Добруш: паўтара года калоніі за абразу Лукашэнкі ў тэлеграм-чаце
5 ліпеня суд Добрушскага раёна разглядзеў справу Дзяніса Шустава. Мужчыну абвінавачваюць у абразе прэзідэнта па ч.1 арт. 368 КК.
Судовае пасяджэнне ўзначаліла Святлана Лук'янава.
Гэта не першая справа, калі гэтая ж суддзя давала тэрміны за абразу Лукашэнкі. Да прыкладу, тая ж Лук'янава прысудзіла год калоніі мясцоваму рэперу Яўгену Пятрову за абразу Лукашэнкі, якую следчыя знайшлі ў песні "Лукашэнка, сыходзь" аўтарства гэтага хлопца. Яна ж расцаніла стыкер з "Пагоняй" у мясцовым тэлеграм-чаце як адзіночны пікет, пакараўшы 49-гадовую Вераніку Драбышэўскую штрафам у памеры 100 базавых велічынь, што склала 2900 рублёў.
У Добрушы пачалі судзіць рэпера nokrolik за песню “Лукашэнка, сыходзь”
Справу Дзяніса Шустава Лук'янава разглядала ў закрытым рэжыме, таму падрабязнсцяў з залы суда няма.
Паведамляецца толькі, што ў віну мясцоваму жыхару ставяць нейкі "каментар абразлівага характару ў адрас прэзідэнта" , і што віна Шустава падчас судовага разбіральніцтва была цалкам даказана.
Вынік суда наступы: абвінавачаны Шустаў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 368 КК "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".
У якасці пакарання Шуставу прызначылі 1,5 года пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
iPhone 6S, які належыць абвінавачанаму, у адпаведнасці з ч. 1 арт. 46-1 КК суд пастанавіў канфіскаваць на карысць дзяржавы.
Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджэван і апратэставаны.
"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і Email: viasna@spring96.org |