viasna on patreon

Жыхара Полацка за абразы супрацоўнікаў МУС асудзілі ў другі раз

2022 2022-07-13T20:15:11+0300 2022-07-21T14:50:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/polack-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд горада Полацка. Фота: "Віцебская Вясна"

Суд горада Полацка. Фота: "Віцебская Вясна"

Суд горада Полацка і Полацкага раёна 13 ліпеня вынес прысуд Ігару Іванову, які абвінавачваўся ў абразе супрацоўнікаў міліцыі і супрацоўнікаў Дэпартамента выканання пакаранняў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Раіса Штуро, дзяржабвінаваўца – памочнік пракурора Кацярына Кабачэўская.

Да суда Іваноў знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

Па матэрыялах абвінавачання, Ігар Іваноў 8 верасня 2021 года ў глабальнай сетцы інтэрнет у тэлеграм-чаце "Шалтай-Балтай" размясціў абразлівыя каментары ў адрас першага намесніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Ён жа 27 верасня ў іншых каналах абразіў некалькі супрацоўнікаў міліцыі, размясціўшы фотаздымкі з ненарматыўнымі надпісамі.

Пад час допыту абвінавачанага ў судзе высветлілася, што 7 чэрвеня 2022 года суд Полацкага раёна ўжо асудзіў Іванова за абразу прадстаўнікоў улады на два з паловай гады абмежавання волі. Справу тады разглядаў суддзя Уладзімір Бясецкі.

Ігар Іваноў у судзе прызнаў сваю віну, патлумачыў, што зрабіў гэта на эмоцыях, паддаўшыся агульнаму настрою ўдзельнікаў чату.

Пацярпелыя на суд не з’явіліся, у судзе зачыталі іх паказанні на этапе следства. Яны вылучылі таксама матэрыяльныя прэтэнзіі маральнай шкоды.

На пытанне суддзі, як ён збіраецца іх аплочваць, Іваноў патлумачыў, што зараз выплочвае пазовы па першым працэсе.

Абвінавачанне запрасіла для Іванова абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады, улічваючы папярэдні прысуд.

Суд пастанавіў прызнаць Іванова вінаватым і пакараў яго трыма гадамі “хіміі” і штрафу ў памеры 2 880 рублёў (недаплочаная сума па першаму прысуду).

Таксама суд задаволіў кампенсацыі маральнай шкоды чатыром пацярпелым па 1 000 рублёў кожнаму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства