Чарговыя затрыманні, новыя "экстрэмісты", ціск на зняволеных і незалежныя прафсаюзы: хроніка пераследу 18-19 ліпеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманні
Чатыры затрымання ў Мазыры
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра тое, што "супрацоўнікі ГУБАЗіК сумесна з байцамі АМАП працягваюць ачыстку Мазыра ад экстрэмістаў, нацыстаў, каляфутбольных фанатаў і іншых малапрыемных элементаў". Вядома, што сярод затрыманых 17-гадовы Даніленка Данііл, Кажэўнікаў Дзяніс, Чопік Аліна і яшчэ адзін хлопец. На "пакаяльных відэа" яны кажуць, што былі падпісаныя на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы. Праўладныя каналы пішуць, што "яшчэ крыху, і горад зможа ўздыхнуць на поўныя грудзі".
У Баранавічах затрымалі лекара Аляксандра Трафімава
Раніцай 19 ліпеня мужчына паведаміў, што яго выклікаюць у міліцыю. Праз нейкі час жонка Аляксандра даведалася, што яго затрымалі папярэдне на трое сутак. Аляксандр Трафімаў вядзе instagram-старонку, на якой распавядае медычныя гісторыі з рэальнага жыцця. На яго папісана больш за 6,5 тысяч чалавек.
Сілавікі апублікавалі "пакаяльныя відэа" з кіраўнікамі службаў дапамогі прызыўнікам
Сцвярджаецца, што іх дзейнасць "была накіравана на адмазванне прызыўнікоў ад службы ў арміі". На відэа затрыманыя кажуць, што аказвалі паслугі для прызыўнікоў і іх бацькоў "у сферы пытанняў прызыву ў войска". Таксама некаторыя з іх "прызнаюцца" ў тым, што ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту і ўжывалі наркотыкі. Сілавікі адзначаюць, што "на сваіх кампутарах прадстаўнікі дадзеных фірмаў захоўвалі звесткі аб тых, хто звяртаўся да іх паслуг за ўвесь час". Службы дапамогі прызыўнікам аказвалі легальныя юрыдычныя і медыцынскія кансультацыі — дапамагалі прайсці поўны медагляд, каб выявіць у чалавека непрызыўнае захворванне, а таксама кансультавалі, што казаць і якія дакументы несці ў ваенкамат.
Гамельчука затрымалі за спробу далучыцца да батальёна імя Кастуся Каліноўскага
18 ліпеня праўладныя тэлеграм-каналы размясцілі "пакаяльнае відэа" з жыхаром Гомеля Аляксандрам Айнутдзінавым. На ім мужчына распавядае пра тое, што 24 лютага, калі Расія распачала вайну ва Украіне, ён пачаў "чытаць розныя тэлеграм-каналы" і вырашыў далучыцца да палка імя Кастуся Каліноўскага, каб абараняць Украіну. Для гэтага Аляксандр спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з Украінай, але быў затрыманы беларускімі памежнікамі, паведамляе Гомельская Вясна.
У Магілёве на працы затрымалі лекара-анастэзіёлага анкалагічнага дыспансера
За Дзмітрыем Марозавым таксама прыйшлі 18 ліпеня, у апошні працоўны дзень у медустанове. Вядома, што у 2020-м годзе Дзмітрый выйшаў з афіцыйнага прафсаюзу і намагаўся стварыць незалежны, паведамляе @novychas.
Былога гітарыста гурта Dzieciuki Андрэя Пудзіна арыштавалі на 15 сутак
Прычына затрымання — за "экстрэмізм". Падрабязнасці справы пакуль невядомыя. @nebovkletku паведамляе, што Андрэй апошнім часам жыў у Мінску і некаторы час не граў у гурце.
Ціск на зняволеных
Вольгу Маёраву і Мікалая Аўтуховіча змясцілі ў карцар
Па інфармацыі праваабаронцаў, Вольгу Маёраву і Мікалая Аўтуховіча змясцілі ў карцар за "парушэнне парадку". Дакладныя прычыны і тэрміны спагнанняў — невядомы. Акрамя гэтага, Аўтуховіч сёмы дзень працягвае трымаць сухую галадоўку.
Вядома, што адзінае патрабаванне Мікалая — зняць абмежаванні на ліставанне.
"Ён ужо моцна абязвожаны, перасохлі вусны і язык. У такой сітуацыі яго з пятніцы змясцілі ў карцар, доктар да яго прыходзіў таксама ў пятніцу, але ніякіх аналізаў не рабілі. Скардзіцца на здароўе гэты ўпарты моцны чалавек катэгарычна адмаўляецца. Адзінае патрабаванне, якое Мікалай выставіў, каб спыніць галадоўку, — зняць абмежаванні на ліставанне. Умова цалкам выканальная, але адзіная рэакцыя на яе — лісты перасталі даходзіць нават маці. Мае сэнс адпраўляць яму ваду без газу, сокі, дзіцячыя фруктовыя пюрэ (у дой-паках), мёд (у пластыкавых пакунках), каб у яго было ўсё неабходнае, каб у любы момант пачаць выхад з галадоўкі", — паведамляе Śviatłana Bohuš.
Нагадаем, у будынку гродзенскай турмы № 1 ужо два месяцы ідзе суд над фігурантамі "справы Аўтуховіча". Цяпер у судзе вывучаюць матэрыялы справы, якія складаюць больш за 65 тамоў.
Падтрымаць фігурантаў “справы Аўтуховіча” лістамі можна па адрасе: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. |
Былога рэжысёра БТ Вячаслава Ламаносава ў калоніі змясцілі ў ПКТ
Вячаслаў Ламаносаў 24 гады працаваў на дзяржаўным тэлебачанні, апошнія 15 гадоў — рэжысёрам у Белтэлерадыёкампаніі. Звольніўся 27 жніўня 2020 года. Мужчыну затрымалі 5 лістапада ў межах крымінальнай справы. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 25 кастрычніка і збіцці тэлеапэратара БТ. У судзе Ламаносаў заявіў пра катаванні пасля затрымання, падчас якіх яму зламалі тры рэбры і палец. 15 студзеня 2021 года мужчыну прысудзілі 2 гады калоніі па ч. 1 арт. 339 (Хуліганства) і ч. 1 арт. 342 (Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Тэрмін Вячаслаў адбывае ў папраўчай калоніі № 22 "Воўчыя норы". Стала вядома, што яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Але прычына і тэрмін невядомыя.
Падтрымайце Вячаслава лістамі салідарнасці: ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20. Вячаславу Ламаносаву |
Папаўненне ў спісе "экстрэмістаў"
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкім" хэштэг у Instagram #свободнаябеларусь. Гэта здарылася яшчэ ў лютым 2022 года, але звярнулі ўвагу на гэта толькі зараз, паведамляе @mediazona_by
Спынена дзейнасць 5 незалежных прафсаюзаў
19 ліпеня з’явіліся дадзеныя пра тое, што Вярхоўны Суд вынес рашэнні аб спыненні дзейнасці:
- Свабоднага прафсаюза Беларускага;
- Свабоднага прафсаюза металістаў;
- Беларускага незалежнага прафсаюза гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў;
- Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці;
- Асацыяцыі прафсаюзаў "Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў".
Як паведамляе пракуратура, шэраг членаў названых прафсаюзаў "прымалі актыўны ўдзел у дэструктыўнай дзейнасці, масавых мерапрыемствах, якія парушаюць грамадскі парадак, распаўсюджвалі інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкага зместу". Па ўсіх фактах іх супрацьпраўнай дзейнасці ўзбуджаны крымінальныя справы, а таксама прыняты меры адміністрацыйнага ўздзеяння.