viasna on patreon

Затрыманні за каментары, грамадзянскую пазіцыю, прафесію ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 6 ліпеня

2022 2022-07-06T13:33:56+0300 2022-07-08T16:23:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rydyha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрымалі музыку і арт-менеджара Уладзіміра Булаўскага

Уладзімір Булаўскі
Уладзімір Булаўскі

У Сянно на Віцебшчыне затрымалі Уладзіміра Булаўскага, вядомага арт-мэнеджара, арганізатара канцэртаў і музыканта.

Гэта адбылося ўвечары, перад канцэртам "Купальскае кола", дзе Уладзімір мусіў граць з этнагуртом "Гук".

"Забралі двое супрацоўнікаў у грамадзянскім, без тлумачэння прычыны. Нібыта завезлі яго ў Віцебск", — расказалі  сябры Уладзіміра.

Гэта ўжо чацвёртае затрыманне Булаўскага за апошнія два гады. У верасні 2020 года яго асудзілі на 8 сутак і прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). У лістападзе 2021 года — пакарілі 7-сутачным арыштам, верагодна, за "распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" па арт. 19.11 КаАП. І ў лютым, у асноўны дзень правядзення рэферэндума, яго асудзілі на 15 сутак.


Затрымалі мазырскага актывіста Арцёма Савіцкага

Сілавікі знайшлі яго ў вёсцы, дзе ён быў па гаспадарчых справах. Потым адвезлі ў Мазыр, дзе па месцы жыхарства правялі ператрус у межах нейкай крымінальнай справы. Вядома таксама, што ператрус праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗ з Мінску.

Гэта не першы ператрус у Савіцкага. Першы адбыўся 20 студзеня 2021 года ў Мазыры. Тады ў межах праверкі па крымінальнай справе ў Арцёма Савіцкага забралі сярод іншага флэш-картку ад фотаапарата і знайшлі ў ім некалькі здымкаў, на якіх група людзей сфатаграфаваная ў заказніку “Мазырскія яры” з бел-чырвона-белым сцягам і плакатам з надпісам “Жыве Беларусь!”. Гэта расцанілі як пікетаванне. У выніку ўсіх удзельнікаў пакаралі адміністрацыйнымі штрафамі.


У Мінску затрыманы Уладзімір Рыдуха

Уладзімір Рыдуха
Уладзімір Рыдуха

Мужчына пакінуў каментар пад допісам у сацсетках, у якім беларусаў запрашалі наведаць музей на колах "Поезд Победы". Пад гэтым постам мужчына напісаў: "Бродячий цирк русского победобесия". У праўладным тэлеграм-канале паведамляецца, што прычына затрымання Уладзіміра Рыдухі"Абраза памяці подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне". Таксама пазначана, што ў адносінах да затрыманага распачата крымінальная справа. Дзе цяпер знаходзіцца мужчына і які дакладна артыкул яму інкрымінуюць, пакуль невядома.


Магілёўскі ГУБАЗіК затрымаў студэнта Юрыя Шырокага

Юрый Шырокі
Юрый Шырокі

Сілавікі паведамілі пра затрыманне Юрыя Шырокага, студэнта факультэта псіхалогіі 3-га курса Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Як заяўляюць сілавікі, прычынай затрымання стаў удзел Шырокага ў мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Сам жа хлопец на "пакаяльным" відэа паведаміў, што прычынай затрымання стаў "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".


У Гомелі затрыманы фатограф Сяргей Лысенка

Сяргей Лысенка
Сяргей Лысенка

Ёсць дадзеныя, што ў момант затрымання Сяргей Лысенка знаходзіўся ў парку, дзе павінна было адбыцца свята для ўкраінскіх дзяцей.

Праўладныя СМІ пішуць, што Сяргею прысудзілі 15 сутак, аднак невядома, па якім артыкуле. У 2021-м з вобшукам да яго ўжо прыходзілі сілавікі. Тады ў фатографа забралі смартфон і ноўтбук. У 2020-м мужчына здымаў акцыі пратэста ў Гомелі, паведамляе zerkalo.io.

Нагадаем, раней на 7 сутак за краты патрапіла арганізатарка свята для украінскіх дзяцей — Ала Караленка. Яе таксама затрымалі ў Гомелі.


Ціск на палітвязняў

Палітзняволеную актывістку Алену Гнаўк ужо два тыдні ўтрымліваюць у карцары

Алена Гнаўк
Алена Гнаўк

65-гадовую актывістку Алену Гнаўк адміністрацыя баранавіцкага СІЗА пакарала "суткамі" ў карцары. Яна пывінна была выйсці адтуль 1 ліпеня, але яе не выпусцілі. Агулам жанчына знаходзіцца ў карцары ўжо два тыдні. Прычына — адмова Алены выконваць нейкае правіла СІЗА. Актывістка не губляе бадзёрасці духа і нават пачала пісаць кнігу "Рэпартаж з карцара". Нагадаем, 17 чэрвеня палітзняволеную асудзілі на тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і далі штраф у памеры 3200 рублёў. Алену прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Да разгляду апеляцыйнай скаргі Алену можна падтрымаць грашовым пераводам, пасылкай або бандэролькай, а таксама тэлеграмамі. Стрыжні, канверты, маркі і паперу вы можаце дасылаць ёй разам з лістамі салідарнасці. Адрас для падтрымкі: СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В, Алене Пятроўне Гнаўк


Палітзняволенага Ігара Лосіка ў калоніі паставілі на прафілактычныя ўлікі і зрабілі вымову

Ігар Лосік з жонкай Дашай
Ігар Лосік з жонкай Дашай

Жонка палітвязня Дар’я Лосік паведаміла ў Іnstagram, што Ігара ў наваполацкай калоніі паставілі на прафулікі як "схільнага да суіцыду і членашкодніцтва", а таксама як "схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў". Акрамя гэтага, яму зрабілі вымову за тое, што дрэнна пагаліўся. Пры гэтым у калоніі палітвязень знаходзіцца прыкладна тры тыдні. Дар’я піша, што праз тое, што яго перавялі з СІЗА да таго, як сваякі маглі б забраць яго рэчы, Ігар быў вымушаны трымаць іх у кайданках падчас этапу. Таксама ў Ігара пагоршылася здароўе: павялічваецца ціск, а днямі яму давалі лекі, каб яго збіць. Нагадаем, палітзняволены Ігар Лосік утрымліваецца ў няволі ўжо амаль 24 месяцы. Яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму па "справе Ціханоўскага".

Падтрымайце Ігара: ПК № 1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Ігару Аляксандравічу Лосіку

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства