Заява беларускіх праваабаронцаў аб прызнанні пяці палітычных зняволеных
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
8 ліпеня 2022 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розныя пратэсныя дзеянні выкарыстоўваецца ўладамі для падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства істотна ўзмоцнена і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
У пазасудовым парадку МУС і КДБ адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і праводзімай ім палітыцы. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:
- Аксана Аўчынская змешчана пад варту ў СІЗА па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 КК за перадачу звестак аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі ў адзін з телеграм-каналаў;
- Алег Храмых змешчаны пад варту ў СІЗА па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 КК за перадачу звестак аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі ў адзін з телеграм-каналаў;
- Андрэй Раптуновіч заключаны пад варту ў СІЗА па абвінавачванні ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні па арт. 361-1 КК і ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы па арт. 361-3;
- Аляксандр Загдай заключаны пад варту ў СІЗА па абвінавачванне ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 КК за перадачу інфармацыі аднаму з тэлеграм-каналаў;
- Канстанцін Байсараў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі па абвінавачванне ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 КК за перадачу звестак аб расійскай ваеннай тэхніцы ў адзін з тэлеграм-каналаў.
Ацэньваючы дадзеную інфармацыю ў кантэксце грамадска-палітычных падзей пасля 24 лютага 2022 г., асноўнай падзеяй якіх стала ваеннае ўварванне Расійскай Федэрацыі ва Украіну і наступныя акты антываеннага пратэсту і салідарнасці з народам Украіны, мы прыходзім да высновы аб тым, што ў дадзеных выпадках грамадзяне перасьледуецца з-за іх палітычных перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў, распаўсюджвання інфармацыі і асацыяцыі.
Таму мы прызнаем іх палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітвязняў Аксану Аўчынскую, Алега Храмых, Андрэя Раптуновіча, Аляксандра Загдая, Канстанціна Байсарава;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Human Constanta;
Lawtrend;
Беларускі ПЭН;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.