viasna on patreon

Год за кратамі. Як прайшоў вечар салідарнасці с затрыманымі праваабаронцамі “Вясны”

2022 2022-07-15T13:35:09+0300 2022-07-15T16:51:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vechar-salidarnasci_14-07-2022_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вечар салідарнасці з затрыманымі 14 ліпеня 2021 года праваабаронцамі “Вясны” адбыўся ў Беларускім доме ў Вільні. Менавіта год таму за краты трапілі тры сябры арганізацыі.

У якіх умовах утрымліваюцца палітзняволеныя “вясноўцы”, што іх падтрымлівае за кратамі і як жывуць іх сем’і — гэтым іх сваякі і калегі падзяліліся з прысутнымі.

“Не губляе надзеі на тое, што пабачымся”

Да сям’і намесніка старшыні “Вясны” і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча сілавікі прыйшлі без дзвюх хвілін сем, раніцай 14 ліпеня 2021. Яны настойліва сталі званіць у дзверы. І гэта была апошняя раніца, праведзеная разам з сям’ёй: Валянціна змясцілі пад варту, а яго жонка Аліна Стэфановіч з трыма дзецьмі пакінула краіну.

 “Я думаю, што ягонае рашэнне застацца ў Беларусі было свядомым, — падзялілася Аліна падчас вечара салідарнасці. — Нам прыйшлося з’ехаць у Грузію, каб даць Валянціну волю ў дзеяннях: каб ён не перажываў яшчэ і за нас. Хаця мушу сказаць: у мяне такое адчуванне, што адным бокам мы ў вольнай краіне, а іншы канец вяровачкі застаецца ў СІЗА-1 на Валадарцы”.

vechar-salidarnasci_14-07-2022_alina.jpg
Аліна Стэфановіч

Аліна распавяла, што пра стан Валянціна вядома досыць мала. Бо адзіны сродак сувязі — гэта перапіска, але цэнзура СІЗА-1 прапускае далёка не ўсё:

“Ведаю, што сядзіць ён у, наколькі я разумею, падвальным памяшканні, таму што скардзіцца на пагаршэнне зроку і на тое, што вельмі нязручна чытаць. Але агулам Валянцін адчувае сябе бадзёра і не губляе надзеі на тое што, мы — хутка ці не хутка, але, відавочна, пабачымся”.

Аліна Стэфановіч падзякавала сябрам і калегам Валянціна: і з “Вясны”, і з іншых праваабарончых арганізацый і міжнародных арганізацый грамадзянскай супольнасці:

“Вельмі важная вашая падтрымка. Я яе вельмі адчуваю — і гэта тое, што трымае мяне. Я ўпэўнена, што і Валянціну лягчэй сядзіцца, ведаючы, якія ў яго калегі і сябры”.

“Гэтыя лісты прасцей было б данесці пешкі”

Пра тое, што сілавікі прыйшлі 14 ліпеня 2021 года да Уладзіміра Лабковіча, “Вясна” дазналася з яго паста ў фэйсбуку. Ён напісаў адно слова: “вобшук”. У той дзень затрымалі і жонку Уладзя — Ніну. Гэта быў моцны ўдар для сям’і, у якой дома засталося трое непаўнагадовых дзяцей.

Мікалай, малодшы брат Уладзіміра Лабковіча, распавёў, як сям’я Уладзя перажывае гэты цяжкі перыяд:

“Пэўны час было невядома, што будзе з дзецьмі. А наша маці даволі пажылога веку — і дзеці маглі застацца на няпэўны час з ёй. Таму гэта быў вельмі складаны час”.

vechar-salidarnasci_14-07-2022_2.jpg
Мікалай Лабковіч падчас вечара салідарнасці

Ніну нечакана адпусцілі пасля 10 сутак за кратамі. Сам Мікалай на момант затрымання Уладзя знаходзіўся за мяжой.

“І менавіта з таго, што ты не там, ты не ведаеш, што рабіць, куды бегчы і ў каго запытаць дапамогі. Таму што насамрэч да Уладзя заўсёды я мог звяртацца па дапамогу: ён заўсёды дапаможа і словам, і справай. Але тут я застаўся сам-насам з гэтай гісторыяй”.

Мікалай адзначыў, што сітуацыя з Уладзем Лабковічам падобная і на тую, якая зараз у Валянціна Стэфановіча — сувязь вельмі кепская, а здароўе пагаршаецца:

“Мой старэйшы брат скардзіўся блізкім сваякам праз лісты на тое, што ў яго пагоршыўся зрок, што частыя галаўныя болі і агулам фізічны стан вельмі пагоршыўся.

Прынамсі я дасылаў яму 16 лістоў — з іх я атрымаў адказ толькі на тры. Такім чынам сістэма спрабуе ціснуць на Уладзя псіхалагічна: што ён застаўся сам-насам і больш нікому не патрэбны.

Ён вельмі сумуе па сваіх дзетках і разумее, што адзінае, што ён можа зрабіць — напісаць ім лісты. На жаль, даволі дзіўная ў іх сістэма цэнзуравання: бывае часам лісты даходзяць па нумерацыі спачатку апошні, а пасля трэці з канца, а пасля другі з канца. Я не ведаю, якім чынам іх сартуюць. У нас ужо з’явіўся такі лакальны жарт з роднымі: гэтыя лісты прасцей было б данесці пешкі, бо ідуць яны два-тры тыдні, а прыходзяць часам праз месяц”.

Мікалай адзначыў: хоць гучыць і супярэчліва, але амаль адзінае, чым можна зараз падтрымаць Уладзя — гэта менавіта пісаць яму лісты.

“Я цяжка перажываю тое, што год незразумела, што з крымінальнай справай, куды і як яна будзе рухацца. Што ў гэтай справе? Вельмі шмат цёмных плямінаў”.

"Іх напаткаў лёс усіх зняволеных"

У якіх умовах утрымліваюцца палітзняволеныя калегі і на якой стадыі знаходзіцца “справа Вясны”— пра гэта падчас вечара салідарнасці распавёў юрыст “Вясны” Павел Сапелка:

“Насамрэч мы ведаем не так шмат, як хацелася. Мы прывыклі ўсе мінулыя гады быць добра інфармаванымі ў тым, як праходзяць расследаванні і судовыя пасяджэнні. Але, на жаль, цяпер мы, як і тысячы беларусаў, зрабіліся ахвярамі поўнай адсутнасці інфармавання і таго вакууму, які ўлады ладзяць вакол асуджаных і абвінавачаных, і ў тым ліку вакол нашых таварышаў”.

“Вясноўцы” сутыкнуліся з праблемамі са здароўем — і своечасова не забяспечваліся неабходнай падтрымкай у лячэнні і нармальнымі умовамі знаходжання ў няволі.

“На жаль, тут нашых калегаў напаткаў лёс усіх палітзняволеных і проста зняволеных Беларусі, — адзначыў Павел Сапелка. — Ну і вось улады яшчэ зрабілі так, каб яны не атрымлівалі нашых лістоў і слоў падтрымкі. І яны, на жаль, не ведаюць пра вынікі нашай сённяшняй працы — у той ступені, у якой нам хацелася б.

Але мы ў кожным разе будзем працаваць. І будзем рабіць так, што калі нашы сябры выйдуць на волю і мы з імі сустрэнемся, то нам сапраўды не будзе сорамна за сябе”.

14 ліпеня 2021 года на сувязь перасталі выходзіць 11 сябраў праваабарончага цэнтра “Вясна”. Сярод затрыманых былі і журналіст Сяржук Сыс, і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Андрэй Палуда. Але тры прадстаўнікі “Вясны” з таго дня так і не выйшлі на волю: старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч. А раней яшчэ чацвёра сябраў арганізацый у розны час трапілі за краты: Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк, а таксама Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства