За фотавыявы вайсковай авіятэхнікі ў Брэсце асуджаны журналіст Юрый Ганцарэвіч
Брэсцкі абласны суд 14 ліпеня вынес прысуд па крымінальнай справе палітзняволенага журналіста Юрыя Ганцарэвіча. Яго абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Мікалай Грыгаровіч, дзяржабвінаваўца — пракурор Аляксей Ярошык
Юрый Ганцарэвіч — журналіст “Intex-press” з Баранавічаў. Быў затрыманы 27 красавіка 2022 года, а 29 красавіка асудзілі на 10 сутак арышту.
6 траўня Ганцарэвічу было прад'яўлена абвінавачанне паводле ч. 1 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ён прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да чатырох гадоў ці пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.
Па матэрыялах абвінавачання Ганцарэвіч, "маючы намер на іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, 2 сакавіка 2022 года, прыкладна ў 18.09, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы ў горадзе Баранавічы, выкарыстоўваючы ў якасці сродку здзяйснення злачынства тэлефон", адправіў у бот тэлеграм-канала "Радыё Свабода", прызнаны ў адпаведнасці з рашэннем МУС РБ ад 23 снежня 2021 года экстрэмісцкім фарміраваннем, экстрэмісцкія матэрыялы. А менавіта — "фотавыявы вайсковай авіятэхнікі, якая знаходзіцца на тэрыторыі аэрадрома 61 знішчальнай авіяцыйнай базы, якая дыслакуецца ў Баранавічах, з подпісам "аэрадром у Баранавічах".
Сёння быў агучаны прысуд: прызнаць Ганцарэвіча вінаватым у здзяйсненні злачынства па п. 1 артыкула 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.