У Бабруйску працягваецца суд па справе яшчэ адной групы "тэрарыстаў"
У судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска 19 ліпеня працягваўся суд над групай мясцовых “тэрарыстаў”. Па справе праходзяць Ігар Казлоў, Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Наталля Кед і Надзея Полькіна.
Іх абвінавачваюць па некалькіх артыкулах:
- стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй (ч. 2 арт. 290-4 Крымінальнага кодэкса);
- акт тэрарызму (ч.2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса);
- пагроза здзяйснення акта тэрарызму; (ч.2 арт. 290 Крымінальнага кодэкса);
- абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс вядзе суддзя Наталля Агладкова.
У першы дзень судовага пасяджэння, 15 ліпеня, суддзя пастанавіла праводзіць працэс у закрытым рэжыме, таму вельмі мала на гэты час інфармацыі аб судовым працэсе.
Вядома, што ўсіх пяцярых бабруйчан абвінавачваюць у тым, што яны спалілі пудзіла Лукашэнкі ў сакавіку 2021 года.
Асобна Мінкевіча, Казлова і Ермаловіча абвінавачваюць за шэраг дзеянняў "тэрарыстычнага характару" летам-восенню 2021 года.
Тады УУС Магілёўскага аблвыканкама заявіла, што каля чыгуначнай станцыі Мірадзіна знойдзены прадмет, падобны на выбуховае прыстасаванне. Падобныя прадметы былі знойдзеныя работнікамі чыгункі 24 і 31 жніўня паміж рэйкамі каля чыгуначнай станцый Цітоўка і Бабіна, а таксама 16 верасня прадаўцом "Табакеркі" каля самага гандлёвага кіёска ў Бабруйску.
Таксама сілавікі палічылі тэрактам падпал стралковага ціра, які належыць вайсковай частцы 5527 (Бабруйск).
Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Ігар Казлоў былі затрыманыя 26 верасня 2021 года, цяпер іх утрымліваюць у СІЗА-5 у Бабруйску. Статус і месцазнаходжанне жанчын невядомыя.
Усіх траіх юнакоў КДБ унёс у “спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.
30 верасня УУС Магілёўскага аблвыканкама выпусціла відэа, на якім Віталь Мінкевіч прызнаецца ў закладцы “навучальных мін” на чыгунцы “разам з Косцем” (хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе Канстанцін Ермаловіч).
"Новы Час" паведамляе інфармацыю пра абвінавачаных бабруйчанах.
- Канстанцін Ермаловіч нарадзіўся ў Літве ў 1991 годзе, але пражывае ў Бабруйску, унесены ў спіс «тэрарыстаў».
- Віталь Мінкевіч нарадзіўся ў 1994 годзе. Вядома, што Віталь працаваў у абутковай краме ў Бабруйску. Хлопец таксама ўнесены ў спіс «тэрарыстаў».
- Ігар Казлоў нарадзіўся ў 1975 годзе, працаваў на «Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў», унесены ў спіс «тэрарыстаў».
- Наталля Кед нарадзілася ў расійскім Арзамасе, але з'яўляецца грамадзянкай Беларусі, пражывае ў Бабруйску. Афіцыйна не была працаўладкавана, таму апошняе месца працы невядома.
- Надзея Полькіна — працаўніца «Бабруйсктрыкатажу», жыхарка Бабруйску. Апошні раз была ў сацсетках 18 сакавіка, мажліва, у гэты дзень яна і была затрыманая.