Палітвязня Мікіту Залатарова перавялі з выхаваўчай калоніі ў папраўчую. Што цяпер для яго зменіцца?
У судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска 21 чэрвеня разглядзелі справу «аб пераводзе 18-гадовага Мікіты Залатарова ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму». Па рашэнні суддзі Паўла Карцініна Мікіту перавялі ў папраўчую калонію на ўвесь тэрмін. Цяпер хворы на эпілепсію падлетак, якому на момант затрымання было 16 гадоў, знаходзіцца ў магілёўскай калоніі № 15. "Вясна" распавядае, якія цяпер абмежаванні чакаюць Мікіту і як ён сябе адчувае пасля 22 месяцаў у зняволенні.
У калоніі Мікіту паставілі на прафулікі як "схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў" і "схільнага да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю"
У выхаваўчай калоніі палітвязня маглі ўтрымліваць да 21 года, але адміністрацыя бабруйскай установы вырашыла ініцыяваць яго перавод у папраўчую ўстанову адразу пасля таго, як Мікіце споўнілася 18 гадоў. Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам, рашэнне аб пераводзе ў папраўчую калонію асуджанага, які дасягнуў васемнаццацігадовага ўзросту, прымаецца судом па заяве начальніка выхаваўчай калоніі, узгодненай з камісіяй па справах непаўнагадовых і рэспубліканскім органам кіравання папраўчымі ўстановамі.
Акрамя гэтага, Мікіту паставілі на прафулікі як «схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў», а таксама як «схільнага да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю». Вядома, што ў выхаваўчай калоніі № 2 адміністрацыя часта карала Мікіту «суткамі» ў дысцыплінарным ізалятары.
Як распавёў "Гомельскай Вясне" бацька Залатарова, за час знаходжання за кратамі хлопец моцна пасталеў, а яшчэ апошнім часам яго не так моцна непакоілі прыступы эпілепсіі, як раней. Таксама ён паведаміў, што 26 чэрвеня Мікіту этапавалі ў гомельскі СІЗА-3, а пазней у магілёўскую калонію.
Што чакае Мікіту ў папраўчай калоніі?
У калоніі агульнага рэжыму Мікіта мае права атрымліваць чатыры пасылкі або перадачы і дзве бандэролі або два дробных пакета на працягу года, але не часцей за адзін раз у тры месяцы. Пры гэтым у выхаваўчай калоніі яму былі дазволеныя восем пасылак або перадач і дзве бандэролі або два дробных пакета на працягу года. Таксама Мікіта ў Магілёве можа мець толькі тры кароткатэрміновых і тры працяглых спатканняў, замест васьмі кароткатэрміновых і чатырох працяглых спатканняў, як гэта было ў Бабруйску.
Яго, як і раней, у якасці спагнання могуць пазбаўляць пасылак ці перадач, а таксама спатканняў са сваякамі. Але цяпер яго могуць змясціць у штрафны ізалятар (ШІЗА) або адзіночную камеру да 10 сутак, а ў выхаваўчай калоніі маглі закідваць у дысцыплінарны ізалятар толькі да 7 сутак не болей за два разы запар. Акрамя гэтага, адміністрацыя калоніі цяпер можа перавесці Мікіту ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) або ўвогуле ўзмацніць рэжым і перавесці на турэмны, тады як гэтыя спагнанні не маглі ўжывацца супраць яго ў выхаваўчай калоніі.
Юрыст Павел Сапелка адзначае, што перавод Мікіты ў папраўчую калонію, дзе ён будзе адбываць тэрмін ва ўмовах агульнага рэжыму, істотна пагоршыць яго становішча, і гэта з'яўляецца адной з формаў ціску на палітвязня.
Нагадаем, Мікіта Залатароў — падлетак хворы на эпілепсію, які знаходзіцца за кратамі амаль два гады. У лютым 2021 года хлопцу прысудзілі 5 гадоў у выхаваўчай калоніі па крымінальнай справе аб «кактэйлях Молатава». Ён неаднаразова скардзіўся бацьку на жорсткае збіццё — ужывалі нават электрашокер.
У Гомелі вынеслі суровыя прысуды па справе аб "кактэйлях Молатава"
Ужо ў ліпені 2021 года хлопца зноў асудзілі. Яго абвінавацілі ў нападзе на супрацоўніка СІЗА-3 па арт. 364 КК. Паводле матэрыялаў справы, Мікіта Залатароў "наўмысна зрабіў падножку супрацоўніку СІЗА Лучкіну Н. А., у выніку чаго той упаў на падлогу, а калі падняўся, то прыхіліў Мікіту да сцяны, але падлетак схапіў Лучкіна за валасы і шыю, прычыніўшы фізічную боль і пабоі пацярпеламу, а таксама выказаў пагрозу прымянення гвалту ў адрас супрацоўніцы Хаўбок Т. Ю. і яе блізкіх". Кожны з пацярпелых супрацоўнікаў СІЗА запатрабавалі кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў.Шляхам частковага складання раней прысуджанага тэрміну пакарання з новым, агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4,5 гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі.
Цяпер у бабруйскай выхаваўчай калоніі № 2 утрымліваюцца дзевяць палітзняволеных, якія сустрэлі за кратамі 18-годдзе.
Яшчэ на 1 год і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі асудзілі непаўнагадовага Мікіту Залатарова
Падтрымаць палітзняволенага Мікіту паштоўкамі і лістамі можна па адрасе: ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Мікіце Міхайлавічу Залатарову |