Напісаў антываенны верш з абразамі прэзідэнта і запісаў яго ў Цік-Ток
Суд Віцебскага раёна 8 ліпеня разгледзеў крымінальную справу Аляксея Вячэрняга, абвінавачанага ў абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя А. Ігнаценка.
Вячэрні – грамадзянін Беларусі, але ўкраінец, які нарадзіўся ў Чаркаскай вобласці. Удзельнічаў у рэспубліканскіх фестывалях народнай творчасці ў Беларусі. Выхоўвае 16-гадовага сына.
Пасля пачатку абстрэлу Украіны з тэрыторыі Беларусі на эмацыйнай хвалі напісаў верш, запісаў яго на відэа і выклаў у Tik-Tok. У вершы прысутнічалі словы, якія абразілі прэзідэнта, прынізілі ягоныя гонар і годнасць.
Па матэрыялах абвінавачання Вячэрні 20 сакавіка 2022 года, знаходзячыся па месцы жыхарства ў аграгарадку Вымна Віцебскага раёна пры дапамозе мабільнага тэлефона ў сэрвісе Tik-Tok размясціў выраблены ім відэазапіс, у якім дапусціў у непрыстойнай і зняважлівай форме публічную абразу прэзідэнта. Старонка была прагледжаная не меней чым 244 разы.
Ад паслуг адваката ў судовым працэсе абвінавачаны адмовіўся.
Сваю віну ў судзе прызнаў цалкам.
Абвінавачанне запрасіла для Вячэрняга пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады.
Суд вырашыў зменшыць прапанаваны пракурорам тэрмін на тры месяцы і пакараў Аляксея Вячэрняга годам і дзевяццю месяцамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.