Палітвязня, які ўзняў у Гомелі бел-чырвона-белы сцяг, асудзілі яшчэ і за абразу прэзідэнта
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 27 чэрвеня быў вынесены прысуд палітзняволенаму Георгію Васіленку, якога абвінавацілі ў абразе прэзідэнта Беларусі (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Віктар Казачок.
Георгій Васіленка — прадпрымальнік з Гомеля. Быў затрыманы 5 лютага 2021 года і абвінавачаны ў хуліганстве, здзейсненым групай асобаў (ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса).
16 жніўня 2020 года на цэнтральнай плошчы Леніна Георгій Васіленка спусціў з флагштоку дзяржаўны сцяг і падняў бел-чырвона-белы сцяг. Літаральна праз дзень следчыя вызначылі яго асобу.
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 26 лістапада быў вынесены прысуд у дачыненні да яго. Суддзя Сяргей Салоўскі прысудзіў Георгія Васіленку да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу — "хімія".
А 15 лютага 2022 Георгій быў затрыманы ў другі раз ўжо на "хіміі". Да суда знаходзіўся ў СІЗА-3 Гомеля.
Па матэрыялах абвінавачання, знаходзячыся па месцы адбывання пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу, Васіленка, усведамляючы публічны і зневажальны характар сваіх паведамленняў, размясціў у групавым чаце паведамленні, даступныя для вольнага прагляду і капіявання карыстальнікамі групавога чата, якія змяшчаюць выяўленыя ў лаянкавай форме абразы ў адрас прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія змяшчаюць ненарматыўную форму маўленчага выказвання.
Гэтыя дзеянні прынізілі публічна і ў непрыстойнай форме аўтарытэт, гонар і годнасць асобы прэзідэнта.
У судовым пасяджэнні абвінавачаны Георгій Васіленка сваю віну ў прад'яўленым яму абвінавачванні прызнаў цалкам.
Суд пакараў Васіленку за абразу прэзідэнта пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў. А з улікам не адбытага раней пакарання канчаткова прызначана пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год і сем месяцаў.