Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні сямі палітычных зняволеных
Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
25 ліпеня 2022 г.
У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў, звязаных з пазбаўленнем волі па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") у дачыненні да Аляксандра Казлоўскага, Віктара Жардзецкага, Аляксандра Іванова; накіраванні для адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі па ч. 1 арт. 342 КК у папраўчую установу Юрыя Лагуціна, Аляксея Кандраценкі, Дзяніса Малея, Андрэя Карэцкага, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
Таксама мы адзначаем, што ва ўмовах глыбокага крызісу правоў чалавека недапушчальна выкарыстоўваць інструменты крымінальнага пераследу для далейшага абмежавання свабоды выказвання меркаванняў.
У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць Аляксандра Казлоўскага, Віктара Жардзецкага, Аляксея Кандраценку, Аляксандра Іванова, Юрыя Лагуціна, Дзяніса Малея, Андрэя Карэцкага і спыніць іх крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, перагледзець палітычна матываваныя справы і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Human Constanta;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Lawtrend;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі ПЭН.