт. 368 КК "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" і арт. 370 КК "Здзек з дзяржаўных сімвалаў". Суд прысудзіў Сушчыку 1,5 года калоніі. Вядома, што мужчыну затрымаў ГУБАЗіК у лістападзе мінулага года — пасля затрымання Дзмітрыя павезлі ў лес, дзе "падверглі псіхалагічнаму і фізічнаму гвалту". Пасля затрымання мужчыну выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, а 17 лютага падчас, спробы выехаць за мяжу, яго спынілі расійскія памежнікі, вывезлі ў Беларусь і перадалі сілавікам.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК № 8, 211388, Віцебская вобл., г. Орша, вул. Леніна, 195А, Дзмітрыю Васільевічу Сушчыку.


Сяргея Рымшу, якому дагэтуль узмацнілі рэжым, перыядычна змяшчаюць у ШІЗА

Сяргей Рымша. Фота: hrodnalife
Сяргей Рымша. Фота: hrodnalife

У нядаўнім лісце на волю палітзняволены гродзенец Сяргей Рымша напісаў, што час ад часу адміністрацыя жодзінскай турмы змяшчае яго ў ШІЗА.

Нагадаем, Сяргея асудзілі на тры з паловай гады калоніі па арт. 364 КК "Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі" і 342 КК "Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Згодна з матэрыяламі справы, 9 жніўня ў таніраваны мікрааўтобус з супрацоўнікамі міліцыі паляцеў камень. За гэта затрымалі Сяргея. Пры затрыманні яго збілі. Рымша адмаўляў той факт, што гэта ён кідаў каменне ў мікрааўтобус. 21 студзеня суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў яго вінаватым і асудзіў да 3,5 гадоў калоніі. Сяргей знаходзіўся ў шклоўскай ПК №17, але ў лістападзе 2021 яму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў жодзінскую турму №8.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Сяргею Юр'евічу Рымшу.


Анатолю Латушку не перадаюць лісты з вершам "Пагоня"

Анатоль Латушка
Анатоль Латушка

У лісце ад 16 чэрвеня Анатоль распавёў, што верш "Пагоня", які яму даслалі з волі, яму так і не аддалі. У бібліятэцы СІЗА-1 ён узяў кнігу з творамі Максіма Багдановіча, але ў ёй не хапае менавіта тых старонак, на якіх павінен быць гэты верш. Таксама ён дзякуе за фотаздымкі прыроды, бо ў турэмным дворыку ім бачны толькі вярхушкі дрэваў.

Нагадаем, 45-гадовы Анатоль Латушка — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі. Яго затрымалі ўначы 31 студзеня 2022 года. Папярэдне, яму ставяць у віну ч. 2 арт. 339 КК "Хуліганства" за маляванне праз трафарэты "Пагоні" і арт. 370 КК "Абраза дзяржаўных сімвалаў".

Вядома, што пасля затрымання Анатоля моцна збілі.

Падтрымайце палітвязня пасылкамі, грашовымі пераводамі, тэлеграмамі і лістамі салідарнасці. Адрас такі: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Анатолю Віктаравічу Латушку.


Палітвязня Мікіту Залатарова перавялі з выхаваўчай калоніі ў папраўчую

Мікіта Залатароў
Мікіта Залатароў

У судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска 21 чэрвеня разглядзелі справу "аб пераводзе 18-гадовага Мікіты Залатарова ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму". Па рашэнні суддзі Паўла Карцініна Мікіту перавялі ў магілёўскую калонію на ўвесь тэрмін. Акрамя гэтага, Мікіту паставілі на прафулікі як "схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў", а таксама як "схільнага да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю". Юрыст Павел Сапелка адзначае, што перавод Мікіты ў папраўчую калонію, дзе ён будзе адбываць тэрмін ва ўмовах агульнага рэжыму, істотна пагоршыць яго становішча, і гэта з'яўляецца адной з формаў ціску на палітвязня. 

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Мікіце Міхайлавічу Залатарову.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства