Хроніка пераследу 20 ліпеня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна"20 ліпеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Уладзіміра Мацкевіча перавялі ў магілёўскую турму
Палітзняволенага філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за «Марш Народнага Ультыматума» 25 кастрычніка, ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) за платформу «Сход», а таксама па ч.1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) за відэазапіс на YouTube-канале.
За кратамі філосафа ўтрымліваюць ужо амаль 12 месяцаў. Разгляд справы Уладзіміра пачаўся 9 чэрвеня 2022 г. у Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. 23 чэрвеня яго прызналі вінаватым і асудзілі да пяці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Стала вядома, што днямі Мацкевіча этапавалі ў магілёўскую турму. Там ён будзе знаходзіцца да разгляду апеляцыйнай скаргі. Вы можаце падтрымаць палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі і бандэролькамі.
Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Уладзімір Уладзіміравіч Мацкевіч
У Барысаве затрымлівалі Вольгу Ліс, яе мужа арыштавалі на 10 сутак
У Барысаве 18 ліпеня пасля ператрусу затрымлівалі Вольгу Ліс. Раней, 14 ліпеня, быў затрыманы яе муж Алесь, якога пазней у адміністрацыйным парадку арыштавалі на 10 сутак.
Спачатку Вольгу выклікалі ў аддзяленне міліцыі, дзе дапыталі пра ўдзел ў акцыях пратэсту, маўляў, выкрыквала лозунгі, размахвала сцягамі. Жанчына адказвала, што менавіта ў гэты час яна была на працы. Урэшце Вольгу пакуль адпусцілі дадому.
Інфармацыя дапаўняецца.