Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні васьмі новых палітвязняў
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
20 ліпеня 2022 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Алег Сінякоў, узяты пад варту па арт.130 КК па “cправе Зельцара”;
- Ганна Кандраценка, асуджана па ч. 1 арт. 368, 369, 391 КК за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады, суддзі да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Аляксандр Жэдзік, асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Галіна Кавалёва, асуджана па ч. 2 арт. 367 КК за паклеп у дачыненні да А. Лукашэнкі да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Дзяніс Шустаў, асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да однаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Дзмітры Прохараў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Аляксандр Каценка, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Яўген Туравец, асуджаны па арт. 364 КК за каментар у сацыяльнай сетцы з невыканальнай пагрозай у дачыненні да прадстаўніка ўлады да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Алега Сінякова, Ганну Кандраценка, Аляксандра Жэдзіка, Галіну Кавалёву, Дзяніса Шустава, Дзмітрыя Прохарава, Аляксандра Каценку, Яўгена Тураўца і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Lawtrend;
Беларускі ПЭН;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.