"Хросныя" выступілі ў падтрымку "вясноўцаў" у гадавіну іх затрымання
Дэпутаты нямецкага Бундэстага, якія ўзялі на сябе абавязкі сімвалічных "хросных" зняволеных праваабаронцаў "Вясны" у межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай нямецка-швейцарскай арганізацыяй “Libereco — Партнёрства за правы чалавека”, выказалі словы падтрымкі ў першую гадавіну з моманту іх затрымання.
Так Штэфан Гельбхаар, дэпутат нямецкага Бундэстага і “хросны” Уладзіміра Лабковіча, выступіў з заявай:
“Сёння спаўняецца год, як беларускі праваабаронца і юрыст Уладзімір Лабковіч знаходзіцца ў зняволенні па несправядлівым абвінавачванні. Я ўзяў над ім шэфства і выступаю за яго вызваленне.
Юрыст Уладзімір Лабковіч кіруе Праваабарончым цэнтрам "Вясна" разам з Алесем Бяляцкім і Валянцінам Стэфановічам, якія таксама былі арыштаваныя. Гэтая арганізацыя імкнецца дапамагчы тым, хто знаходзіцца ў зняволенні па палітычных матывах. Для такіх людзей, як і для іх родных, аказваецца юрыдычная падтрымка — ўсё гэта пад моцным ціскам з боку рэжыму.
Я выказваю салідарнасць і ўдзячнасць беларусам, якія негвалтоўнымі метадамі адстойваюць дэмакратыю, вяршэнства закона, правы чалавека, свабоду і свабодныя выбары. Гвалту ў Беларусі неабходна пакласці канец, палітвязні павінны выйсці на волю, патрэбныя новыя, свабодныя і сумленныя выбары ў прысутнасці міжнародных назіральнікаў і нарэшце — сур'ёзны і інклюзіўны працэс канстытуцыйнай рэформы.
Кіраўніцтва Беларусі неаднаразова парушала міжнародныя абавязацельствы па абароне правоў чалавека. Вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя, а многія прадстаўнікі апазіцыі беглі за мяжу, ратуючыся ад дыктатарскага рэжыму. Сам рэжым падтрымаў Пуціна ў яго захопніцкай вайне з Украінай, якая супярэчыць нормам міжнароднага права. Санкцыі Еўрапейскага саюза ў дачыненні да асоб, адказных за тое, што адбываецца ў Беларусі, павінны быць пашыраныя і распаўсюджаныя на беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы, якія складаюць фінансавую аснову рэжыму. Акрамя таго, патрабуецца больш істотная падтрымка мужнай грамадзянскай супольнасьці, беларускіх журналістак і журналістаў, а таксама ахвяраў рэжыму і іх сем'яў”.
Старшыня дэпутацкай групы “Саюз 90/Зялёныя” у нямецкім Бундэстагу Антон Хофрайтэр запісаў відэазварот у падтрымку свайго “хрэсніка” Валянціна Стэфановіча.
“Беларускі дыктатар не толькі падтрымлівае злачынную наступальную вайну Расіі супраць Украіны, але і спрабуе цалкам знішчыць дэмакратычную апазіцыю ва ўласнай краіне. Больш за год таму ён распарадзіўся арыштаваць дэмакратычнага актывіста Валянціна Стэфановіча і яго калег. З тых часоў яны несправядліва знаходзяцца ў зняволенні. Я патрабую неадкладнага вызвалення ўсіх беларускіх дэмакратычных актывістаў з турмаў”, — сказаў Хофрайтэр.
Cімвалічная "хросная" Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента Нікола Бір, напісала на сваёй старонцы ў Instagram:
"14 ліпеня год таму былі арыштаваныя тры кіраўнікі беларускага Праваабарончага цэнтра "Вясна": Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч.
Як чалавек, які ўзяў шэфства над Алесем Бяляцкім, я рашуча асуджаю неправамерныя і неабгрунтаваныя арышты, ініцыяваныя дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі, і патрабую неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
За свабодную, незалежную і дэмакратычную #Belarus".
"Праваабаронца — не злачынца": год за кратамі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзь Лабковіч