viasna on patreon

Перапіска з адміністратарамі "ОГСБ" і ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту: за што чатырох палітвязняў асудзілі да пяці і шасці гадоў калоніі

2022 2022-07-26T10:48:06+0300 2022-07-26T12:34:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/majsejchyk.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 1 ліпеня быў вынесены прысуд чатыром палітзняволеным хлопцам, якіх утрымліваюць за кратамі ўжо больш за восем месяцаў. На лаве падсудных апынуліся: 20-гадовы Арсеній Майсейчык, 19-гадовы Адам Саўко, 21-гадовы Сяргей Батура і 20-гадовы Мікіта Кунтыш. Хлопцаў затрымалі 9 лістапада 2021 года ў Мінску ў межах крымінальнай справы паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса (Акт тэрарызму) нібыта за прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў. Але канчаткова прад’явілі абвінавачванні па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Следства сцвярджала, што яны атрымлівалі ад адміністратараў тэлеграм-чата "ОГСБ" тэлескапічныя дубінкі і электрашокеры, а таксама інструкцыі для дыверсіі на чыгунцы. Суддзя Андрэй Млечка прызнаў іх вінаватымі і прызначыў Кунтышу і Майсейчыку па шэсць гадоў калоніі, а Саўко і Батуру — па пяць гадоў. "Вясна" распавядае, за што палітвязні апынуліся на лаве падсудных і як над імі праходзіў суд.

Арсеній Майсейчык, Сяргей Батура, Мікіта Кунтыш і Адам Саўко
Арсеній Майсейчык, Сяргей Батура, Мікіта Кунтыш і Адам Саўко

Што вядома пра фігурантаў справы?

Мікіту Кунтышу 20 гадоў. Ён мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, скончыў каледж бізнесу і права ў 2021 годзе. Атрымліваў узнагароды за спартовыя дасягненні. З'яўляецца чальцом БРСМ. Мае захворванне, якое пры неналежным доглядзе лекараў можа перайсці ў хранічную стадыю. Атрымаў вайсковы білет па стане здароўя. Ужо знаходзячыся ў СІЗА-1 на Валадарскага праходзіў працэдуру пералівання крыві. Займаўся спортам. Цяпер у зняволенні чытае шмат кніг і плануе атрымаць адукацыю за кратамі.

20-гадовы Арсеній Майсейчык скончыў летась каледж бізнесу і права па спецыяльнасці «правазнаўства», мае пасведчання кіроўцы. Перад затрыманнем працаваў кур'ерам па дастаўцы піцы. Праца яму вельмі падабалася. Арсеній хворы на лейкому, яна патрабуе рэгулярнага кантролю лекарамі. Таксама дыягназ патрабуе штогадовага праходжання МРТ, а Арсенію забаронены шмат якія фізічныя практыкаванні.

19-гадовы Адам Саўко вучыўся на апошнім курсе ў Смілавіцкім аграрным каледжы на ветэрынара. Захапляецца футболам, у дзяцінстве гуляў у клубе «Юниор». У вольны час працаваў афіцыянтам. Вельмі любіць жывёл. На момант здзяйснення «злачынства» Адам быў непаўнагадовым.

21-гадовы Сяргей Батура — хакеіст, да затрымання працаваў спецыялістам у «Еўраторг». 26 кастрычніка 2020 года быў затрыманы на маршы ў Мінску. Тады яго два дні ўтрымлівалі ў ізалятары, а пасля суда яго выпусцілі са штрафам у памеры 10 базавых велічыняў (270 рублёў).

У чым іх абвінавацілі?

Супрацоўнікі КДБ затрымалі хлопцаў 9 лістапада 2021 года, а ў іх кватэрах правялі ператрусы ў межах крымінальнай справы па арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). Вядома, што ўсе фігуранты справы падпісалі яўку з павіннай. Допыты ў КДБ праводзіліся з нагоды прывядзення ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў. Але пазней абвінавачванні ім прад’явілі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). На Майсейчыка, Батуру і Саўко сілавікі выйшлі праз Мікіту Кунтыша — ягоны тэлефон доўгі час праслухоўвалі.

Справу хлопцаў разглядаў суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Андрэй Млечка. Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымлівала Марыя Малікава. Народныя засядацелі — Лебедзева Л. І., Бялова А. В.

Паводле версіі абвінавачвання, «Майсейчык, Саўко і Кунтыш у перыяд з 9 жніўня па 16 лістапада 2020 года, а Батура ў перыяд з 9 жніўня па 26 кастрычніка 2020 года, узгоднена, дзеючы групай асобаў па папярэдняй змове паміж сабой і нявызначанымі следствам асобамі, выконваючы размешчаныя ў інтэрнэце на розных інтэрнэт-рэсурсах публічных заклікаў да актыўнага ўдзела ў перыяд з 9 жніўня 2020 года і ў наступныя дні, неаднаразова прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў ОУС, далучыліся да групы грамадзян, якія ўдзельнічалі ў паказаных супрацьпраўных дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, выяўленых у сумесным парушэнні Закона аб масавых мерапрыемствах, грамадскіх асноваў, добрапрыстойнасці і ўнутранага спакою, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем патрабаванням спыніць названыя групавыя дзеянні».

Хлопцаў вінавацілі ў «перакрыцці дарог» адразу па некалькіх эпізодах:

  • Так, 9 жніўня з 21:37 па 1:29 10 жніўня Майсейчык, Саўко, Кунтыш і Батура, знаходзячыся на праезнай частцы дарогі, рухаліся ў складзе натоўпу людзей па праспекце Незалежнасці, праспекту Пераможцаў, вуліцы Няміга, вуліцы Гінтаўта, вуліцы Ціміразева, вуліцы Альшэўскага, праспекту Машэрава, праспекту Пушкіна і вуліцы Заслаўскай, чым "блакавалі рух транспарту" і перашкаджалі звычайнай працы КТУП "Мінсктранс". Іх дзеянні пацягнулі за сабой спыненне маршрутаў 18 аўтобусаў, сямі тралейбусаў і двух трамваяў.
  • 10 жніўня з 21:48 па 1:04 11 жніўня Саўко, Кунтыш і Батура "блакавалі рух транспарту" на вуліцы Прытыцкага, праспекце Пушкіна, вуліцы Адоеўскага, вуліцы Жудро, вуліцы Дуніна-Марцінкевіча, вуліцы Пятра Глебкі і вуліцы Еўфрасінні Полацкай. У выніку чаго спыніліся маршруты 34 аўтобусаў, 26 тралейбусаў і чатырох трамваяў.
  • 16 жніўня з 14:39 па 18:00 Майсейчык, Саўко, Кунтыш і Батура рухаліся ў натоўпе людзей па праспекце Незалежнасці, вуліцы Савецкай, вуліцы Бабруйскай, вуліцы Маскоўскай, вуліцы Леніна, праспекце Пераможцаў, вуліцы Мельнікайтэ, праспекту Машэрава, вуліцы Заслаўскай і вуліцы Ціміразева. Гэта пацягнула за сабой спыненне маршрутаў 22 аўтобусаў і пяці тралейбусаў.
  •  26 кастрычніка з 19:09 па 22:01 Саўко і Батура, знаходзячыся на праезнай частцы дарогі, рухаліся ў натоўпе па праспекце Незалежнасці, вуліцы Веры Харужай, вуліцы Якуба Коласа і плошчы Якуба Коласа. 
  • 15 лістапада з 15:09 па 10:21 16 лістапада Майсейчык і Саўко перакрывалі праезную частку на вуліцы Чарвякова, вуліцы Кахоўскай, вуліцы Арлоўскай, вуліцы Асіпенка, Старавіленскага тракта і спынілі сваімі дзеяннямі працу маршрутаў 25 аўтобусаў, 15 тралейбусаў і трох трамваяў.

За гэта палітвязняў абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Усе хлопцы цалкам прызналі сваю віну ва ўдзеле ў акцыях пратэсту.

Апроч гэтага, іх абвінавацілі па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Па версіі абвінавачвання, хлопцы «наўмысна здзейснілі падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках, што выявілася ў прышуканні і прыстасаванні сродкаў і прылад, а таксама ў іншым наўмысным стварэнні ўмоваў для здзяйснення злачынства».

У якасці сродкаў, якія нібыта даказваюць падрыхтоўку да ўдзелу ў пратэстах, следствам былі выяўленыя: сім-карты і тэлеграм-акаўнты; жорсткі дыск; дзве будаўнічыя каскі; тры тэлескапічныя дубінкі; нож-матылёк; пяць ліхтарыкаў-электрашокераў; лазарную ўказку; чатыры піратэхнічныя сродкі саматужнага вырабу, выкананыя на аснове піратэхнічных вырабаў; абараняльныя акуляры; пара тактычных накаленнікаў і пара тактычных налакотнікаў; пара тактычных кастэтных пальчатак; баф тактычны; радыёстанцыя з перамоўнай прыладай (гарнітурай) для схаванага нашэння.

Паводле абвінавачвання, хлопцы набылі гэтыя прадметы не пазней чым па 9 лістапада 2021 года, падрыхтавалі іх для асабістага выкарыстання, а таксама выкарыстання іншымі ўдзельнікамі масавых беспарадкаў, і захоўвалі ў розных месцах.

У матэрыялах справы адзначаецца, што яны «спецыяльна наладзілі радыёстанцыю, зарадзілі акумулятарныя батарэі ліхтарыкаў-электрашокераў, а таксама выканалі іншыя дзеянні з прадметамі, тым самым падрыхтавалі іх для неадкладнага выкарыстання падчас ўдзелу ў масавых беспарадках, але не давялі справу да канца, бо былі затрыманыя».

Ні адзін з абвінавачаных не прызнаў віны ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.

Што на судзе казалі абвінавачаныя?

Мікіта Кунтыш падчас дачы паказанняў распавёў, што з Адамам і Сяргеем знаёмы больш за 12 гадоў, а з Арсеніем з 2019 года. Пра акцыі пратэсту ў Мінску хлопец даведаўся ад Батуры. Ён пацвердзіў, што разам з хлопцамі ўдзельнічаў у жнівеньскіх паслявыбарчых мітынгах. Пры гэтым адзначыў, што лозунгі не выкрыкваў, у далоні не пляскаў, на праезную частку не выходзіў, а незарэгістраванай сімволікі пры сабе не было.

З восені 2020 года ў тэлеграме Мікіта пачаў камунікаваць з карыстальнікам з нікам «John», які «меў сувязь з адміністратарамі дэструктыўных тэлеграм-каналаў». Мікіта паведамляў яму, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, на што той прапанаваў спіс прадметаў, якія мог перадаць хлопцу для ўдзелу ў мітынгах. Таксама «John» прапанаваў здзейсніць розныя радыкальныя акцыі, але Кунтыш адмовіўся. 

Пра перапіску з гэтым чалавекам павярхоўна паведамляў астатнім хлопцам. Пазней атрымаў ад «John» дзве «хованкі» з тэлескапічнымі дубінкамі, электрашокерамі, а таксама двойчы атрымаў грашовыя пераводы. Навошта яны былі патрэбныя, на той момант Мікіта не думаў. Тэлескапічныя дубінкі ён забіраў разам з Саўко. Іх яны хавалі ў розных месцах. Адну дубінку Мікіта пакінуў сабе, а адну аддаў Адаму. Батура і Майсейчык пра гэта ведалі і таксама ўзялі сабе па адной. Для якіх мэт абвінавачаныя бралі дубінкі, Мікіта не ведае.

Другую «хованку» атрымаў прыкладна праз два месяцы пасля першай. Невядомыя людзі пакідалі іх за МКАДам. Гэтым разам там былі 10 электрашокераў. Мікіта схаваў іх недалёка ад хаты. Саўко, па словах Кунтыша, браў спачатку адзін электрашокер, а потым яшчэ два. Яшчэ адзін браў Майсейчык. Для якіх мэт ім былі патрэбныя гэтыя прадметы, не ўдакладняў. Сабе таксама ўзяў адзін электрашокер, які захоўваў дома.

У абвінавачванні ўзгадваецца дзень «Х» — менавіта тады, на думку следчых, і маглі спатрэбіцца гэтыя прадметы пратэстоўцам для «гвалтоўнага захопу ўлады». Але дакладнай даты не існуе. Пра падрыхтоўку да дня «Х» Мікіта ведаў з тэлеграм-каналаў, аднак да яго ніяк не рыхтаваўся, бо збіраўся ехаць на працу за мяжу. Таксама Мікіта сцвярджаў, што ўсе перапіскі паміж сябрамі, якія далучаны да матэрыялаў справы, успрымаў у якасці жартаў. 

Сяргей Батура
Сяргей Батура

Далей у судзе дапыталі Сяргея Батуру. Ён паведаміў суду, што з Адамам і Мікітам знаёмыя даўно, а з Арсеніем пазнаёміліся 9 жніўня. З канца 2020 года па лета 2021 года ў тэлеграме Сяргей камунікаваў з адміністратарам тэлеграм-чата «ОГСБ» пад нікам «Дзіс». Ён прапаноўваў здзейсніць розныя акцыі, а таксама з’ездзіць у трэніравальны лагер у Адэсу, на што Сяргей адказаў адмовай.

Па словах хлопца, ён ведаў пра падрыхтоўку да дня «Х», які прадугледжваў радыкальную змену ўлады ў пэўны дзень. Таксама яму было вядома пра атрыманне Мікітам першай пасылкі, з якой браў сабе тэлескапічную дубінку, але вярнуў яе праз некаторы час. Намеру на падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках ён не меў. Сяргей на судзе адмаўляў абмеркаванне з Саўко і Кунтышам магчымасць перамыкання чыгуначных рэйкаў. Апроч гэтага яны не абмяркоўваў і пытанняў гвалтоўнай змены ўлады, а таксама дзень «Х».

Арсеній Майсейчык з Кунтышам знаёмы з 2019 года. З Адамам і Сяргеем пазнаёміліся ў жніўні 2020 года. З пачатку 2020 года быў падпісаны на «Нехту», дзе проста чытаў навіны. Удзел у акцыях пратэсту прымаў, але намеру на ўдзел у масавых беспарадках не было, і ні аб чым з абвінавачанымі ён не дамаўляўся. На мітынгах прадметы з пасылак не выкарыстоўваў. З лета 2021 года захоўваў па просьбе Кунтыша ў сябе дома пакет, але не ведаў, што ў ім знаходзіцца.

Тэлескапічную дубінку і электрашокер, якія ў яго знайшлі падчас ператрусу, узяў у Кунтыша для самаабароны. Вынятую радыёстанцыю набываў у лютым 2021 года, бо цікавіўся радыётэхнікай. Арсеній пацвердзіў, што накаленнікі і налакотнікі набываў у пачатку лістапада 2020 года для ўдзелу ў акцыях пратэсту, але перадумаў іх выкарыстоўваць.

Майсейчык на судзе распавёў, што яны з Мікітам абмяркоўвалі стварэнне дымавой шашкі, але ад гэтай ідэі пазней яны адмовіліся. Каму належаць лазерная ўказка і ўкраінская сім-карта, якія ў яго таксама знайшлі, палітвязень не ведае. Рэспіратар і берушы таксама збіраўся выкарыстоўваць на акцыях пратэсту, але не было патрэбы. Перапіскі с сябрамі, па словах хлопца, трэба расцэньваць як жарт.

Адам Саўко, якому на момант здзяйснення злачынства не было 18 год, з Сяргеем і Мікітам знаёмы больш за 12 год. З Арсеніем Кунтыш пазнаёміў іх пасля 9 жніўня і Адам камунікаваў з ім толькі падчас Маршаў. Быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы толькі дзеля навінаў, а з адміністратарам «дэструктыўных» каналаў не камунікаваў. Хлопец ведаў, што Кунтыш меў зносіны з адміністратарам «ОГСБ», а таксама атрымліваў пасылкі ад яго. Адну з іх Адам забіраў разам з Мікітам, а прадметы хавалі ў пад’ездзе і ў парку Уга Чавеса ў Мінску.

Адну дубінку Адам сабе забраў для самаабароны. Праз месяц прыйшла ўжо другая пасылка і адтуль Адам узяў тры ліхтарыка-электрашокера — адзін для маці, і два для аднагрупнікаў. Нож-матылёк, які супрацоўнікі вынялі падчас ператрусу, — падарунак бацькоў яшчэ ў 2019 годзе. Прадметы выкарыстоўваць на акцыях пратэсту Адам не збіраўся. Па словах хлопца, восенню 2021 года з Кунтышам адбылася размова пра дыверсію на чыгунцы, але хлопец паставіўся да гэтага негатыўна. 

Адам Саўко
Адам Саўко

На судзе ў якасці сведак дапыталі маці Мікіты і маці Адама. Вольга Саўко распавяла, што даведалася пра тое, што сын удзельнічае ў акцыях пратэсту, калі яго затрымалі першы раз у снежні 2020 года. Па яе словах, будаўнічыя каскі, знойдзеныя ў Адама, выкарыстоўваліся, калі сыны працавалі на будоўлі. Электрашокер належыць ёй, а дубінка — Адаму. Але яна не ведае, дзе ён яе ўзяў. Таксама Вольга пацвердзіла, што нож падаравалі Адаму яшчэ ў 2019 годзе.

Акрамя гэтага, на судзе выступіў і сябар хлопцаў — Яўген Канаш. Па яго словах, ён ведаў пра ўдзел хлопцаў у мітынгах, а таксама пра атрыманне пасылак. Ён сцвярджаў, што «чуў размовы хлопцаў пра падрыхтоўку да чагосьці, і што нешта павінна было пачацца».

Да матэрыялаў справы далучылі перапіску хлопцаў, у якой, згодна з абвінавачваннем, «абмяркоўваліся намеры на ўдзел у масавых беспарадках, перасыл інструкцый па фарміраванню груп з мэтай удзелу ў беспарадках і неабходных правілаў бяспекі з мэтай ананімнасці». Таксама хлопцы абмяркоўвалі перасыл прадметаў ад невядомых асобаў Кунтышу і размеркаванню іх паміж сабой.

Вядома, што тэлефон Мікіты праслухоўваўся. Згодна з пратаколамі «слыхавога кантролю», Мікіта абмяркоўваў з Майсейчыкам ўдзел у пратэстах і падрыхтоўку да іх. Абмяркоўваліся і магчымая дата дня «Х», і набыццё і выраб розных прадметаў, чаканне адпаведных указанняў, кансультацыі з невядомымі асобамі.

Таксама ў матэрыялах справы ёсць відэазапісы з асабістага архіву сябраў. Экспертыза ад 21 лютага 2022 года пацвердзіла, што голас на відэа належыць чатыром хлопцам. На відэа яны, апроч усяго, абмяркоўваюць ўдзел у акцыях пратэсту. Пры гэтым ёсць відэа, на якім хлопцы выкідваюць старую шафу. З гэтага відэа зрабілі скрыншот, на якім адзін з палітвязняў стаіць каля сметніцы з дошкамі ў руках. На думку следства, гэта з'яўляецца доказам падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. А сярод фотаздымкаў, якія таксама даказваюць віну хлопцаў, ёсць фота, на якім Адам Саўко ў балаклаве сядзіць з трыма кацянятамі на каленях.

У дзень затрымання, 9 лістапада 2021 года, Кунтыш падчас допыту распавёў сілавікам пра перапіску з «John» і пра атрыманне ад яго пералічаных прадметаў. Пры гэтым, па інфармацыі праваабаронцаў, у гэты дзень Мікіту дапытвалі каля 20 гадзінаў і нават вывозілі яго ў лес. Таксама, згодна з тэкстам яўкі з павіннай, Мікіта прымаў удзел у стварэнні макета дымавой шашкі. 

Вядома, што Саўко затрымалі на ўваходзе ў метро «Магілёўская» ў Мінску. З сабою ў яго была адна тэлескапічная дубінка. У тэлефоне Адама міліцыянты знайшлі фотаздымкі з акцый пратэсту, інструкцыі для ўдзельнікаў пратэстаў і фота з пратэснай сімволікай.

У Арсенія таксама былі знойдзеныя фотаздымкі з Марша 16 жніўня ў Мінску, скрыншоты паведамленняў з тг-каналаў, у якіх былі заклікі да ўдзелу ў пратэстах. Дома ў яго знайшлі самаробныя «петарды».

Суддзя Андрэй Млечка прыйшоў да высновы, што «факт легальнасці набыцця абвінавачанымі шэрагу выяўленых прадметаў і выкарыстанне часткі прадметаў для бытавых мэтаў не выключае наяўнасць у хлопцаў намеру на выкарыстанне канфіскаваных прадметаў для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў».

Абаронцы хлопцаў адзначылі, што знойдзеныя прадметы не адносяцца да катэгорыі боепрыпасаў і ў іх складзе няма выбуховых рэчываў, а прадаюцца яны ўвогуле ў свабодным доступе. Хлопцы на судзе таксама звярталі ўвагу суда на тое, што ліхтарыкі-электрашокеры могуць выкарыстоўвацца ў якасці ліхтарыка, а прычыніць ім пашкоджанні ці моцны боль — немагчыма. Яны адзначылі, што ніхто з іх не карыстаўся гэтымі прадметамі.

Адвакатка Сяргея Батуры прасіла, каб з палітвязня знялі абвінавачванні за ўдзел у Маршы 26 кастрычніка, бо за гэты эпізод яго ўжо прыцягнулі да адказнасці паводле артыкула 23.34 КаАП. Па заканадаўству, за адно і тое ж правапарушэнне чалавека нельга прыцягваць двойчы да адказнасці. Але суддзя палічыў інакш. Млечка адзначыў, што факт прыцягнення Сяргея да адміністрацыйнай адказнасці не выключае крымінальнай адказнасці.

"Мінсктранс" хоча спагнаць з палітвязняў велізарныя сумы

КТУП «Мінсктранс» выставіў пазовы да палітвязняў за «перакрыццё руху транспарта». З Адама Саўко хочуць спагнаць 86 391 рубель і 90 капеек, а таксама дзяржпошліну ў памеры 4 319 рублёў і 60 капеек; з Сяргея Батуры і Мікіты Кунтыша — 27 647 і  рублёў 98 капеек і дзяржпошліну ў памеры 1382 рублі і 40 капеек; з Арсенія Майсейчыка —  64 724 рублі і 9 капеек, а таксама дзяржпошліну — 6 173 рублі і 40 капеек. Пазовы будуць разгледжаны ў грамадзянскім парадку.

Тэхніку абвінавачаных, а таксама прадметы, якія хлопцы нібыта збіраліся выкарыстоўваць падчас масавых беспарадкаў, суд пастанавіў канфіскаваць як «прадметы здзяйснення злачынства».

Суддзя Андрэй Млечка 1 ліпеня прызнаў чатырох палітвязняў вінаватымі ў «актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і прызначыў па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса па паўтара года пазбаўлення волі кожнаму.

Іх жа прызналі вінаватымі ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» і прызначылі Мікіту Кунтышу і Арсенію Майсейчыку па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса па пяць гадоў пазбаўлення волі, а Адаму Саўко і Сяргею Батуру — па чатыры гады пазбаўлення волі.

Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакаранняў абвінавачаным Кунтышу і Майсейчыку канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе шэсць гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а Саўко і Батуру — пяць гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.


Падтрымайце палітвязняў грашовымі пераводамі, пасылкамі і бандэролькамі з рознымі прыемнымі дробязямі па адрасах:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Арсеній Алегавіч Майсейчык,Адам Андрэевіч Саўко

Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А,

Мікіта Сяргеевіч Кунтыш, Сяргей Андрэевіч Батура

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства