Сфатаграфавалася на фоне барабаншчыкаў і атрымала тры гады "хатняй хіміі"
У судзе Ленінскага раёна Мінска вынесены прысуд менеджэрцы па міжнародных перавозках Анастасіі Санкоўскай, якая была абвінавачаная ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак альбо ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс вяла суддзя Анастасія Ачалава.
Анастасію Санкоўскую затрымалі 31 сакавіка 2022 года. Спачатку яе асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, а потым прад’явілі абвінавачанне ва ўдзеле ў паслявыбарных акцыях пратэсту — нібыта яна пад час акцый пратэсту разам з іншымі ўдзельнікамі перакрывала вуліцы.
Падставай для крымінальнага пераследу былі фотаздымкі ў яе мабільным тэлефоне, на якіх Санкоўская зафіксаваная ў момант руху па праезнай частцы дарогі на фоне барабаншчыкаў.
У судзе Санкоўская сам факт удзелу ў акцыі не аспрэчвала, але не пагадзілася са сцверджаннем пракурора, што пры гэтым выкрыквала лозунгі і непадпарадкоўвалася патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.
14 ліпеня суд пастанавіў прызнаць Анастасію Санкоўскую вінаватай і прысудзіў ёй абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады (“хатняя хімія”).
Жанчыну вызвалілі з-пад варты ў зале суда.