viasna on patreon

«Калі не падабаўся адказ, то біў палкай па ягадзіцах». Мінчанка распавяла пра пяць арыштаў, катаванні ў ГУБАЗіКу і вымушаны ад’езд з краіны

2022 2022-07-12T13:24:39+0300 2022-07-12T18:39:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/morskaya3.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20-гадовую Ганну Морскую з пачатку 2021 года па адміністрацыйных справах сілавікі затрымлівалі пяць разоў. У лютым пасля затрымання на антываеннай акцыі пратэсту дзяўчына стала сведкай збіцця сукамерніцы ў ЦІПе на Акрэсціна, а ў траўні сілавікі збівалі ўжо яе саму. Агулам за кратамі ў нечалавечых умовах Ганна адбыла 63 дні. У траўні ў ГУБАЗіКу дзяўчыну паўгадзіны ўтрымлівалі на падлозе "ластаўкай" — адзін са спосабаў катаванняў. Былая арыштантка распавяла "Вясне" пра збіццё і катаванні ў ГУБАЗіКу, пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна, пра матывацыю змагацца далей і пра падтрымку сукамерніц.

Малюнак Ганны Морскай пра ўмовы на Акрэсціна
Малюнак Ганны Морскай пра ўмовы на Акрэсціна

 "Нас складана зламаць, бо мы пакутуем за ідэю"

Ганне Морскай 20 гадоў. Да вымушанай эміграцыі яна працавала барысткай ў адной з кавярняў Мінску. У 2021 годзе дзяўчына вучылася ў каледжы, але яе адлічылі праз чарговыя "суткі". Былая арыштантка падзялілася, чаму выходзіла на акцыі пратэсту і сваім меркаваннем пра перамогу:

«Трыгерам выхада на пратэсты стаў гвалт сілавікоў. Пасля ўсё падсілкоўвалася іх бяспраўем і ўсёдазволенасцю. Арышты і затрыманні сапраўды ўплывалі на мае погляды, пры чым не толькі мае арышты: маіх сяброў, знаёмых ды і незнаёмых людзей. Ува мне проста прачыналася злосць ад таго, што ты нічога не можаш зрабіць, каб спыніць гэта. Бывала і такое, што апускаліся рукі, але гэта мімалётнае. Пасля арыштаў мне наадварот хацелася рабіць болей, каб гэта хутчэй скончылася і яны адказалі за свае дзеянні.

Знаходзячыся ў камеры, было сапраўды шмат пачуццяў: злосць ад бездапаможнасці, нейкі зусім ненармальны спакой (ну проста самае страшнае ўжо здарылася), час ад часу накрывала ад няведання будучыні. Але з большага ўсе падтрымліваюць адзін аднога, абдымаюць, спяваюць, падымаюць настрой. Нас складана зламаць, бо мы пакутуем за ідэю.

Пасля кожнага арышту было ўстойлівае адчуванне, што гэта не апошні арышт. Ужо на трэці раз было пачуццё, што хутка ўсё скончыцца крыміналкай. А надзею я не згубіла. Зразумела, што гэта даволі надоўга, але перамога ўсё адно будзе. Таму што сіла ў праўдзе, а праўда за намі». 

Пяць затрыманняў за паўтара года і 63 дні за кратамі

Малюнак Ганны Морскай пра ўмовы на Акрэсціна
Малюнак Ганны Морскай пра ўмовы на Акрэсціна

Першы раз Ганну затрымалі ў студзені 2021 разам з сяброўкай каля метро ў Мінску. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 23.34 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і арыштавалі на 15 сутак. Наступным разам дзяўчыну затрымалі праз пяць месяцаў за акцыю пратэсту, але абвінавацілі ў «дробным хуліганстве» (арт. 19.1 КаАП). Дзяўчыну асудзілі да чарговых 15 сутак арышту. Трэці раз Ганна была затрыманая на антываеннай акцыі ў Мінску, але выпадкова — яе затрымалі каля працы за тое, што яна здымала на тэлефон, як сілавікі цягнуць у бус мужчыну. Дзяўчыну схапілі ціхары за адмову паказаць тэлефон. Морскую ўтрымлівалі ў ЦІПе на Акрэсціна тры дні, а потым выпусцілі, бо скончыўся 72-гадзінны тэрмін з моманту затрымання. Праз 2,5 месяцы адміністрацыйную справу па арт. 24.23 КаАП спынілі праз сканчэнне тэрміну даўнасці. 

«Урублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сцяну». Мінчанка распавяла пра трое сутак на Акрэсціна пасля антываеннай акцыі

Мінчанка распавяла «Вясне» пра збіццё сукамерніцы супрацоўнікам Акрэсціна, пра тое, што ў пяцімясцовай камеры ўтрымлівалі 35 мужчын, а затрыманых 27 лютага жанчын першы раз пакармілі толькі 1 сакавіка.

Але ўжо ў траўні да дзяўчыны прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКу: 

«Затрымлівалі спакойна, ветліва, уся “жэсць“ пачалася ў будынку ГУБАЗіКа, пасля адвезлі ў РУУС, і там склалі пратакол па ч.1 арт. 24.23 за рэпост у інстаграме, потым у пачатку чэрвеня мяне павінны былі выпусціць, але на выхадзе сустрэў ГУБАЗіК. У выніку тое ж самае, што і да гэтага, толькі пратакол за пост у інстаграме».

У выніку Морскую двойчы запар асудзілі на 15 сутак за «несанкцыянаванае пікетаванне».

Паўгадзіны дзяўчыну ўтрымлівалі на падлозе "ластаўкай" і білі за "няправільныя" адказы

Пасля затрымання ў канцы траўня сілавікі прывезлі дзяўчыну на машыне ў будынак ГУБАЗіКу на вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску. Як толькі яны спыніліся каля будынку, Ганне крыкнулі, каб яна апусціла галаву і завяла рукі за спіну. Потым яе прывялі ў кабінет.

«Мяне падвялі да стала, там пачалі допыт. Далей дыялог:

— Згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі Беларусі я адмаўляюся сведчыць супраць сябе і сваіх родных.

— То бок адмаўляешся ад паказанняў?

— Так.

– Ладна.

Праходзіць хвіліны дзве-тры, заходзіць мужчына, падыходзіць да стала і кажа: «На падлогу!». Я не зусім зразумела, што ён хоча і перазапытала. Адказаў: «На падлогу бл*ць». Я падпарадкавалася і лягла. Потым закрылі дзверы. Далей ён дастаў кайданкі, сказаў, што адчувае ад мяне пагрозу і надзеў іх на мяне. Потым паставіў у «ластаўку» — гэта калі рукі ў кайданках, а ногі прасоўваюць за іх, скручвая цябе «абаранкам».

Пасля пачалі заходзіць людзі, быў той, хто пхнуў нагой па рэбрах, потым чымсьці кінулі ў мяне. Калі рабілі пастанову на ператрус, то абяцалі разнесці кватэру, дзе я жыву і дом бацькоў. Я на ператрус не ездзіла.

Потым зайшоў нейкі мужчына, падняў мне галаву за валасы, каб паглядзець хто я, запытаў ці ведаю я яго. Пасля пачаў задаваць пытанні. Было пытанне пра беларускую мову кшталту, чаму не размаўляю з імі па-беларуску, было пытанне «што зрабіла за сваі 20 год» і іншыя. Калі не падабаўся адказ, то біў палкай па ягадзіцах. Быў такі момант, што яму падалося быццам я адказала на беларускай мове, ён зноў ударыў палкай і сказаў, каб размаўляла нармальна.

Удары не былі моцныя і надта балючыя, гэта больш неяк абраджальна, каб прынізіць і зламаць чалавека. Плюс яшчэ абразы наконт сэкса, лаянка.

Калі допыт скончыўся, то яны амаль усе выйшлі з пакоя, дадаўшы, што буду так ляжаць пакуль не пасінеюць рукі. Агулам я так праляжала прыкладна паўгадзіны. Яны вярнуліся, але ўжо ў балаклавах, сказалі, каб я паднялася і падпісала паперы. Потым нацягнулі каптур байкі на галаву і павялі ў машыну, апусціўшы галаву ў ніз».

 «Для супрацоўнікаў нармалёва, што ўвесь час кагосьці "каруселяць"»

Малюнак Ганны Морскай пра ўмовы на Акрэсціна
Малюнак Ганны Морскай пра ўмовы на Акрэсціна

Пасля ГУБАЗіКу Ганну павезлі ў РУУС, дзе паставілі каля сцяны. Пакуль на яе складалі пратакол за «несанкцыянаванае пікетаванне», з ёй увесь час размаўляў супрацоўнік ГУБАЗіКу. Ён пытаўся, ці ёсць ў дзяўчыны татуіроўкі і справабаваў пераканаць, што у яе "няправільныя" погляды. Ганна адзначае, што ўсе размовы з супрацоўнікамі ГУБАЗіКу ў яе праходзілі ў кайданках.

Потым дзяўчыну чакаў суд, які прызначыў ёй 15 сутак арышту. Але па заканчэнні тэрміну Ганна на волю не выйшла — яе перазатрымалі і склалі пратакол. Вынік — чарговыя 15 сутак. 

«Затрыманне і перазатрыманне мы называлі «карусель». Для супрацоўнікаў як бы нармалёва, што ўвесь час кагосьці «каруселяць», але яны былі ўражаны ад нашых гісторый, пачынаючы ад затрыманняў і сканчаючы ўмовамі зняволення».

Ні матрацаў, ні пасцельнай бялізны, ні медыцынскай дапамогі: у якіх умовах сядзяць арыштанты

Ганна за ўсю гісторыю свайго пераследу правяла за кратамі агулам 63 дні. Яна распавяла пра ўмовы ў ЦІПе, якія былі ў траўні-чэрвені 2022 года, а таксама параўнала іх з умовамі падчас мінулых арыштаў:

«Умовы змяняюцца кожны месяц. У параўнанні з тым, што было год таму, умовы дзесьці лепш, дзесьці горш. Канешне, класічна перапоўненыя камеры, без бялізны і матрацаў, без прагулак, душа, перадач і сродкаў гігіены. У нас было ад 7 да 14 чалавек у знакамітай "пятнашке" [двухмесная камера № 15 ЦІПа на Акрэсціна]. У хлопцаў, чула, што ў адной было 12 чалавек, у другой — 19. Дадаткова яшчэ былі бяздомныя з рознымі насякомымі. У камерах былі вошы, прусакі, макрыцы, клапы».

Неабходная медыцынская дапамога арыштантам не аказваецца  

«Людзі масава хварэюць на прастуду і ангіну. Напрыклад, у палітзняволеннай Алены Жарынай была гнойная ангіна, якую лячылі парацэтамолам і нейкімі антыбіётыкамі. Калі я захварэла, то не паспявала ачуняць, як хварэла зноў, і так было амаль з кожным. Забіраюць верхнюю вопратку на ўваходзе. Не выключалі святло, будзілі а 2 і 4 гадзінах ночы, якасную медыцынскую дапамогу атрымаць нерэальна. Напрыклад, быў выпадак, калі да нас прывялі Аллу Ільінішну (яе да нас прыводзілі тройчы за мае 30 дзён) і ёй стала дрэнна. Мы пачалі грукаць у дзверы і прасіць дапамогі, пакуль Ільінішна не страціла прытомнасць — лекара не прывялі. Днём ніякіх лекаў не даюць, бо "утром всё дали", а тое, што магло стаць дрэнна днём, ніяк не ўспрымаецца.

У ІЧУ, дзе сядзяць тыя, хто па крымінальных справах, страшэнны холад. Нават у такое гарачае надвор'е там вельмі холадна. Яшчэ там няма спакою ад клапоў. Дзяўчаты, да якіх я трапляла, пыталі, ці перадавалі праз тых, хто прыходзіў, што застужваюць сабе ўсё, бо там двухмесная камера і таксама перапоўненая. Але настрой там больш дыпрэсіўны, таму што, на жаль, большая колькасць з гэтых людзей паедзе ў СІЗА. У ЦІП не збівалі, прынамсі дзяўчат. Усіх, з кім я мела зносіны, у тым ліку мяне саму, білі толькі або ў РУУС, або ў ГУБАЗіКу».

На Акрэсціна Ганна сядзела з некалькімі палітычнымі зняволенымі

Малюнак Ганны Морскай пра ўмовы на Акрэсціна
Малюнак Ганны Морскай пра ўмовы на Акрэсціна

 Дзяўчына ўзгадала, з кім адбывала 30-сутачны арышт у ЦІПе:

«У камеры былі дзве жанчыны з якімі я сядзела ўжо раней. Дзіўна было насамрэч сустрэцца ў такім месцы.

Большасць ідзе па першаму разу і амаль усе па 19.11 КаАП. Я жартавала, што адзіны тут «прылічны змагар», бо была па 24.23, а астатнія — адныя экстрымісты. Былі некалькі чалавек па 24.3 і 19.1. Шмат было гісторый, калі прыйшлі за мужам і жонку забралі як бонус. Шмат было з тых, хто сядзеў суткі, потым яму давалі крыміналку: спачатку яны сядзяць у ІЧУ 10 дзён, а потым ужо ў СІЗА ці на волю выпускалі пад падпіску або пад залог».

З «вядомых» сукамерніц я сядзела з Наталляй Дулінай, з палітзняволеннымі Аленай Жарынай,Таццянай Талочка, Палінай Кабешэвай. У ІЧУ я перасяклася з палітзняволеннай Наталляй Ганчарэнка і з адвакаткай Анастасіяй Лазарэнка. Шмат заводзяць крымінальных спраў за фотаздымкі з пратэстаў ў сацсетках і тэлефоне.

Адносіны паміж сукамерніцамі — гэта штосьці неверагоднае, я не перастаю здзіўляцца таму, наколькі моцным можа быць чалавек. І ўсе вельмі разумныя і крутыя людзі. З сукамерніцамі камунікую, не з усімі, але застаемся на сувязі. Знайшла сабе сяброўку, зараз шмат з ёй перапісваемся. Сустрэцца не можам нажаль, але хоць так.

Палітзняволенным пішу лісты. Увогуле лісты гэта заўсёды важна, цяжэй за ўсё пісаць лісты тым, каго ты ўласна ведаеш, але рабіць гэта трэба».

Шчымлівыя і цёплыя гісторыі, якія таксама здараюцца на Акрэсціна

Дзяўчына ўзгадала кранальныя гісторыі, якія адбываліся падчас арышту:

«Быў такі выпадак, калі я спала з Таняй Талочка на другім ярусе "шконкі", і мяне пачало трэсці ад холада. Таня мне абняла за ногі, каб мне крыху цяплей стала. Увогуле яна вельмі хвалявалася за мяне, бо я была адзінай дзяўчынай, якая далёка не першы раз і якую ў ГУБАЗе паставілі ў "ластаўку". Былі такія вельмі цёплыя адносіны, штосьці як "маці і дачка". Калі нас раздзялілі, а потым зноў пасадзілі разам, то я вельмі ўзрадавалася, што пабачыла яе. Была яшчэ дзяўчынка, якая вельмі любіла абдымаць мяне.

А таксама вельмі кранальна слухаць аповеды пра хлопцаў, якія сядзяць у суседняй камеры, і асабліва падчас "шмона" назіраць за рэакцыяй, калі чуюць прозвішча свайго каханага. Гэта не перадаць словамі».

Парады беларусам на выпадак затрымання 

Малюнак Ганны Морскай пра ўмовы на Акрэсціна
Малюнак Ганны Морскай пра ўмовы на Акрэсціна

 Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца ні на дзень і штодзённа адбываюцца затрыманні дзясяткаў чалавек. Ганна адзначыла, што ўсё для кожнага праходзіць вельмі індывідуальна, але падрыхтавала спіс агульных парад, якія дапамогуць мінімалізаваць наступствы пасля затрыманняў:

«Чысціце тэлефон і сацсеткі, тады рызыкі атрымаць крыміналку і «карусель» значна менш. Усталёўвайце "партызанскі тэлеграм". Ніколі не верце праваахоўнікам, выконвайце тое, што патрабуюць, не хаміце ім.

Сваякам варта ведаць, што абавязкова трэба падаваць інфармацыю у спісы затрыманых, што калі свайго роднага не могуць знайсці, то можна пісаць заяву аб знікненні чалавека, што перадачы не бяруць, толькі лекі, але можна паспрабаваць. З лекаў абавязкова трэба перадаваць абязбольныя, супрацьвірусныя, антыбіётыкі, вітаміны, заспакаяльныя. Гэта мінімальны набор таго, што спатрэбіцца 100%. Калі нічога не бяруць, то трэба настойваць».

"Я абавязкова вярнуся дадому" 

У канцы чэрвеня пасля апошняга арышту Ганна прыняла рашэнне пакінуць краіну праз пагрозы ад сілавікоў. Але дзяўчына ўпэўненая, што вернецца дадому і трэба працягваць змаганне:

«З’ехала я пасля прамога намёку ад ГУБАЗІКА, што трэба гэта зрабіць. Я яшчэ на першай адміністратыўцы казала, што села я не апошні раз, і зараз гэта было зразумела. Не так страшна туды трапляць, калі ты ўжо не першы раз, і гэта даволі рэальна перажыць, хоць яно і пакідае адбітак. Рашэнне было сапраўды складаным, зараз у мяне бываюць думкі пра тое, што можа і дарма. Я абавязкова вярнуся дадому.

Беларусам варта працягваць змаганне за свабоду. Толькі мы можам зрабіць усё, каб яны адказалі за свае злачынства. Таму трэба ісці да апошняга».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства