viasna on patreon

Збівалі патэльняй, пакуль пілі каву з кавамашыны затрыманага: падрабязнасці "рэйда" ў Іванаве

2022 2022-07-23T16:28:45+0300 2022-07-24T09:54:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bchb-garaz.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Раніцай 13 ліпеня ў Іванаве прайшла хваля ператрусаў і затрыманняў. Збіццё, катаванні, разгром у дамах, стрэлы и пагрозы — тое, з чым сутыкнуліся восем затрыманых мясцовых жыхароў у той дзень. Вядома, што ў "рэйдзе" прымалі ўдзел дзве групы — з Брэста і Мінска. Сталічныя сілавікі былі больш жорсткія — менавіта адзін з іх стрэліў у сабаку мясцовай актывісткі. У выніку былі асуджаныя сем чалавек: траіх аштрафавалі, яшчэ чатырох адправілі на "суткі". Настаўніца Алена Пуцыковіч, якая адбывае "хатнюю хіміі" па палітычнай справе, пасля затрымання трапіла ў лякарню — абвастрылася хвароба. "Вясна" распавядае пра пераслед жыхароў Іванава, збіццё і здзекі пры затрыманні і гісторыю маці непаўнагадовых дзяцей, якую шэсць дзён утрымлівалі за кратамі. 

Гараж з "Пагоняй" Андрэя Дражына
Гараж з "Пагоняй" Андрэя Дражына

Ператрусы праводзілі ў межах крымінальнай справы аб абразе міліцыянтаў

Раніца 13 ліпеня ў Іванаве для некаторых жыхароў пачалася з гучнага груку ў дзверы. Сілавікі з аўтаматамі і ў цывільным урываліся ў дамы для правядзення ператрусаў у межах крымінальнай справы па арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўнікоў улады). Ён быў санкцыяваны пракурорам Сяргеем Жуковічам. У пастанове былі пазначаныя прозвішчы трох міліцыянтаў, якіх нібыта абразілі ў 2021 годзе: Кузьмянчук, Цябук і Пташыц. Ператрусы праходзілі ў актывістаў і ў тых, каго раней прыцягвалі па палітычных справах. У выніку былі затрыманыя Аляксандр Юшкевіч, Андрэй Беленькі, Зміцер Сянчук, Марына Кіявец, Андрэй Дражын, Тамара Падымака, Алена Пуцыковіч і Дзіяна Міховіч.

Усяго па Іванава паралельна «працавалі» дзве групы: брэсцкія — шостае ўпраўленне ГУБАЗіКу і АМАП, а таксама Мінскія — сталічны ГУБАЗіК і АЛМАЗ. Быў яшчэ адзін бус з сілавікамі, але праз некаторы час яны паехалі на «рэйд» у Драгічын, дзе затрымалі больш за 20 чалавек. Большасць з сілавікоў былі ў цывільным, а амапаўцы былі ў форме, балаклавах і са зброяй.

Падчас ператрусаў супрацоўнікі гучна лаяліся, выварочвалі ўсе рэчы на падлогу, абражалі жыхароў, а мужчын яшчэ і збівалі. Самымі жорсткімі, як адзначыюць мясцовыя, былі супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Пры гэтым амапаўцы маглі нават падняць з падлогі тэрмометр, каб ён не пабіўся. Пагром у хаце падчас ператрусу сілавікі называюць «Чыстым». Панятых міліцыянты шукалі сярод суседзяў, але тыя часта адмаўляліся. Вядома, што адной пенсіянерцы за адмову пагражалі адміністрацыйнай адказнасцю. Яе так напалохалі, што пасля гэтага ёй двойчы выклікалі хуткую дапамогу.

Ад пачатку ператрусу і да прыбыцця ў РАУС усе затрыманыя былі ў кайданках — іх здымалі толькі калі з упраўлення з’язджалі сілавікі і пакідалі іх з мясцовымі ўчастковымі для складання пратаколаў. Галоўнае, што цікавіла сілавікоў — «экстрэмізм» у тэлефонах і кампутарах. Яны глядзелі тэхніку, сацыяльная сеткі, шукалі «пратэсныя» фота і патрабавалі паролі ад тэлеграма. Калі яны не атрымлівалі яго, то пагражалі або білі. 

"Забяруць у Брэст і пасадзяць на бутэльку", — так пагражалі сілавікі маці трох непаўнагадовых дзяцей

Марына Кіявец
Марына Кіявец

33-гадовая Марына Кіявец дома была з татам і двума непаўнагадовымі сынамі, калі да яе прыехала «брэсцкая група». Сілавікі адразу замахнуліся застрэліць яе сабаку, які бегаў па двары, але жанчына паспела яго абараніць, крыкнуўшы, каб не стралялі і прывязала яго. У дом амапаўцы зайшлі со зброяй, нягледзячы на дзяцей. На яе адразу надзелі кайданкі. Бацька гэтым абурыўся і паспрабаваў уступіцца за дачку, сказаўшы, што не трэба гэтага рабіць. Міліцыянты раззлаваліся і ледзь не паклалі яго на падлогу, але Марына папярэдзіла іх, што ў бацькі хворае сэрца і ён чакае аперацыю. Тады яны настойліва прапанавалі яму сыйсці разам з дзецьмі з дому.

У Марыны ў інстаграме знайшлі рэпосты з «экстрэмісцкіх старонак» і зрабілі скрыншоты, каб потым далучыць іх да матэрыялаў адміністрацыйнай справы. Потым яны спрабавалі атрымаць пароль ад тэлеграма, але жанчына яго так і не сказала. У некаторы момант яна пачала адчуваць сябе дрэнна і прысела. Але сілавік адразу пачаў крычаць, што не даваў ёй на гэта дазволу. Сказаў, што калі ёй спратрэбіцца дапамога, ён выклікае ёй хуткую, а яе адмову ўставаць — расцэньвае як «непадпарадкаванне» і пагражаў адміністрацыйным пратаколам.

Дом Марыны сілавікі разграмілі: павыварочвалі ўсе рэчы на падлогу, нават дзіцячыя. Супрацоўнікі зкінулі і адзенне яе чатырохгадовага сына, а потым па ім хадзілі ў абутку. Падчас гэтага яны казалі, што яе дзяцей трэба паставіць на ўлік як тых, хто знаходзіцца ў «сацыяльна небяспечным становішчы» праз тое, што маці нібыта думае толькі пра «рэвалюцыі».

Увесь час дома каля Кіявец знаходзіўся амапавец з аўтаматам у руках, які быў напраўлены на жанчыну. Ёй было забаронена сядзець і падымаць рэчы з падлогі. Пасля ператрусу жанчыне не дазволілі ўзяць з сабою неабходныя рэчы ў РАУС. Ва ўпраўленне яе везлі ў бусе разам з некалькімі ўзброенымі сілавікамі, якія пагражалі, што «забяруць яе ў Брэст». Па прыездзе яны сказалі «Працуем строга па інструкцыі» і надзелі кайданкі на рукі ўжо за спіной.

Каля чатырох гадзінаў Марыну дапытвалі сілавікі ў кабінеце РАУСа і спрабавалі даведацца пароль ад тэлеграма. Адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіКу пужаў, што Марына будзе сядзець 15 сутак па кожнаму пратаколу, а потым, маўляў, «забяруць у Брэст і пасадзяць на бутэльку».

У РАУСе на Марыну ўчастковы Трушко склаў тры пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП за рэпосты з «Белсата» і «Зеркало» ў інстаграме. Мясцовыя міліцыянты атрымалі загад, каб у судзе разглядаліся тры пратаколы асобна, бо так Марыне маглі прызначыць тры розных штрафа і доўга ўтрымліваць у ІЧУ.

Пры гэтым, па законе, Кіявец павінны былі адпусціць дадому праз тры гадзіны, бо ў яе непаўнагадовыя дзеці. Але ніхто не звяртаў на гэта ўвагі, бо «дзеці з бацькам».

Жанчына ўвесь час адмаўлялася даваць пароль ад тэлеграма, і ў нейкі момант атрымала «камплімент»: «Марына, ты крамень, але мы цябе зломім». У РАУСе брэсцкія сілавікі пыталі ў мясцовых міліцыянтаў, чаму сям’я дагэтуль не лічыцца як у «сацыяльна небяспечным становішчы». І тады прапанавалі запрасіць камісію ў дом, пакуль Марына ў РАУСе, каб яны пабачылі дом пасля іх разгрому і зрабілі адпаведныя «вынікі».

У нейкі момант адзін з сілавікоў падыйшоў да жанчыны і спытаў: «Марына, ты ў шоку?». Жанчына пагадзілася, тады ён адказаў: 

«Правільна, Марына. Гэта метады нашай працы — уводзіць людзей у шок».

"Палітычным нельга дыхаць свежым паветрам"

Марыне далі патэлефанаваць дадому адзін раз, таму яна змагла сказаць блізкім, што ёй трэба перадаць перадачу. У ІЧУ перад тым, як змясціць Кіявец у камеру, супрацоўніцы ізалятару праводзілі асабісты агляд: жанчына распраналася да гола пад відэакамерамі. Такія агляды праводзілі да чатырох разоў у дзень. У ізалятары відэакамеры знаходзяцца ў кожным памяшканні. У трохмясцовай камеры, дзе спачатку ўтрымлівалі арыштантак, туалет не быў агароджаны і знаходзіўся пад відэаназіраннем.

У камеру часовага ізалятара Марыну прывялі толькі каля 17:00 і вечэру на яе не раздавалі. Таму сукамерніцам прыйшлося з ёй падзяліцца. Але ежа была дрэнная, таму арыштанткі яе не змаглі есці.

Суд Іванаўскага раёна знаходзіцца непадалёк ІЧУ. Звычайна арыштантаў водзяць у суд пешшу, але гэтым раз міліцыянты атрымалі загад адвозіць іх на машыне, «бо палітычным нельга дыхаць свежым паветрам». Першы суд над Марынай адбыўся на наступны дзень. Але пасля суда ёй паведамілі, што яе перазтрымліваюць па другому пратаколу і суд адбудзецца толькі на наступны дзень.

У першы дзень у камеры жанчынам можна было карыстацца днём матрацамі. На наступны дзень ім заявілі, што цяпер яны павінны скручваць іх да вечара. Пасцельную бялізну таксама забаранілі з чацвярга. Перадачу, якую ёй перадалі ў сераду вечарам, аддалі толькі раніцай наступнага дня.

У пятніцу над жанчынай адбыўся другі суд, у выніку якога ёй зноў прызначылі штраф, але на волю не выпусцілі і паведамілі, што ўсе выходныя яна парвядзе ў ІЧУ. На працэс над затрыманымі нікога не пусцілі. Да людзей проста выйшаў міліцыянт і сказаў, што працэс нібыта будзе «закрыты». Блізкім нават на другі паверх, дзе праходзіў суд, не дазволілі падняцца.

На трэці дзень у ІЧУ умовы ўтрамання пагоршыліся яшчэ больш: кіпень і кнігі апынуліся пад "забаронай", "кармушку" адчыняць перасталі.

Трэці суд прайшоў на шосты дзень з моманту затрымання Марыны. Суддзі Мікалаю Стасевічу прыйшлося працаваць падчас абеду, бо яму позна перадалі справу Кіявец. Перад працэсам суддзя запытаў у міліцыянта: 

— Гэта ўсё, ці яшчэ будзеце насіць кожны дзень пратаколы?

— Ніяк не, усё.

— А чаму ў пятніцу не разгледзелі? У пятніцу я ж разглядаў?

— Указанне.

Суддзя адзначыў, што Марына добра выглядае:



— Вас адпускалі дадому?

— Не.

— У ІЧУ знаходзіліся?

— Так.

— Колькі вы ўжо ў ІЧУ?

— 5 сутак.

— Ну лепш выглядаеце, чым у пятніцу.

— Галаву памыла.

— У ІЧУ далі такую магчымасць?

— Ну, так. У рукамыйніцы мылам.

— А кармілі Вас там?

— Так.

Па выніку трох судоў за тры рэпосты маці трох непаўнагадовых дзяцей мусіць выплаціць 2 368 рублёў (74 базавых велічыняў). А таксама 64 рублі за харчаванне ў ізалятары. Акрамя гэтага, у жанчыны канфіскавалі тэлефон.

У пачатку красавіка Марыну звольнілі з працы па палітычных матывах. Яна працавала загадчыцай лабараторыі.

Пагражалі задушыць БЧБ-сцягам і збівалі патэльняй

Супрацоўнікамі мінскага ГУБАЗіКу і АЛМАЗу 14 ліпеня быў затрыманы Зміцер Сянчук. Пасля затрымання на ім былі бачныя сляды збіцця. Вядома, што яго прымушалі адціскацца і прысядаць. Апроч гэтага, яго збівалі цягам паўтары гадзіны пасля затрымання.

Ад раніцы да яго пачалі грукацца сілавікі. Зміцер яшчэ спаў, таму яму спатрэбіўся час, каб дайсці да дзвяры і адчыніць. Яго адразу паклалі тварам на падлогу і пачалі збіваць. На сцяне вісеў бел-чырвона-белы сцяг, які яны знялі і павесілі на яго шыю. Сянчуку нават пагражалі задушыць ім.

Зміцера збівалі ягонай жа патэльняй. Білі па ягадзіцах і спіне. Калі сілавікі заўважылі кавамашыну, зрабілі сабе кавы і ў перапынках між тым, як яе піць, збівалі Сянчука патэльняй. Паралельна яны ўключылі тэлевізар, але там было адкрытае відэа з Дзмітрыем Гардонам, за што яго збівалі яшчэ мацней. Таксама ў кішэні яму засунулі БЧБ-сцяжкі — так з ім запісвалі «пакаяльнае відэа».

Суд Іванаўскага раёна арыштаваў Сянчука на 13 сутак. Пасля суда ў ІЧУ мужчыну везлі ў кайданках з рукамі за спіною. Яму не перадалі мінералку, бо «палітычным не дазволена — вада з-пад крана таксама смачная».

Адразу пасля суда міліцыянты паехалі апісваць рэчы ў кватэры ў лік штрафа

Тамару Падымака 14 ліпеня суддзя Генадзь Кудласевіч аштрафаваў на 30 базавых велічыняў (960 рублёў) за тое, што яна даслала ў асабістых паведамленнях спасылку на «Зеркало». Таксама суддзя пастанавіў канфіскаваць тэлефон жанчыны. Аднак пасля суда ёй паведамілі, што з ёй дадому паедуць міліцыянты, каб апісаць рэчы ў лік аплаты за штраф. Пры гэтым па законе жанчына можа цягам 10 дзён абскардзіць рашэнне суда, а да гэтага часу рашэнне яшчэ не ўступіла ў законную сілу.

У гэты ж дзень да 15 сутак арышту асудзілі і Дзіяну Міховіч па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянтам). Да Дзіяны прыехалі а 9 раніцы 13 ліпеня. Яе абвінавацілі ў тым, што яна нібыта адмовілася адчыніць брамку супрацоўнікам міліцыі. Сілавікі былі ў цывільным, не прадставіліся, аніякіх дакументаў ёй не паказвалі. У выніку яны самастойна адчынілі брамку і зайшлі.

Суддзя падчас працэсу абурыўся і нават пачаў крычаць на затрыманую. Кудласевіч не разумеў, чаму Міховіч не адчыняла брамку невядомым у чорным адзенні, якія крычалі, каб яна хутчэй гэта зрабіла. 

Супрацоўнік шостага ўпраўлення брэсцкага ГУБАЗіКу Аляксандр Лазіцкі
Супрацоўнік шостага ўпраўлення брэсцкага ГУБАЗіКу Аляксандр Лазіцкі

У матэрыялах справы быў пратакол апытання 25-гадовага супрацоўніка брэсцкага ГУБАЗіКу Аляксандра Лазіцкага, які прымаў удзел у ператрусе.

Патэлефанавалі і выклікалі даць паказанні з нагоды знікнення чалавека, а ў выніку затрымалі і збілі

Як паведамляюць мясцовыя жыхары, Аляксандра Юшкевіча і Андрэя Беленькага затрымлівалі пасля званку міліцыянта. Ім патэлефанавалі з тэлефона мясцовага ўчастковага і сказалі, што да іх прыедзе супрацоўнік на размову з нагоды знікнення чалавека. Нібыта іх нумар тэлефону быў апошнім у спісе выклікаў. Пасля гэтага іх затрымалі, дома правялі ператрус, а потым прывезлі ў РАУС, каб скласці пратакол.

Паведамляецца, што Юшкевіча затрымалі на рынку і везлі дадому для ператрусу, стоячы на каленях на падлозе буса. Вядома, што мужчыну збівалі. У выніку мужчыну асудзілі на наступны дзень на 50 базавых велічыняў (1 600 рублёў).

Былога намесніка начальніка Іванаўскага РАУСа Беленькага, які выйшаў на пенсію яшчэ да 2020 года, таксама збівалі пры затрыманні. Увесь час сілавік вельмі моцна на яго лаяліся. Суд Іванаўскага раёна пакараў мужчыну 15-сутачным арыштам.

Сваякоў затрыманага прымусілі зафарбаваць Пагоню на сцяне гаража і даслаць міліцыянту фота «чыстай» сцяны

Яшчэ аднаму мясцоваму жыхару — Андрэю Дражыну — прызначылі 25 сутак арышту. Мужчыну судзілі адразу па двух «народных» артыкулах — за «пікетаванне» (арт. 24.23 КаАП) і «непадпарадкаванне» (арт. 24.3 КаАП).

Пад пікетаваннем меўся на ўвазе намаляваны на гаражнай браме герб «Пагоня», які яшчэ ў 2007 годзе быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Брама з гербам была нябачная як з дарогі, так і з боку суседзяў. Пагоня там месцілася ўжо каля 10 гадоў. Але сілавікі заўважылі яе толькі падчас ператрусу. Пазней яны прымусілі родных зафарбаваць Пагоню на сцяне і даслаць міліцыянтым вынік праз Viber. Пры гэтым першы раз зафарбавалі «дрэнна», таму ім сказалі зрабіць гэта зноў.

Падчас затрымання сілавікі паклалі Дражына на падлогу і надзелі кайданкі. Мужчыну падрапалі нос — пашкоджанні відаць на «пакаяльным» відэа. Апроч гэтага у Андрэя з'явіліся сінякі на руках і нагах. Праз разбіты нос было шмат крыві. Кажуць, што кроў была нават на пратаколах.

Адзін сілавік спрабаваў застрэліць сабаку, а другі самастойна адвез яго ў клініку — там сабаку выратавалі

У той дзень сілавікі прыйшлі і да настаўніцы Алены Пуцыковіч, якая адбывае «хатнюю хіміі» за два рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў. Яна была дома разам з непаўнагадовай дачкой. У двары дома была аўчарка Моніка, якая моцна лаяла. Меркавана праз гэта сілавік вырашыў стрэліць у собаку. Але па словах мясцовых жыхароў, супрацоўнік АЛМАЗа вырашыў самастойна адвезці жывёлу ў ветэрынарную клініку ў Пінск. Ветэрынарам удалося выратаваць хатняга гадаванца. Некаторы час ён знаходзіўся ў стацыянары, а потым перавезлі дадому.

Алене пасля затрымання стала дрэнна, таму з РАУСа яе адвезлі ў лякарню, дзе яна знаходзілася пад даглядам лекараў.  Вядома, што адзін з супрацоўнікаў АЛМАЗу штурхнуў непаўнагадовую дачку Алены. Паведамляюць, што ў РАУСе адзін з супрацоўнікаў брэсцкага ГУБАЗіКу хапаў Алену за вопратку. Падчас ператрусу сілавікі вынялі ўсю тэхніку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства