Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 20:05 па беларускім часе (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі "Беларускае Радыё Рацыя" — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'еру ў эфіры анлайн можна паслухаць праз інтэрнэт тут альбо тут (калі не адкрываецца, то карыстайцеся VPN). А таксама 98,1 FM для Гродна і 99,2 FM для Брэста.
(Анонсы папярэдніх выпускаў глядзіце тут).
Анонс праграмы на 19 ліпеня:
Па-за межамі: Палітвязняў узгадалі падчас фестывалю абуджаных “Tutaka”.
“Прапанавалі зрабіць больш за 1300 птушак і на кожнай напісаць імя палітвязня”, — мастачка Аляксандра Канафальская правяла акцыю “Птушкі свабоды”.
“Мы — словы на вуснах усіх палітзэкаў”, — спявачка Сhornabrova прысвяціла адну са сваіх песняў палітвязням, а падчас выступу паказваліся іх фотаздымкі.
Каментар: 14 ліпеня споўніўся год, як за кратамі знаходзяцца тры сябры “Вясны”: яе старшыня Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч. У той дзень у 2021 годзе затрымлівалі і праваабаронцу “Вясны” Сяржука Сыса. У рубрыцы ён дзеліцца ўспамінамі пра тое, калі апошні раз бачыўся з калегамі, а таксама пра сачэнне за ім сілавікоў, допыты ў ДФР і справу “Вясны”.
“У калідорах пабачыліся вачыма з Алесем — і ён мне паказаў пальцамі “вікторыю”.
Падзея: З нагоды гадавіны зняволення трох “вясноўцаў” у Беларускім доме ў Вільні прайшла вечарына салідарнасці. Прысутныя падзяліліся сваімі думкамі пра “вясноўцаў” і 14 ліпеня 2021 года.
“Заўсёды працаваць з “вясноўцамі” было прыемна. Гэта было класна — і па-чалавечы, і прафесійна” (Алег Гулак, старшыня БХК)
“Гэта якраз і гадавіна з таго дня, як мы самі зразумелі, што трэба з’язджаць з краіны. Бо ў гэты дзень прыйшлі да “Вясны”, а яна для нас была арыентырам” (Сабіна Брыло, журналістка)
“Вясна” — гэта каманда вельмі смелых і моцных людзей” (Наташа Баранава, журналістка і актывістка з Расіі)
“Мы бачыліся з Уладзімірам Лабковічам і Валянцінам Стэфановічам тыдні за два да таго, як іх затрымалі. Мы якраз размаўлялі, ці будуць яны з’язджаць з [Беларусі]. Яны сказалі — не. Гэта іх асэнсаваны выбар...” (Кацярына Дэйкала, экспертка БХК)
*Аўдыязапіс выпуску: