viasna on patreon

Затрыманні і новыя "экстрэмісцкія фарміраванні": хроніка пераследу 21-22 ліпеня Дапоўнена

2022 2022-07-22T14:44:00+0300 2022-07-23T16:17:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fiaduta-kastusiou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21-22 ліпеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітвязня Алега Яфрэменку, якому раней ужо ўзмацнялі рэжым, будуць судзіць за «непадпарадкаванне» адміністрацыі турмы 

Жыхара Віцебска Алега Яфрэменку асудзілі па артыкуле аб гвалце да супрацоўніка МУС (арт. 364 КК) падчас вулічнага шэсця 13 верасня 2020 года. Яго абвінавацілі ў тым, што падчас акцыі ён зрабіў падсечку міліцыянту.

9 снежня 2020 суд прызначыў Алегу 4,5 гадоў калоніі. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў магілёўскую калонію № 15. Але праз некалькі месяцаў яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.

Цяпер стала вядома, што ў магілёўскай турме супраць палітвязня ўзбудзілі крымінальную справу па ч. 2 арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суд над Алегам адбудзецца 26 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. Справу будзе разглядаць суддзя Вікторыя Палякова. Вядома, што ў турме Алега рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА за «парушэнне парадку».

Падтрымайце палітвязня: Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Алег Віктаравіч Яфрэменка


Затрыманы магілёўскі хірург з 15-гадовым стажам працы

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне лекара Цімафея Ярошчыка. Сківічна-тварнага хірурга абвінавачваюць у нібыта «зліве» асабістых дадзеных супрацоўніка МУС.


КДБ унёс у "спіс тэрарыстаў" яшчэ восем чалавек

У спіс дададзены Віталь Барысевіч, Юры Станеўскі, Арцём Мазанік, Цімафей Галубко, Аляксей Кудасаў, Алена Лазарчык, Аляксандр Петушкоў, Андрэй Сачэўка.

Цяпер у «тэрарыстычным» спісе КДБ 888 чалавек, 147 з якіх — беларусы.


У Беларусі новыя масавыя затрыманні: на гэты раз за каментарыі аб загінуўшым баранавіцкім міліцыянеры

У праўладных тэлеграм-каналах з'явіліся "пакаяныя відэа" з пяццю мужчынамі, якіх абвінавачваюць у абразе загінулага сілавіка. У сваіх тэлеграм-каналах сілавікі паведамляюць, што дзеянні затрыманых кваліфікуюцца па арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы). Пакаранне па ёй прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.


У Мінску супрацоўнікамі Ленінскага РУУС 21 ліпеня быў затрыманы непаўнагадовы Сяргей А. Што стала прычынай затрымання пакуль невядома, але на яго склалі пратакол па арт. 23.24 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).


Рэсурсы ў Telegram, Facebook, Instagram, "ВКонтакте" і "Аднакласніках" "Волковыск. НОВОСТИ", "Волковыск. Доска позора" и "Гродненская Область Перемен!" 17 ліпеня прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем.


Суд па "справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады" пачнецца 29 ліпеня

Справа будзе разглядацца ў Мінскім абласным судзе. Фігурантамі з'яўляюцца Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук.

  • Зянковіч абвінавачваецца па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч.3 арт.130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці);
  • Фядута і Кастусёў — па ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
  • Галубовіч і Краўчук — па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Лідчаніна затрымалі за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК) у Telegram-чаце і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП)

Міліцыя зацікавілася ім пасля вяртання ў Беларусь з Польшчы, паведамляе @nebovkletku.


У Ваўкавыску затрымалі супрацоўніка "Краснасельскбудматэрыялы"

Яго затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, распаўсюджванне матэрыялаў, якія "ганьбяць" Аляксандра Лукашэнку і нацыянальныя сімвалы Рэспублікі Беларусь.


У Гродне затрыманы тыктокер fair.bу — на яго падпісаныя больш за 20 тысяч чалавек

Мужчыну клічуць Яраслаў Вялічка, і яму 33 гады. Ён працуе плітачнікам-абліцоўшчыкам у "Гродзенскіх электрычных сетках".

Мяркуючы па фота ад сілавікоў, Яраслаў удзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе. Што яму ставяць у віну і ці ставяць нешта — невядома.


Палітвязня Сяргея Наліўку пераводзяць з «хіміі» ў калонію — яму ўзмацнілі пакаранне 

21 ліпеня ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска адбыўся суд над фігурантам брэсцкай "справы карагодаў" Сяргеем Наліўкам. Суддзя Дзяніс Аляксеенка пастанавіў перавесці палітвязня з ПУАТ у папраўчую калонію тэрмінам на шэсць месяцаў і адзін дзень.

Нагадаем, у судзе Маскоўскага раёна Брэста 7 траўня 2021 Сяргею прызначылі два гады «хіміі». Яго абвінавацілі ва ўдзеле 13 верасня 2020 года ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава ў Брэсце, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. З 26 ліпеня 2021 года Сяргей адбываў тэрмін у віцебскай ПУАТ № 9. Вядома, што з 18 красавіка па 18 траўня Сяргея ўтрымлівалі ў ШІЗА.


Сілавікі затрымалі мінчука, які амаль два гады таму ў пад'ездзе напісаў «Жыве Беларусь»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне тату-майстра Алега Фалея. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што ў жніўні 2020 года наведаў адзін з пратэсных маршаў, пасля якога ў пад'ездзе пакінуў надпіс "Жыве Беларусь".


Мінчука аштрафавалі за грашовыя пераводы ад фонда «Страна для жизни» і спагналі з яго 900 еўра

У канцы чэрвеня ў Мінску супрацоўнікі КДБ затрымалі мужа і жонку. Пасля допытаў іх адпусцілі, але на мужа склалі пратакол па ч. 6 арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, якое суправаджаецца выплатай узнагароды за ўдзел у масавым мерапрыемстве».

Згодна з пратаколам, мужчына «для атрымання фінансавай дапамогі з мэтай пакрыцця выдаткаў, абумоўленых прыцягненнем яго жонкі да адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, адкрыў рахунак у банку Рaysera, на які фондам «Страна для жизни» былі пералічаны грашовыя сродкі ў памеры агулам 900 еўра, і выкарыстаў атрыманыя грошы для пакрыцця выдаткаў, панесеных у сувязі з аплатай штрафаў, накладзеных на ягоную жонку на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП».

Вядома, што жанчыну двойчы затрымлівалі на акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Суд над мужчынам адбыўся 4 ліпеня. На працэсе мужчына цалкам прызнаў сваю віну. Суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль, паводле судовай пастановы, прызнала мужчыну вінаватым па ч. 7 арт. 24.23 КаАП, пры гэтым артыкул прадугледжвае толькі шэсць частак. У выніку мінчука пакаралі штрафам у памеры 480 рублёў (15 базавых велічыняў). Акрамя гэтага, суд пастанавіў на падставе п. 1 ч. 2 арт. 6.10 КаАП спагнаць ва ўласнасць дзяржавы кошт «прадмета адміністрацыйнага правапарушэння» — 2 396 рублёў і 7 капеек ці 900 еўра.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства