"У суды можа паліцца "рака" паўфабрыкатаў крымінальных спраў", — юрыст "Вясны" пра новаўвядзенні ў крымінальнае заканадаўства
21 ліпеня стала вядома, што Лукашэнка падпісаў Закон "Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь". Ім уводзіцца завочная вытворчасць па крымінальных справах у дачыненні да абвінавачаных, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, па "пратэсных" артыкулах (акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый). Акрамя гэтага, змяняецца парадак абскарджвання судовых рашэнняў у крымінальным працэсе. Юрыст "Вясны" Павел Сапелка тлумачыць прынятыя змены ў крымінальна-працэсуальнае заканадаўства і спрабуе разабрацца ў логіцы беларускіх улад.
Якія наступствы новаўвядзення пра завочныя суды?
Як заўважае юрыст, новаўвядзенні ў крымінальна-працэсуальнае заканадаўства будуць датычыць некалькіх стадый крымінальнага працэсу:
"Нормы пра спецыяльную вытворчасць адкрываюць абвінавачванню магчымасці давесці да суда крымінальныя справы ўдзельнікаў пратэстаў і іншадумцаў, якія атрымалі абарону ў дэмакратычных дзяржавах у сувязі з палітычна матываваным пераследам. Хоць агаворкай пра магчымасць ужывання нормаў аб спецыяльнай вытворчасці і па іншых катэгорыях спраў такія абмежаванні размываюцца. Безумоўна, наяўнасць такіх магчымасцяў развяжа рукі следству і пракуратуры, і ў суды можа паліцца "рака" паўфабрыкатаў крымінальных спраў, якія будуць "праштампаваныя" суддзямі і зробяцца асновай для абвінаваўчых прысудаў.
Чаму паўфабрыкаты? Таму што норма пра спецыяльную вытворчасць пакідае ўражанне напісанай на скорую руку і павярхоўна, пытанняў да яе складу не паўстане хіба што ў следчых і пракурораў, якія прызвычаіліся да працы ва ўмовах адмовы ад прынцыпаў вяршэнства права, "прававога дэфолту": дастаткова паглядзець на пералік правоў абвінавачанага, каб зразумець, што вялікая іх частка забяспечвацца не будзе. Пры гэтым у новых нормах толькі часткова вырашана пытанне, што рабіць следчаму замест забеспячэння гэтых правоў. Напрыклад, копіі працэсуальных дакументаў будуць выдавацца замест абвінавачанага ягонаму абаронцу".
Як удзельнічаць адвакату ў такіх справах?
"Так, удзел абаронцы ў гэтым выпадку з'яўляецца абавязковым, але і гэтая норма параджае шмат пытанняў. Напрыклад, пра тое, як абвінавачанаму дазнацца пра тое, хто з'яўляецца ягоным абаронцам і як наладзіць з ім сувязь, ці пра тое, як будзе ўзгадняцца пазіцыя абаронцы і кліента, бо паводле правілаў прафесійнай этыкі абавязкі адваката, вызначаныя заканадаўствам аб адвакатуры, падчас аказання ім юрыдычнай дапамогі па прызначэнні праз тэрытарыяльную калегію адвакатаў на патрабаванне органа, які вядзе крымінальны працэс, не адрозніваюцца ад абавязкаў падчас аказання юрыдычнай дапамогі на адплатнай аснове. А згодна з законам адвакат не мае права займаць прававую пазіцыю, не ўзгодненую з кліентам, за выключэннем права адваката ў выпадку прызнання віны кліентам аспрэчваць такое сцвярджэнне і прасіць аб апраўданні ці спыненні крымінальнага пераследу. Або пра тое, ці абавязаны адвакат і ці мае права перадаваць кліенту, які з ім звязаўся, атрыманыя ад органа крымінальнага пераследу працэсуальныя дакументы. Ну і ў прынцыпе, ад таго, наколькі добрасумленна, адважна і ініцыятыўна абаронца будзе выконваць свае функцыі, наўпрост залежыць тое, як будзе выглядаць справа перад яе накіраваннем у суд. Хоць мы разумеем, што ў цяперашніх умовах следчы можа беспакарана адхіліць усе прынцыповыя хадайніцтвы абаронцы і закрыць яму магчымасці для зносінаў з кліентам і/ці ягоным прадстаўніком якой-небудзь падпіскай, а найбольш актыўных адвакатаў будзе чакаць лёс тых, хто пазбавіўся ліцэнзіі і сяброўства ў калегіі.
Вядома, у такім разе справядлівую ацэнку высілкам абвінавачвання мог бы даць суд, але, як мы разумеем, такіх ацэнак чакаць не выпадае".
А што цяпер з абскарджаннем па крымінальных справах?
"Іншымі важнымі новаўвядзеннямі сталі нормы пра змену ў вытворчасці па прысудах суда, якія набылі законную моц: з гэтага часу гэта будзе касацыйная і наглядная вытворчасць з новымі правіламі і фармальнасцямі. Змены ў гэтай частцы вельмі значныя, і даць ім ацэнку сцісла не атрымаецца. Самая дрэнная навіна для тых, хто спадзяецца на правасуддзе, — падставы для адмены і змены прысудаў і апеляцыйных вызначэнняў у касацыйным і наглядным парадку сталі істотна карацейшымі: няправільнае ўжыванне крымінальнага закона і/ці істотныя парушэнні крымінальна-працэсуальнага закона, што пацягнулі вынясенне незаконнага судовага рашэння і/ці неадпаведнасць прызначанага судом пакарання або ўжытай іншай меры крымінальнай адказнасці цяжкасці злачынства і асобе абвінавачанага. Такая папулярная падстава адмены прысуду, як "неадпаведнасць высноваў суда, выкладзеных у прысудзе, фактычным акалічнасцям крымінальнай справы", якая як правіла і становіцца падставай падачы скаргаў, з гэтага часу зможа прыцягнуць увагу толькі апеляцыйнай інстанцыі. Таксама істотна абмяжоўваецца магчымасць падачы паўторных скаргаў.
З'яўленне нормы аб магчымасці абскарджання прысуду Вярхоўнага Суда ў апеляцыйную інстанцыю Вярхоўнага Суда можна было б ацаніць як прагрэсіўную, калі б яе ўвядзенне суправаджаліся правасуддзем у духу павагі асноўных прававых прынцыпаў. У адсутнасць гэтага новаўвядзенне зробіцца, хутчэй за ўсё, простай фармальнасцю, якая не ўплывае на канчатковы вынік".