viasna on patreon

Чыгуначніку-палітвязню з Гомеля прысудзілі 2 гады калоніі за відэа з расійскай вайсковай тэхнікай для "Беларускага гаюна"

2022 2022-07-25T13:35:16+0300 2022-07-25T14:29:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/luchinovicj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Лучыновіч

Аляксандр Лучыновіч

21 ліпеня суд Гомельскай вобласці вынес рашэнне па справе палітвязня Аляксандра Лучыновіча, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 361-4 КК "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".

Судовае пасяджэнне ўзначаліў Аляксей Хлышчанкоў.

Пра абвінавачанага вядома, што яму 44 гады, да арышту жыў у Гомелі і працаваў правадніком рэзерву.

Аляксандра Лучыновіча затрымалі 31 сакавіка 2022 на працы — у Гомельскім аддзяленні Беларускай чыгункі. Падчас затрымання ў мужчыны забралі тэлефон, а калі яго праглядзелі, склалі на яго пратакол паводле арт. 19.11 КаАП, па якім і асудзілі да адміністрацыйнага арышту.

Пасля "сутак" на волю  Аляксандр не выйшаў — яго перазатрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 361-4 КК "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".

У віну мужчыну ставяць перадачу тэлеграм-каналу "Беларускі гаюн" відэа расійскай вайсковай тэхнікі, якая прасоўвалася па тэрыторыі Беларусі. Вядома, што тыя фотаздымкі у "Беларускі гаюн" Аляксандр даслаў яшчэ тады, калі гэты тэлеграм-канал не быў прызнаны экстрэмісцкім.

15 красавіка Лучыновіча змясцілі ў гомельскі СІЗА-3 і прад'явілі абвінавачванне. 

Падчас судовага пасяджэння па крымінальнай справе Аляксандра Лучыновіча пракурорка запытала для яго 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Адвакат жа прасіў апраўдаць Аляксандра, бо кваліфікацыя справы па артыкуле 361 не адпавядае дзеянням абвінавачанага — доказаў арганізацыі і актыўнага ўдзелу Лучыновіча ў экстрэмісцкай дзейнасці няма.

Аляксандр сваёй віны таксама не прызнаў, але супрацоўнічаў са следствам і распавёў, што сапраўды запісаў на відэа калону расійскай вайсковай тэхнікі і даслаў яго ў бот "Беларускага гаюна".

21 ліпеня суд Гомельскай вобласці прызнаў Аляксандра Лучыновіча вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 361-4 КК "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" і прысудзіў яму 2 гады калоніі агульнага рэжыму.

"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства