viasna on patreon

Беларусаў затрымліваюць і судзяць за "падрыхтоўку да ўдзелу ў вайне ва Украіне": што вядома пра затрыманых і суды

2022 2022-07-22T08:25:36+0300 2022-07-22T13:04:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/polk_kalinouskaga_.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напрыканцы сакавіка ў МУС заявілі, што супраць байцоў добраахвотніцкага батальёна імя Каліноўскага, якія ваююць на баку Украіны, распачалі крымінальную справу аб саўдзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы — арт. 16 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса. Потым пачаліся затрыманні беларусаў, якія нібыта збіраліся далучыцца да палка і адправіцца ваяваць ва Украіну: кагосьці выяўлялі праз фэйкавыя тэлеграм-боты, а кагосьці затрымлівалі на мяжы. На наступным тыдні ў абласных суда плануюцца два працэсы за "падрыхтоўку да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях" — справы будуць разглядаць суддзі, якія вялі гучныя "палітычныя справы". "Вясна" распавядае ўсё, што вядома на дадзены час пра пераслед беларусаў па ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Стварэнне сілавікамі фэйкавых тэлеграм-ботаў

У сакавіку стала вядома пра тое, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа стварылі фэйкавыя тэлеграм-боты, каб выяўляць і затрымліваць беларусаў, якія выказваюць гатоўнасць ваяваць ва Украіне. Прадстаўнікі ByPol распавялі “Радыё Свабода”, што арганізацыя зафіксавала стварэнне фэйкавых акаўнтаў у тэлеграме для людзей, якія гатовыя рознымі спосабамі дапамагаць Украіне ў змаганні з расейскай агрэсіяй.

"Першапачаткова былі створаныя два боты па дапамозе Украіне — беларускага батальёну Кастуся Каліноўскага і ініцыятыва Вадзіма Пракоп’ева, менавіта яны зяўляюцца верыфікаванымі. Больш ніякіх ботаў не існуе. Але ўжо нават незалежныя тэлеграм-каналы даюць чатыры боты, то бок некаторыя створаныя ГУБАЗіКам толькі дзеля таго, каб лавіць людзей на жыўца", — распавёў былы начальнік аддзелу 3-га ўпраўлення ГУБАЗіКу, а цяпер прадстаўнік ініцыятывы ByPol Аляксандр Азараў у інтэрв'ю “Свабодзе”.

Па якіх крымінальных артыкулах пераследуюць затрыманых

Праваабаронцы сапраўды фіксуюць затрыманні людзей, якія "зарэгістраваліся ў боце батальёна Кастуся Каліноўскага", а таксама былі затрыманыя на мяжы нібыта за "спробу выехаць на тэрыторыю Украіны". Іх дзеянні кваліфікуюцца як "падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы" — па ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы), якая прадугледжвае да пяці гадоў калоніі. Часта да гэтага артыкула яшчэ дадаюць "палітычны артыкул", напрыклад, 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) Крымінальнага кодэкса і іншыя.

Артыкул 361-3. Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу 

Удзел грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або асобы, якая пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, асобы без грамадзянства на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні адной з супрацьлеглых бакоў, а таксама ўдзел ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы і пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 133 гэтага Кодэкса, –

караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

Вярбоўка, навучанне, іншая падрыхтоўка або выкарыстанне грамадзян Рэспублікі Беларусь ці асоб, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, асоб без грамадзянства для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні адной з супрацьлеглых бакоў, ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 132 гэтага Кодэкса, –

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў.

Хроніка пераследу за падрыхтоўку да "ўдзелу ў вайне ва Украіне"

апоўніў нейкую анкету ў тэлеграме"

Сяргей Грыбовіч з Докшыцаў
Сяргей Грыбовіч з Докшыцаў

14 сакавіка праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне 53-гадовага жыхара Докшыцаў Сяргея Грыбовіча. Ён праходзіць па двух крымінальных артыкулах: 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і 361-3 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або збройным канфлікце, ваенных дзеяннях).

У "пакаяльным відэа" Грыбовіч кажа, што "запоўніў нейкую анкету ў тэлеграме”для ўдзелу ў добраахвотніцкім атрадзе ва Украіне". Затрыманы ў відэа ведамства распавядае, што зарэгістраваўся ў "інтэрнэт-супольнасці" апазіцыянера і былога беларускага рэстаратара Вадзіма Пракоп'ева.

"Там была спасылка, націснуў на спасылку, па боту перайшоў. Адказваў на пытанні. Сказалі чакаць. Спасылкай прапаноўвалася ісці ў добраахвотніцкі батальён "Легіянер” у Варшаве з мэтай ваяваць на тэрыторыі Украіны супраць расейскіх [войскаў]", — кажа ён на камеру.

Тады ж беларускі батальён Кастуся Каліноўскага выступіў з заявай, што затрыманы не звязваўся ні з кіраўніцтвам, ні з чальцамі батальёну.

Пераслед палітзняволенага сіраты Андрэя Раптуновіча

Сірата Андрэй Раптуновіч быў затрыманы яшчэ 16 траўня. Тады праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што ён нібыта збіраўся паехаць ва Украіну і далучыцца да батальёна Каліноўскага. 

Адразу хлопцу прысудзілі 14 сутак арышту па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), ён павінен быў выйсці на волю 29 траўня, аднак на яго склалі новы пратакол. Андрэю прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) — нібыта ён размахваў рукамі і нецэнзурна лаяўся. Пасля “сутак” хлопца не выпусцілі на волю, а распачалі крымінальную справу. На “пакаяльным відэа” ён кажа пра ўдзел у акцыях пратэсту і рэгістрацыю ў плане “Перамога” і боце батальёна:

"У 2020 годзе я хадзіў на несанкцыянаваныя мітынгі. Я перайшоў па спасылцы ў план "Перамога" і там пачаў рэгістрацыю. У батальён Кастуся Каліноўскага таксама перайшоў па спасылках і зарэгістраваўся. Я хацеў падтрымаць украінскіх нацыстаў, у чым вельмі моцна раскайваюся", — тлумачыў ён прычыну затрымання.

Пазней "Белта" апублікавала з мінчуком відэа, дзе ён распавядае, як рэгістраваўся для ўступлення ў полк Кастуся Каліноўскага:

“Я напісаў ім паведамленне, коратка, што я такі-то такі-то, хачу да вас ўступіць — што мне для гэтага зрабіць трэба і як да вас дабрацца?".

Як распавядае мінчук, паводле плану ён павінен быў прыехаць у Польшчу на аўтобусе, пасля чаго ён чакаў бы далейшых інструкцый з чата, з якім ён звязваўся. Цяпер, пасля затрымання ГУБАЗіКам, сваё стаўленне да палка Каліноўскага ён ахарактарызаваў як негатыўнае.

Настаўнік у цэнтры дадатковай адукацыі

Следчы камітэт сцвярджае, што малады чалавек збіраўся паехаць ва Украіну і далучыцца да палка Каліноўскага. Для гэтага ён у адным з тэматычных тэлеграм-каналаў прайшоў рэгістрацыю і паведаміў адміністратару аб гатоўнасці "па першым сігнале ўзяць зброю ў рукі". Таксама ён нібыта ўступіў у "мабілізацыйны план "Перамога", звязваўся з яго адміністратарамі, "прапаноўваў свае паслугі і выказваў імкненне да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў".

Дзеянні хлопца кваліфікаваны па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:

  • ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні);
  • ч. 1 арт. 13 арт. 361-3 (падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы).

Андрэй Раптуновіч утрымліваецца ў СІЗА № 1.

"Затрыманы пры спробе выехаць ва Украіну" 

Дзмітрый Сідоркін
Дзмітрый Сідоркін

13 чэрвеня быў затрыманы мінчук Дзмітрый Сідоркін. У прапагандысцкіх тэлеграм-каналах сцвярджаецца, што яго затрымалі пры спробе выехаць на тэрыторыю Украіны для ўдзелу ў баявых дзеяннях на баку ўкраінцаў.

"Асноўнай мэтай было схавацца ад органа дазнання, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці за ўдзел у масавых беспарадках".

Дакладна вядома, што яму інкрымінуецца арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Затрыманы памежнікамі на мяжы 

Аляксандр Айнутдзінаў. Скрыншот з
Аляксандр Айнутдзінаў. Скрыншот з "пакаяльнага відэа"

18 ліпеня ў прапагандысцкіх тэлеграм-каналах з'явілася паведамленне аб затрыманні супрацоўнікамі гомельскага ГУБАЗіКа 46-гадовага Аляксандра Айнутдзінава. З ім размясцілі "пакаяльнае відэа", дзе ён кажа, што хацеў далучыцца да палка Каліноўскага, каб "дапамагаць украінцам, дапамагаць фінансава, а таксама ежай". Па словах мужчыны, ён адразу скантактаваўся з нібыта прадстаўніком палка з пазыўным "Несмяротны", але звязацца з ім не ўдалося, таму вырашыў перайсці мяжу самастойна, дзе яго затрымалі памежнікі.

Паведамлялася, што мужчыну змясцілі ў ІЧУ.

Вядома, што ў 2020-м годзе Аляксандра Айнутдзінава арыштоўвалі на 10 сутак па артыкуле аб парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 24.23 КаАП).

30 чэрвеня памежная служба Беларусі пісала, што двое невядомых мелі намер незаконна перасекчы мяжу Беларусі і Украіны. Тады ж у заяве ўдакладнілі, што аднаго з іх удалося затрымаць, але "выразных тлумачэнняў адносна мэты знаходжання паблізу мяжы затрыманы даць не змог".

"Фінансаванне ваеннага канфлікту на тэрыторыі замежнай дзяржавы"

18 траўня пракуратура паведаміла, што ў дачыненні заснавальніка BYSOL Андрэя Стрыжака распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса за фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, узброеным канфлікце, ваенных дзеяннях.

Па дадзеных следства, праз сацыяльныя сеткі Стрыжак "сумесна з іншымі асобамі займаўся дзейнасцю, звязанай з вярбоўкай, навучаннем, іншай падрыхтоўкай і фінансаваннем грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ў далейшым накіроўваліся для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны ў складзе ўзброеных фармаванняў і нацыяналістычных батальёнаў названай дзяржавы".

"Палітычныя суддзі". Першы суд будзе разглядаць суддзя, якая пасмяротна асудзіла пратэстоўца

voitek_9.jpeg
Сяргей Вайцюк

Ужо ў панядзелак, 25 ліпеня, у Брэсцкім абласным судзе пачнецца першы суд па ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. Абвінавачаны — 37-гадовы жыхар Брэста Сяргей Вайцюк. Справу будзе разглядаць суддзя Святлана Крамянёўская. Менавіта гэтая суддзя ў лютым 2021 года пасмяротна прызнала вінаватым у супраціве міліцыянту (арт. 363 КК) забітага Генадзя Шутава, які 11 жніўня атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву падчас пратэстаў у Брэсце. Таксама яна асудзіла да 10 гадоў зняволення сябра Генадзя Аляксандра Кардзюкова.

Пасяджэнне пакуль абвешчана адкрытым. 

На наступны дзень — 26 ліпеня — пачнецца суд у Гомельскім абласным судзе над Міхаілам Лістападавым. Яго будуць судзіць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: па ч. 1 арт. 361-1 і арт. 342. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць суддзя Аляксей Хлышчанкоў, які асудзіў чатырох палітвязняў — Таццяну Канеўскую, Юрыя Уласава, Дзмітрыя Івашкова, Аляксандра Шабаліна — па “справе захопу адміністрацый”.


 *Калі вам вядомая больш падрабязная інфармацыя пра людзей, узгаданых у артыкуле, або новыя выпадкі падобнага пераследу, паведамляйце праваабаронцам у тэлеграм-бот @viasna_bot або на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS@SOSViasnа

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства