viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2022

2022 2022-07-04T12:43:26+0300 2022-07-04T13:01:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vokladka_cherven_2022.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • Сітуацыя ў Беларусі з'яўляецца вынікам надзвычай глыбокага крызісу правоў чалавека, а таксама падтрымкі кіраўніцтвам дзяржавы агрэсіўнай вайны, развязанай Расійскай Федэрацыяй ва Украіне;
  • Праваабарончы цэнтр «Вясна» рашуча асудзіў і па-ранейшаму катэгарычна асуджае дзеянні беларускіх і расійскіх улад, якія падрываюць асновы мірнага суіснавання народаў, парушаюць Канстытуцыю і законы Беларусі, а таксама палажэнні заключаных міжнародных дамоваў;
  • на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны і адміністрацыйны пераслед грамадзян паводле палітычных матываў; працягваюцца затрыманні іншадумцаў за распаўсюд інфармацыі і падпіскі на групы ў сацыяльных сетках і тэлеграм-каналы; за чэрвень ПЦ «Вясна» вядома пра больш як 100 затрыманняў, 10 штрафаў і 31 адміністрацыйны арышт, прызначаны судамі па справах пратэстоўцаў;
  • у месцах няволі паводле прысудаў судоў на канец чэрвеня знаходзіліся 1 236 палітвязняў, іх колькасць працягвае няўхільна расці;
  • у следчым ізалятары згодна з адвольнымі абвінавачваннямі працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ «Вясна»: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч; юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч, а таксама каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, у дачыненні да якіх распачаты разгляд справы ў судзе; сябра ПЦ «Вясна», кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, асуджаны да трох гадоў зняволення, і валанцёрка «Вясны» Таццяна Ласіца, асуджаная да двух гадоў і шасці месяцаў зняволення, знаходзяцца ў папраўчых калоніях;
  • праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі паводле палітычных матываў, затрыманых і асуджаных да адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў зняволення бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ «Вясна» як катаванні;
  • катаванні і забароненыя віды абыходжання па-ранейшаму ўжываюцца ў дачыненні да арыштаваных і падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў;
  • 28 чэрвеня ў Жэневе на 50-й сесіі Савета па правах чалавека Спецыяльная дакладчыца ААН па пытанні аб палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн прадставіла даклад пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Пасля прэзентацыі адбыўся інтэрактыўны дыялог са Спецдакладчыцай. У дакладзе, падрыхтаваным Анаіс Марэн, прааналізаваны перыяд з 1 красавіка 2021 года па 31 сакавіка 2022 года — падзеі і тэндэнцыі, зафіксаваныя пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Спецдакладчыца апісвае працяглае падаўленне палітычнага іншадумства, далейшае абмежаванне свабоды меркаванняў і іх выказвання ў краіне, а таксама рост колькасці выпадкаў адвольнага затрымання і ўтрымання пад вартай паводле палітычных матываў.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Колькасць палітвязняў за чэрвень павялічылася на 19 чалавек і склала 1 236 чалавек, працягваючы няўхільна расці: за месяц праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі больш за 50 чалавек. Вядомыя імёны 28 вызваленых, у тым ліку з прычыны адбыцця пакарання, палітвязняў.

Праваабаронцы «Вясны» прадставілі падчас Тыдня супраць катаванняў даклад «Крымінальны пераслед паводле палітычных матываў. Беларусь 2021-2022 гг.», даклад «Палітычна матываваныя адміністрацыйныя працэсы: стандарты і рэальнасць у Беларусі за 2021-2022 гг.», у якіх прааналізавалі судовыя працэсы і рэпрэсіўныя практыкі ўладаў у дачыненні да грамадзян за папярэдні год, а таксама даклад па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь за 2020 і 2021 гады. Мэта дакладаў —павялічыць інфармаванасць грамадскасці, нацыянальных і міжнародных інстытутаў, дзяржаўных органаў пра парушэнні правоў чалавека ў 2021-2022 гг. у Беларусі ў перыяд вострага крызісу правоў чалавека пасля выбараў прэзідэнта, ва ўмовах татальнага знішчэння і падаўлення інстытутаў грамадзянскай супольнасці.

Працягваецца крымінальны пераслед удзельнікаў выступаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і выступаў пазнейшых перыядаў за свабоды, супраць жорсткасці і самавольства. Крымінальны пераслед па-ранейшаму захоўвае масавы і паўсюдны характар, ягонымі ахвярамі робяцца прадстаўнікі ўсіх пластоў грамадства. Суддзі ўсіх узроўняў актыўна ўдзельнічаюць у рэпрэсіях, ператварыўшы судовы працэс у імітацыю правасуддзя, а насамрэч выступаючы ў якасці інструменту расправы з праявамі палітычнай ці грамадскай актыўнасці і іншадумства. Абуральная адвольнасць, а часта і падкрэсленая жорсткасць прысудаў, вынесеных у выніку разгляду крымінальных і адміністрацыйных спраў, закліканы спыніць пратэсныя працэсы і надзейна прадухіліць іх рэцыдывы, стварыўшы атмасферу татальнага страху. Пры гэтым закрыты парадак разгляду такіх спраў, які зрабіўся правілам для суддзяў, закліканы засцерагчы іх і абвінавачванне ад агалоскі іх характару: адвольнага, надуманага, якое парушае абавязальніцтвы дзяржавы ў галіне правоў чалавека. Пры гэтым нават фармальна адкрытыя судовыя працэсы могуць праходзіць у фактычна закрытым рэжыме — на тэрыторыі папраўчых устаноў.

У СІЗА працягваюць утрымлівацца паводле надуманых абвінавачванняў старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары Уладзімір Лабковіч.

Закрытае судовае пасяджэнне паводле крымінальнай справы каардынатаркі Валанцёрскай службы «Вясны» Марыі (Марфы) Рабковай, валанцёра «Вясны» Андрэя Чапюка і яшчэ васьмі палітвязняў працягваецца ў Мінскім гарадскім судзе пад старшынствам суддзі Сяргей Хрыпача.

Асуджаныя да зняволення ў калоніі кіраўнік гомельскага аддзялення Леанід Судаленка (да трох гадоў папраўчай калоніі) і валанцёрка Таццяна Ласіца (да двух з паловай гадоў папраўчай калоніі) знаходзяцца ў калоніі.

Усіх пазбаўленых волі праваабаронцаў наўмысна адвольна абмяжоўваюць у ліставанні, у прыватнасці, пасля пераводу валанцёркі Таццяны Ласіцы ў калонію лісты ад яе даходзяць толькі ейнаму бацьку. Да Леаніда Судаленкі па-ранейшаму не можа трапіць адвакат.

Наогул захоўваецца тэндэнцыя асуджэння звыш за 100 чалавек у месяц паводле палітычна матываваных спраў: у траўні ПЦ «Вясна» стала вядома пра 96 выпадкаў асуджэння, у красавіку — 89, у сакавіку — 99. З улікам закрытага з ініцыятывы судоў характару інфармацыі, па-за ўвагай праваабаронцаў праходзяць каля 20% усіх спраў. Праз гэта праваабаронцы заклікаюць дзяліцца з імі ўсёй вядомай інфармацыяй пра палітычна матываваны пераслед.

Працягваецца практыка адвольнага працягу тэрміну пазбаўлення волі палітвязням.

У гомельскай жаночай калоніі на выязным пасяджэнні 13 чэрвеня разглядалася крымінальная справа палітзняволенай Вікторыі Кульшы паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Судовы працэс праходзіў у будынку папраўчай калоніі, таму сваякоў на пасяджэнне не пусцілі. Суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Сяргей Мальцаў прысудзіў палітзняволенай у дадатак да двух гадоў і шасці месяцаў зняволення яшчэ адзін год у калоніі.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў. У судах дагэтуль выносяцца прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных выступаў 2020 года.

Суд Жлобінскага раёна 6 чэрвеня вынес прысуд паводле крымінальнай справы Віталя Багамазава, які абвінавачваўся ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Пакаранне — пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

У судзе Заводскага раёна Мінска 7 чэрвеня быў вынесены прысуд па крымінальнай справе каардынатаркі «Лятучага ўніверсітэта», палітзняволенай Таццяны Вадалажскай, якая абвінавачвалася паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Таццяна Вадалажская — вядомая сацыялагіня, з'яўлялася эксперткай аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналогій, каардынатаркай «Лятучага ўніверсітэта», працавала аналітыкам у Цэнтры еўрапейскай трансфармацыі.

15 чэрвеня, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска, быў абвешчаны прысуд палітзняволенай журналістцы і галоўнай рэдактарцы газеты «Новы Час» Аксане Колб. Суддзя Дзмітрый Карсюк прызнаў яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і прызначыў 2,5 гады «хіміі» за ўдзел у адным жнівеньскім Маршы ў 2020 годзе.

Таксама стала вядома пра прысуд у дачыненні да Аляксея Іванчыкава, які пратэставаў супраць рэферэндуму: суд Цэнтральнага раёна Гомеля 2 чэрвеня вынес прысуд паводле крымінальнай справы па абвінавачванні ў гвалце або пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэкса): Іванчыкава затрымалі 27 лютага 2022 года, калі беларускія ўлады праводзілі рэферэндум па занясенні зменаў у Канстытуцыю. На выйсці з участку для галасавання, які знаходзіўся ў будынку школы, да Аляксея падышлі некалькі міліцыянтаў у цывільным, ён спрабаваў ад іх уцячы, а пры затрыманні схапіўся за форменнае абмундзіраванне і нібы адарваў гузік. На наступны дзень яго адміністрацыйна арыштавалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве за акцыю, праведзеную на выбарчым участку, супраць уварвання расійскіх войскаў ва Украіну. Пасля адміністрацыйнага арышту Іванчыкаў на волю так і не выйшаў: яго затрымалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 364 і змясцілі да суда ў СІЗА № 3 у Гомелі. Суд пастанавіў прызнаць Іванчыкава вінаватым і прысудзіў яго да пазбаўлення волі ў калоніі тэрмінам на два з паловай гады.

У судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна 14 чэрвеня разглядалася крымінальная справа супраць палітзняволенага маладзечанца Паўла Пяскова, асуджанага за супраціў амапаўцам да трох гадоў і трох месяцаў калоніі. Гэта быў першы палітычна матываваны прысуд за падзеі 2020 года: палітвязень не дапускаў затрымання мірных пратэстоўцаў. Новае абвінавачванне — паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі ПК № 2 у Бабруйску. Раней праваабаронцам стала вядома пра ціск адміністрацыі калоніі на Пяскова — яго рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА. У выніку суддзя Павел Карцінін асудзіў палітвязня да яшчэ аднаго года зняволення.

Па-ранейшаму супрацоўнікі міліцыі ажыццяўляюць напады на дамы і кватэры грамадзян, затрымліваюць іх на працы; праводзяць вобшукі і допыты. Улады падтрымліваюць высокі ўзровень ціску і рэпрэсій за актыўную грамадзянскую пазіцыю і асуджэнне палітыкі ўлад. У судах, як правіла ў рэжыме відэаканферэнцыі, праходзяць разгляды адміністрацыйных спраў у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за розныя пратэсныя дзеянні і сімволіку, падпіскі на пратэсныя крыніцы інфармацыі, рэпосты і каментары ў сацыяльных сетках, а таксама за іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў, нелаяльнасць і іншадумства.

22 чэрвеня ў Наваполацку на працоўным месцы затрымалі супрацоўніка «Нафтана» Сяргея Бадунова. Падставай для гэтага стала падпіска на «Радыё Свабода». У РАУС на мужчыну склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 24 чэрвеня прызнала бацьку двух непаўнагадовых дзяцей вінаватым і арыштавала яго на 10 сутак. Нагадаем, з 14 траўня за кратамі знаходзіўся 32-гадовы супрацоўнік «Нафтана» Барыс Жахоўскі, якога ўжо тройчы асудзілі паводле адміністрацыйных спраў і які 16 дзён трымаў галадоўку ў зняволенні. Пасля 45 сутак арышту Барыс выйшаў на волю.

ПЦ «Вясна» на сталай аснове збірае звесткі пра адміністрацыйны пераслед за рэалізацыю права на мірны сход і свабоду выказвання меркаванняў удзельнікаў мірных акцый пратэсту, у тым ліку антываенных, а таксама пра адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне пратэснай сімволікі, за перадачу і распаўсюд інфармацыі. Згодна са звесткамі ПЦ «Вясна», на працягу чэрвеня затрымана больш як 100 чалавек, за пратэсную актыўнасць накладзена не менш за 10 штрафаў і прызначаны як мінімум 31 адміністрацыйны арышт. Гэта далёка не поўныя звесткі пра колькасць палітычна матываваных адміністрацыйных спраў: у шматлікіх выпадках суддзі таемна праводзяць пасяджэнні ў фактычна закрытым рэжыме з дапамогай відэаканферэнцыі без абвяшчэння даты і месца слухання, што груба парушае працэсуальныя і канстытуцыйныя правы асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, а назіральнікі за выкананнем стандартаў справядлівага правасуддзя пераследуюцца за сваю легітымную дзейнасць.

Артыкул 19.11 КаАП (16 вядомых выпадкаў асуджэння паводле адміністрацыйных спраў у чэрвені), згодна з якім караецца распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, увесь час выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі дзеля рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў. Суддзі караюць за рэпост розных матэрыялаў грамадска-палітычнага характару з рэсурсаў, чыя інфармацыйная прадукцыя прызнаная «экстрэмісцкай», а таксама за адну толькі падпіску на «экстрэмісцкія» крыніцы інфармацыі, якая расцэньваецца як захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, хоць у адпаведнасці з КаАП караецца толькі такое захоўванне, якое мае на мэце далейшы распаўсюд гэтых матэрыялаў.

За месяц вынесены новыя рашэнні судоў, якія папоўнілі Рэспубліканскі пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэннем суда экстрэмісцкімі прызналі каля 10 інфармацыйных рэсурсаў, у тым ліку звязаных з ініцыятывамі дапамогі людзям, якія пераследуюцца паводле палітычных матываў, — By_help і BYSOL, а таксама іх стваральнікамі і актывістамі.

Праваабаронцы «Вясны» працягваюць маніторынг судовых крымінальных спраў, звязаных з нецярпімасцю беларускіх улад да любых формаў выказвання меркаванняў. Крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за паклёп на А. Лукашэнку і абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 367, 368, 369, 370, 391 КК РБ). У судах усіх рэгіёнаў Беларусі разглядаюцца крымінальныя справы згодна з такога кшталту абвінавачваннямі.

Стала вядома, што 10 і 11 сакавіка 2022 года ў судзе Маскоўскага раёна горада Брэста адбыўся судовы працэс над Кірылам Піліпуком. Яго абвінавацілі ў публічнай абразе А. Лукашэнкі згодна з ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса Беларусі: Кірыл Піліпук 3 траўня 2021 года наведваў сацыяльную сетку «Аднакласнікі». Там ён убачыў карцінку з Аляксандрам Лукашэнкам у труне і вырашыў пакінуць каментар: «Калі гэты клоўн здохне, я буду адзначаць тыдзень». За гэты каментар, у якім утрымлівалася «негатыўная ацэнка» Лукашэнкі, выяўленая словам «клоўн», суддзя Іна Клышпач прызначыла Кірылу Піліпуку два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ).

У судзе Навабеліцкага раёна Гомеля 7 чэрвеня вынесены прысуд палітзняволенаму Мікалаю Віцікаву, які абвінавачваўся ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Зінчук, дзяржабвінаваўца — пракурор Кірыл Кадоўба. 68-гадовы пенсіянер і былы дэпутат сельскага Савету Мікалай Віцікаў быў затрыманы 14 студзеня 2022 года. Да суда знаходзіўся ў гомельскім СІЗА № 3. Падставай для затрымання паслужыў ягоны ліст у раённую газету «Маяк» з нагоды абмеркавання зменаў у Канстытуцыю. Следчыя кваліфікавалі ліст пенсіянера згодна з ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы, а «раёнка» адрэагавала абразлівым артыкулам. Пасля абвінавачванне змянілі на іншае: дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь. Віцікаву прысудзілі 8 месяцаў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму за «замах на распаўсюд непраўдзівай, абразлівай» інфармацыі пра дзейнасць дзяржорганаў і сілавікоў.

10 чэрвеня суд Баранавіцкага раёна вынес рашэнне па справе Таццяны Купчынай, якую абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынстваў паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады» і арт. 391 КК «Абраза суддзі ці народнага засядацеля». Судовае пасяджэнне ўзначаліў суддзя Мікалай Кміта. Таццяна пакінула ў сетцы Інтэрнэт абразлівыя каментары пра Лукашэнку, супрацоўнікаў міліцыі і суддзю Першамайскага раёна Мінска. Прозвішчы пацярпелых не згадваліся. Канчаткова абвінавачаную асудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і да грашовых спагнанняў.

У судзе Пружанскага раёна 17 чэрвеня вынесены прысуд 65-гадовай палітзняволенай актывістцы Алене Гнаўк — тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3 200 рублёў. Такое рашэнне вынес суддзя Юрый Жытко. Алену прызналі вінаватай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) за восеньскія допісы ў Facebook і Instagram пра курдскія сем'і і становішча мігрантаў у Беларусі. З 2020 года Алену мэтанакіравана пераследвалі: затрымоўвалі і арыштоўвалі паводле адміністрацыйных артыкулаў 17 разоў, аштрафавалі агулам на 173 базавыя велічыні, дома ладзілі вобшукі, асудзілі па брэсцкай «справе карагодаў» і за абразу Лукашэнкі паводле крымінальных артыкулаў.

У судзе Маларыцкага раёна 20 чэрвеня вынесены прысуд па крымінальнай справе палітзняволенай актывісткі Партыі БНФ Людмілы Рамановіч. Яе абвінавачвалі ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэкса) з нагоды ліста, які жанчына даслала ў Следчы камітэт. Справу разглядала суддзя Вольга Смірнова. На пачатку сакавіка 2022 года палітзняволеная Людміла Рамановіч звярнулася з лістом-пратэстам, у якім выказала сваю нязгоду з удзелам Беларусі ў вайне супраць Украіны. Падчас абвяшчэння абвінавачвання высветлілася, што падставай для крымінальнага пераследу актывісткі з'яўляецца слова «ўзурпатар» з ейнага ліста ў Следчы камітэт. У выніку актывістку прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса і прызначылі ёй пакаранне ў выглядзе аднаго года і шасці месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Мінскі абласны суд 23 чэрвеня вынес прысуд палітзняволенаму філосафу і стваральніку «Лятучага ўніверсітэта» Уладзіміру Мацкевічу. Справу разглядаў суддзя Сяргей Епіхаў. Уладзіміра Мацкевіча абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), стварэнні экстрэмісцкага фармавання (ч. 1 арт. 361-1) і абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368). Судовы працэс пачаўся 9 чэрвеня і праходзіў у закрытым рэжыме. Суд пастанавіў прызнаць Уладзіміра Мацкевіча вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Гэтыя і іншыя выпадкі асуджэння за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў фармуюць атмасферу татальнага страху і маўклівага пратэсту.

Свабода асацыяцый

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь накіраваў у Вярхоўны Суд заявы аб спыненні дзейнасці Свабоднага прафсаюза Беларускага, Свабоднага прафсаюза металістаў, Беларускага Незалежнага прафсаюза гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых працаўнікоў, Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, а таксама Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў». Ведамства сцвярджае, што дзейнасць незалежных прафсаюзаў набыла палітызаваны характар, а іх кіраўнікі займаліся «дэструктыўнай дзейнасцю». Паводле ўсіх фактаў распачатыя крымінальныя справы.

Парушэнне свабоды распаўсюду інфармацыі. Пераслед журналістаў і СМІ

Свабода слова ў Беларусі па-ранейшаму парушаецца ў самых розных формах. 31 прадстаўнік СМІ пазбаўлены волі.

9 чэрвеня Брэсцкі абласны суд вынес прысуд паводле справы Вольгі Буян, якая абвінавачвалася ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» згодна з ч. 1 арт. 361-4 КК. Суддзя — Вера Філонік. Абвінавачаная, якой 27 гадоў, жыве ў мястэчку Рэчыца Столінскага р-на, у 7 км ад беларуска-ўкраінскай мяжы, і выхоўвае малое дзіця. 21 сакавіка 2022 гады Вольга адводзіла дзіця ў садок. Па дарозе ўбачыла расійскую вайсковую тэхніку з апазнавальнымі знакамі, запісала з ёй відэа і адправіла ў тэлеграм-бот праекта «Беларускі Гаюн». Суд паводле ч. 1 арт. 361-4 КК прызначыў Вользе Буян пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 4 гады.

5 чэрвеня прайшоў вобшук у журналісткі Ціны Палынскай. Яе затрымалі, праз некалькі гадзін журналістку адпусцілі, але забралі ў яе тэхніку.

Трошкі раней у Бабруйску на працоўным месцы затрымалі журналіста мясцовай газеты «Камерцыйны кур'ер» Дзмітрыя Суслава. Супрацоўнікі РАУС прыйшлі ў рэдакцыю выдання і без тлумачэння прычынаў забралі мужчыну. Вядома, што да позняга вечара Суслава трымалі ў РАУС, пасля чаго адправілі ў ІЧУ. У панядзелак, 6 чэрвеня, стала вядома, што Суславу прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суд адбыўся на тэрыторыі ізалятара часавага ўтрымання.

У Магілёўскім абласным судзе 8 чэрвеня адбыўся разгляд крымінальнай справы фрылансера «Радыё Свабода», палітзняволенага Андрэя Кузнечыка. Яго абвінавачвалі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Справу разглядаў суддзя Ігар Шведаў. Суд прызнаў Андрэя Кузнечыка вінаватым і асудзіў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

18 траўня 2022 г. КДБ правёў вобшукі ў рэдакцыі газеты «Беларусы і рынак» і дома ў дырэктара газеты Канстанціна Залатых, пасля чаго ў яго забралі ноўтбук і сродкі сувязі, а яго самога затрымалі. Адвакат затрыманага амаль тыдзень не мог сустрэцца са сваім падабаронным, а дакладнае месцазнаходжанне дырэктара выдання заставалася невядомым. Пазней Канстанціну Залатых выставілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі — распальванне варожасці ці варажнечы, злучанае з гвалтам або здзейсненае службовай асобай.

26 траўня 2022 г. прайшоў вобшук і ў доме журналіста Аляксандра (Алеся) Любенчука, а сам Аляксандр быў затрыманы у межах крымінальнай справы.

Сілавікі затрымалі дырэктара і галоўнага бухгалтара dev.bу — Віталя і Алену Андросавых. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што «пара грала важную ролю ў працы партала, на якім мэтанакіравана распальваліся негатыўныя эмоцыі да сваёй краіны ва ўгоду так званым еўрапейскім каштоўнасцям».

Журналіст Алег Груздзіловіч зазнае ціск у папраўчай калоніі.

Смяротнае пакаранне

Спецыяльныя дакладчыкі па пытанні аб пазасудовых смяротных пакараннях, смяротных пакараннях без належнага судовага разгляду ці адвольных смяротных пакараннях, па палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і па пытанні аб заахвочванні і абароне правоў чалавека і асноўных свабод ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам Камітэта па правах чалавека ААН накіравалі паведамленне ўраду Беларусі. У ім яны выказалі заклапочанасць занясеннем паправак у Крымінальны кодэкс Беларусі, якія ўводзяць ужыванне смяротнага пакарання за падрыхтоўку і замах на злачынствы, што адносяцца да тэрарызму. Спецдакладчыкі выказалі занепакоенасць працэсам прыняцця гэтых паправак, у якім адсутнічалі празрыстасць і грамадзянскі дыялог, не былі прадугледжаны належныя тэрміны для кансультацый з экспертамі і грамадзянскай супольнасцю.

Спецыяльныя дакладчыкі нагадалі ўраду пра абавязальніцтвы Беларусі па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыі супраць катаванняў. Асобна Спецдакладчыкі падкрэслілі неадпаведнасць прыманых паправак артыкулу 6 МПГПП, які прадугледжвае, што смяротныя прысуды могуць выносіцца толькі за самыя цяжкія злачынствы, злучаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця. Спецдакладчыкі выказалі заклапочанасць шырокай і расплывістай фармулёўкай арт. 289 КК («Акт тэрарызму»), якая патэнцыйна можа ахопліваць такія дзеянні, як выказванне нязгоды і абарона правоў чалавека. Спецдакладчыкі нагадалі, што злачынствы, за якія прысуджаецца смяротнае пакаранне, як і любыя іншыя злачынствы, павінны быць дакладна вызначаныя ў законе ў адпаведнасці з прынцыпам прававой акрэсленасці.

У паведамленні таксама падкрэсліваецца, што пашырэнне сферы ўжывання смяротнага пакарання «супярэчыць духу і мэце артыкула 6 МПГПП». На думку Спецдакладчыкаў, папраўкі могуць прывесці да «незваротнай шкоды і абуральных парушэнняў права на жыццё». Больш за тое, Спецдакладчыкі звярнулі ўвагу на паведамленні пра сістэматычныя парушэнні права на справядлівы судовы разгляд у дачыненні да асобаў, якім пагражае смяротнае пакаранне, і адзначылі, што дзяржавы, якія ўжываюць смяротнае пакаранне, абавязаны строга і няўхільна сачыць за выкананнем судовых гарантый, замацаваных у артыкулах 9 і 14 МПГПП, каб пазбегнуць адвольнага пазбаўлення жыцця.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне

Вызваленыя палітзняволеныя і іх родныя працягваюць адзначаць наўмыснае пагаршэнне ўмоў утрымання для арыштаваных паводле палітычна матываваных спраў, якія ў выніку мяжуюць з катавальнымі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і бесчалавечнымі. Па-ранейшаму з'яўляюцца звесткі пра катаванні затрыманых паводле крымінальных справаў.

Вольгу Рытус затрымалі 12 красавіка 2022 года за тое, што ў 2020-м яна брала ўдзел у мірных дэманстрацыях. Пазней родныя дазналіся: дзеля таго, каб жанчына прызнала віну, з яе здзекаваліся, а пасля яшчэ амаль 10 дзён трымалі ў ізалятары на Акрэсціна ў нечалавечых умовах. Родныя палітзняволенай паведамілі, што ў ГУБАЗ, каб выбіць паказанні, яе аблівалі вадой і пагражалі пасадзіць сына, пазней прапанавалі маці паглядзець адпаведнае відэа.

Наста Кухарава заявіла пра катаванні і здзекі ў ГУБАЗіК і нечалавечыя умовы ў ЦІП.

Як і раней, рэгулярна становіцца вядома пра ціск на палітвязняў у месцах зняволення.

Па-ранейшаму не расследаваны жахлівыя выпадкі катаванняў, якія зрабіліся шырока вядомымі і пра якія раней заяўлялі палітзняволеныя.

Парушэнне стандартаў справядлівага суду

У будынку гродзенскай турмы працягваецца суд над фігурантамі «справы Аўтуховіча»: Мікалаем Аўтуховічам, святаром Сяргеем Рэзановічам, ягонай жонкай Любоўю Рэзановіч, іх сынам Паўлам Рэзановічам, актывісткай-праваабаронцай Галінай Дзербыш, баранавіцкім актывістам Уладзімірам Гундарам, актывісткай Вольгай Маёравай, пенсіянеркай Ірынай Мельхер і ейным сынам Антонам Мельхерам, а таксама Ірынай Гарачкінай, Віктарам Снегурам і Паўлам Савам. Справу разглядае суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Усіх фігурантаў, у залежнасці ад ролі, абвінавачваюць паводле больш як 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса ў розных спалучэннях. На судовае пасяджэнне часам прапускаюць толькі сваякоў абвінавачаных. Мікалая Аўтуховіча і Любоў Рэзановіч утрымліваюць у асобных клетках — «стаканах» у зале суда.

У Мінскім гарадскім судзе 6 чэрвеня распачаўся суд па справе групы «Буслы ляцяць» над палітвязнямі Аляксеем Іванісавым і Аляксеем Гамезам, а таксама Мікалаем Біблісам, Андрэем Будаем, Аляксандрам Мураўёвым, Аляксандрам Сідарэнкам. Справу разглядае Анастасія Папко. Яна зрабіла суд закрытым паводле хадайніцтва прадстаўніцы дзяржаўнага абвінавачвання Юліі Ланеўскай.

У такіх жа ўмовах у выязным закрытым пасяджэнні Мінскім абласным судом разглядаецца справа «БелаПАН», па якой праходзяць адразу чатыры палітвязні: журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і ягоная нявеста Ірына Злобіна, галоўная рэдактарка і дырэктарка «БелаПАН» Ірына Леўшына, былы дырэктар агенцтва Дзмітрый Наважылаў. Справа слухаецца ў будынку суда Мінскага раёна пад старшынствам суддзі Вячаслава Тулейкі.

Працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да адвакатаў: 8 чэрвеня Кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь праведзена чарговая атэстацыя адвакатаў Мінскай гарадской, Мінскай абласной, Гомельскай абласной калегій адвакатаў. Па выніках атэстацыі Кваліфікацыйнай камісіяй прынятыя рашэнні аб немагчымасці выканання адвакатамі Дравіцам, Праўдзікавым сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі. Спынена дзеянне ліцэнзій Бараноўскага, Лебядзева, Стэльмашук «з прычыны недастатковай кваліфікацыі», Максіма Знака «ў сувязі з выключэннем з Мінскай абласной калегіі адвакатаў у сувязі з набываннем законнай сілы прысуду суда аб прызнанні адваката вінаватым у здзяйсненні наўмыснага злачынства».

У судзе Ленінскага раёна Мінска 16 чэрвеня быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе абаронцу па шматлікіх палітычна матываваных справах Андрэю Мачалаву. Суддзя Таццяна Шоцік прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 380 Крымінальнага кодэкса — адвакат, не ведаючы пра сваё выключэнне з калегіі, перадаў ордар на ўдзел у крымінальным працэсе і прад'явіў адвакацкае пасведчанне. Былому адвакату прызначылі два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Праваабаронцы ацэньваюць крымінальны пераслед Мачалава як палітычна матываваны і адвольны, а прысуд — як вынесены ў помсту за самаадданую, прынцыповую, высокапрафесійную абарону палітычных актывістаў, удзельнікаў пратэстаў і іншадумцаў, якая да гэтага ўжо каштавала адвакату магчымасці працягваць юрыдычную практыку ў ранейшай якасці. Нягледзячы на пагрозы адвакацкай кар'еры, Андрэй Мачалаў адкрыта і публічна заяўляў пра вядомыя яму факты катаванняў у дачыненні да палітзняволенай Вольгі Залатар і пра тое, як супрацоўнікі Следчага камітэта сваёй бяздзейнасцю дазволілі сысці ад адказнасці вінаватым у гэтым цяжкім злачынстве.

У сумесным лісце Lawyers for Lawyers і Савет адвакатур і юрыдычных таварыстваў Еўропы (CCBE) ад 8 чэрвеня зрабілі сумесную заяву з нагоды затрымання адваката Віталя Брагінца і крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да адваката Андрэя Мачалава. Арганізацыі паведамляюць, што ў выніку адміністрацыйнага арышту Брагінец будзе пазбаўлены ліцэнзіі адваката і права на выкананне сваіх прафесійных абавязкаў у якасці адваката, а выстаўленыя Мачалаву абвінавачванні з'яўляюцца неабгрунтаванымі і, хутчэй, злучаныя і служаць незаконнаму спыненню ягонай законнай дзейнасці ў якасці адваката.

Адвакат Віталь Брагінец быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ раніцай 23 траўня на выйсці з дома. Затым яго даставілі ў Партызанскае РУУС «для праверкі на датычнасць да пратэснай дзейнасці». Адтуль ён, як сцвярджалася ў судзе, «паспрабаваў сысці». У гэтым і выявілася непадпарадкаванне. На яго склалі пратакол згодна з арт. 24.3 КаАП і арыштавалі на 15 сутак. На волю ён мусіў выйсці ўвечары 7 чэрвеня, але гэтага не адбылося. Пазней стала вядома пра далейшы пераслед адваката.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства