Яшчэ аднаго палітвязня асудзілі за "непадпарадкаванне" адміністрацыі бабруйскай калоніі
Палітзняволенага мінчука Андрэя Навіцкага, асуджанага да пяці гадоў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту, абразу Лукашэнкі ў відэароліку на YouTube і захоўванні пораху, асудзілі па арт. 411 Крымінальнага кодэкса за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі" бабруйскай калоніі № 2. 13 чэрвеня суддзя суда Бабруйскага раёна і Бабруйска Вольга Серакова прызначыла палітвязню яшчэ чатыры месяцы пазбаўлення волі і змяніла яму рэжым адбыцця пакарання з узмоцненага на строгі.
Нагадаем, 30 верасня 2021 года суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў вінаватым Андрэя Навіцкага ў тым, што 27 верасня 2020 года ён прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак: на праспекце Пераможцаў далучыўся да групы грамадзян, трымаў на выцягнутых руках БЧБ-сцяг, публічна выкрыкваў лозунгі, накіраваныя на парушэнне грамадскага спакою. Навіцкі знаходзіўся на праезнай частцы, што пацягнула за сабой парушэнне работы транспарту. Ягоныя дзеянні былі спалучаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.
Яго прызналі вінаватым паводле адразу трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса — арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У канцы студзеня 2022 года стала вядома аб пераводзе Андрэя ў бабруйскую калонію № 2. Там супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу па арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). 13 чэрвеня ў судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска адбыўся працэс, у выніку якога палітвязню дадалі яшчэ чатыры месяцы зняволення і змянілі рэжым з узмоцненага на строгі.
Месцазнаходжанне палітвязня высвятляецца.
"Ён нязломны ўпарты воін", — маці палітвязня Андрэя Навіцкага пра сына
Маці Андрэя Таццяна Іванаўна распавяла "Вясне" гісторыю сына.