viasna on patreon

"Пора выносить мусор" — за такі каментар палітвязня асудзілі па "справе Зельцэра" да двух гадоў калоніі Дапоўнена

2022 2022-07-13T15:23:00+0300 2022-07-13T15:41:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/loiko_vital_9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім абласным судзе вынеслі чарговы прысуд за каментары па "справе Зельцэра". 31-гадовага палітвязня з Салігорску Віталя Лойку асудзілі па арт. 369 (абраза супрацоўніка КДБ) і ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса да двух гадоў калоніі і штрафу ў памеры 100 базавых велічыняў (3200 беларускіх рублёў). Такі прысуд вынесла суддзя Алена Міснік. Пад вартай палітвязня ўтрымліваюць амаль дзесяць месяцаў. КДБ унёс яго ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".

loiko_vital_9.jpg
Віталь Лойка

Згодна з версіяй абвінавачвання, Віталь Лойка 29 верасня 2021 года са свайго мабільнага тэлефона размясціў у публічным Telegram-чаце рэпост публікацыі са зместам "пора выносить мусор". Паведамленне суправаджалася выявай Андрэя Зэльцэра са стрэльбай у руках.

"Размяшчэннем падобнага каментара абвінавачаны меў намер стварыць у аўдыторыі ілжывае ўяўленне аб нелегітымнасці дзеянняў праваахоўных органаў пры выкананні службовых абавязкаў, распачаць нянавісць, сацыяльную варожасць і варажнечу па прыкмеце прыналежнасці да прафесіі", — сцвярджаюць у пракуратуры.

Віталь быў затрыманы 30 верасня 2021 года і ўтрымліваўся да суда ў жодзінскай турме. На судзе палітвязень віну не прызнаў і адмовіўся ад дачы паказанняў.

Пракурор запрасіў Лойку пакаранне ў выглядзе двух гадоў калоніі і штрафа ў памеры 100 базавых велічыняў. Менавіта такі прысуд вынес суддзя Алена Міснік. 

*Выпраўлены ўзрост і ўдакладнены дадзеныя асобы палітвязня.


Гэта восьмы прысуд па "справе Зельцэра"

Першы быў вынесены ў студзені 2022 года. У Магілёве суддзя суда Ленінскага раёна Таццяна Рахманенка асудзіла 45-гадовага жыхара горада Аляксандра Гаўрыленку да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў 100 базавых велічынь.

4 красавіка ў Брэсцкім абласным судзе вынеслі прысуд палітвязню Дзянісу Карабану, затрыманаму за каментар у інтэрнэце пасля гібелі Андрэя Зельцэра. Мужчыну асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 

У Брэсцкім абласным судзе 14 красавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе палітвязня, бас-гітарыста гурта TerraKod Віктара Катоўскага. Справу разглядаў суддзя Мікалай Грыгаровіч, дзяржабвінаваўца – Пакала. Па сукупнасці трох артыкулаў суд пастанавіў пакараць Катоўскага пазбаўленнем волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму і штрафам у памеры 100 б. в. альбо 3 200 рублёў.

У Брэсце 28 красавіка вынесены прысуд Уладзіміру Агіевічу. Суддзя Святлана Крамянёўская прызнала палітвязня вінаватым паводле арт. 130 КК і асудзіла яго да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. На судзе пракурорка выкарыстоўвала фармулёўку «знішчаны» ў дачыненні да загінулага Андрэя Зельцэра.

18 траўня ў Мінскім абласным судзе агучылі чарговы прысуд па "справе Зельцэра" — палітзняволеную Аліну Забаштанскую асудзілі да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе абвінавацілі па ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнай кодэкса. Па словах сваякоў, судзілі яе за відэа і каментары ў Tik-Tok. Аліна хворая на эпілепсію.

22 чэрвеня быў вынесены прысуд палітвязню Аляксандру ПятрашкуЯго асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Мужчыну судзілі за каментар па "справе Зельцэра". У чэрвені гэтага года КДБ унёс яго ў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".

29 чэрвеня ў Гродзенскім абласным судзе вынеслі прысуд палітзняволенай настаўніцы музычнай школы Аксане Каспяровічгод і два месяцы пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Але з улікам тэрміна, які яна ўжо правяла за кратамі, ёй засталося быць у зняволенні крыху больш за два тыдні.

Нагадаем, каля сотні затрыманых па гэтай справе інкрымінуецца адразу два артыкулы КК — 369 і 130 (распальванне сацыяльнай варожасці). 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства