viasna on patreon

Затрыманні, ціск на палітвязняў, "экстрэмісцкія матэрыялы": хроніка пераследу 30 чэрвеня — 1 ліпеня Дапоўнена

2022 2022-07-01T10:40:00+0300 2022-07-01T16:08:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/hlot.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30 чэрвеня і 1 ліпеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Полацку затрымалі салістку гурта «Варган» Ксенію Глот

«Яна пайшла ў РАУС даваць тлумачэнні па невядомай справе "пра распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў", але яе адтуль не выпусцілі. Пакуль што ніякай дакладнай інфармацыі няма», — паведамляе яе муж.

UPD. Вядома, што на дзяўчыну складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 19.11 КаАП. 1 ліпеня павінен адбыцца суд.


Дзмітрыя Дубоўскага паставілі на прафулік як "схільнага да ўцёку"

Сястра анархіста Дзмітрыя Дубоўскага, асуджанага да 18 гадоў калоніі, напісала, што палітвязень у калоніі цяпер ходзіць з чырвонай біркай. Гэта значыць, што адміністрацыяпаставіла яго на прафілактычны ўлік як «схільнага да ўцёку». Ад былых вязняў вядома, што зняволеных з чырвонымі біркамі не водзяць на прамзону. Акрамя гэтага, яго пазбавілі працяглага спаткання.


Новыя "экстрэмісцкія матэрыялы"

Інфармацыйныя прадукцыя тэлеграм-чата "ГУБОПиК 11 УПРАВЛЕНИЕ" прызнаная "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Гэта заўважыла "Медыязона".

У гэты спіс таксама трапілі: telegram-каналы «Белорусский порядок», «dissidentby»; Tiktok-акаўнты nezavisem5, kepska_budze, systempop777, oppositia_1_, rausinc; Youtube-ролікі «Жыве Беларусь. Крупкі 13.08.2020», «Жыве Беларусь. Крупкі 14.08.2020», «Крупки вышли на акцию протеста 14 августа» і «ЗАДЕРЖАНЫ ЧЛЕНЫ ИНИЦИАТИВНОЙ ГРУППЫ Светланы ТИХАНОВСКОЙ г. КРУПКИ».


Палітвязня Паўла Аўчарава ў шклоўскай калоніі будуць судзіць за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі"

У судзе Шклоўскага раёна 6 ліпеня будуць разглядаць крымінальную справу супраць палітзняволенага Паўла Аўчарава, якога раней асудзілі да 5 гадоў калоніі. Цяпер Паўла абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 411 КК — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Тараканаў. Палітвязню пагражае да двух гадоў зняволення.

Нагадаем, Аўчарава абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса за падзеі 23 верасня 2020, калі ў Мінску прайшла інаугурацыя Лукашэнкі. У траўні 2021 яму прысудзілі 5 гадоў калоніі.


Палітзняволеную актывістку з Пружанаў Алену Гнаўк змясцілі ў карцар

65-гадовую актывістку Алену Гнаўк адміністрацыя баранавіцкага СІЗА пакарала «суткамі» ў карцары. Там яе будуць утрымліваць да 1 ліпеня.

Нагадаем, 17 чэрвеня палітзняволеную асудзілі на тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў. Алену прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.

З 2020 года Алену мэтанакіравана пераследавалі: затрымлівалі і арыштоўвалі па адміністрацыйных артыкулах 17 разоў, штрафавалі агулам на 173 базавых велічыні, дома праводзілі ператрусы, асудзілі па «справе карагодаў» і за абразу Лукашэнкі па крымінальных артыкулах. Пад вартай Алена ўтрымліваецца ўжо пяць месяцаў.


Сёння ў Гродне быў затрыманы Алег Сягоднік

Алег — мантажнік, бацька траіх дзяцей, раварыст, сябра ўжо ліквідаванай арганізацыі «ВелаГродна».

У канцы кастрычніка 2020 года яго затрымалі на ровары разам з сябрамі, а пасля збілі. На яго склалі пратакол па арт.23.34 КаАП. Ён адбыў двое сутак у ізалятары і атрымаў штраф у 20 базавых велічыняў (тады — 540 рублёў).

Таксама ў Гродна сёння быў затрыманы яшчэ адзін мужчына, ягонае імя невядомае.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства