"Эмоцыі — не злачынства". Дзесяць месяцаў за кратамі ўтрымліваецца супрацоўнік EPAM і калега загінулага Андрэя Зельцэра
Праваабаронцам стала вядома, што з 29 верасня 2021 года за кратамі ўтрымліваецца 38-гадовы супрацоўнік EPAM Сяргей Кірэенка. Айцішніка затрымалі наўпрост каля цягніка на гомельскім вакзале, калі ён вяртаўся ад сваякоў у Мінск. Ён праходзіць па так званай "справе Зельцэра" за каментары ў сацсетках і абвінавачваецца па арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. "Вясна" распавядае, што вядома пра справу, у якіх умовах утрымліваюць Сяргея, што ён піша ў лістах і як можна яго падтрымаць.
Працаваў тэсціроўшчыкам у EPAM Systems. Што вядома пра Сяргея
Сам Сяргей нарадзіўся ў Гомелі, але, калі паехаў вучыцца ва ўніверсітэт у Мінску, там і застаўся. У мужчыны дзве адукацыі: сярэдняя-спецыяльная і вышэйшая эканамічная. Апошнюю ён атрымліваў у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Да затрымання Сяргей працаваў тэсціроўшчыкам у EPAM Systems. Па словах блізкіх мужчыны, ён раней не цікаваўся праграмаваннем, але "вось так склалася".
Як распавядаюць блізкія Сяргея, ён прытрымліваўся здаровага лада жыцця.
"Амаль еўрапейскі чалавек", — усміхаюцца яны.
Сяргей хацеў падарожнічаць, але ў яго ўсё не было магчымасцяў, у асноўным, фінансавых. Мужчына разыйшоўся з жонкай, у іх ёсць дзіцё.
У 2021 годзе гамяльчука затрымалі ўпершыню ў жыцці.
"Палітычны настрой у яго абсалютна змяніўся ў 2010 годзе пасля Плошчы. Але яго ні разу не прыцягвалі да адказнасці за гэты час. Так, ціха мірна на кухні абмяркоўвалі", — распавядаюць блізкія Сяргея.
"Падыйшлі пяць чалавек у форме без апазнавальных знакаў, скруцілі". Затрымалі разам з бацькам
Мужчыну затрымалі 29 верасня наўпрост на гомельскім вакзале каля цягніка — ён збіраўся ехаць у Мінск.
"Яго затрымлівалі, як у нас традыцыйна затрымліваюць: падыйшлі пяць чалавек у форме без апазнавальных знакаў, скруцілі, зламалі і павезлі ў РАУС. Можна сказаць, што яго выкралі. Нават не прадставіліся і толькі ў мясцовым РАУСе яму сказалі, што ён нібыта праходзіць па справе як сведка. Але потым пачалі "разгойдваць" сітуацыю, выбілі ў яго ўсе паролі і логіны, а там у сацсетках усплылі нейкія перапіскі, каментары. І на падставе гэтых перапісак яго і закрылі", — распавядаюць блізкія айцішніка.
Вядома, што Сяргея пасля затрымання збівалі і пагражалі фізічнай расправай.
"Я пабаяўся скаргу пісаць, бо гэтыя пагрозы гучалі пераканаўча", — пісаў потым у лістах Сяргей.
30 верасня ў прапагандысцкім тэлеграм-канале "Жоўтыя слівы" з'явіўся відэазапіс супрацоўніка EPAM, які прадставіўся як Сяргей Кірэенка. Ён выказаў спачуванні сям'і загінулага супрацоўніка КДБ і дадаў, што калега Зельцэр "здзейсніў непапраўную памылку".
На сувязь са сваякамі дзесяць сутак не выходзіў і бацька Сяргея — Уладзімір. Яго затрымлівалі на працы адзінаццаць чалавек са зброяй. Мужчыну завезлі дадому на ператрус, потым апранулі кайданкі і павезлі ў Мінск у ІЧУ на Акрэсціна.
"Там яго папіналі, пратрымалі 10 сутак, нічога яму прад’явіць не змаглі і, як сабаку, выкінулі за вароты. Не аддалі ні грошы, якія ў яго былі пра сабе, ні тэлефон".
Уладзіміру не растлумачылі нават, чаму яго затрымлівалі. У сваякоў няма ніякіх працэсуальных дакументаў аб пераследзе Уладзіміра і Сяргея.
"Ну, рэальная Беларусь", — здзіўляюцца блізкія бацькі і сына.
Дома ў Кірэенкі сілавікі ладзілі ператрус два разы, але "нічога забароненага не знайшлі".
"Не збіраўся прызнаваць надуманныя абвінавачванні": што вядома пра крымінальную справу
Сяргею адразу прад’явілі абвінавачванне па арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці групай асобаў) Крымінальнага кодэкса. Але потым частку трэцюю арт. 130 КК (групай асобаў) перакваліфікавалі на частку першую, бо следства ўсё ж такі не знайшло папярэднюю змову з астатнімі фігурантамі "справы Зельцэра". Таму справу, як і многіх затрыманых па гэтай справе, вылучылі ў асобную вытворчасць. Вядома, што ў Сяргея мера стрымання была працягнутая да 29 ліпеня — у хуткім часе яго мусяць пачаць знаёміць з матэрыяламі крымінальнай справы.
З лістоў Сяргея вынікае, што віну ён не прызнае:
"Дык а што я павінен прызнаваць, з чаго і праз які ціск? Прызнаць тое, чаго не было? І быць не магло. Цікавы падыход. Не збіраўся я прызнаваць надуманныя абвінавачванні. Ды і не герой я ніякі. Не збіраюся і не збіраўся ім быць. Я маю права выказацца па некалькіх прычынах. Па-першае, гэта артыкул 33 Канстытуцыі — хоць стары, хоць новы. Па-другое, я жыву ў гэтай краіне, укладаю ў яе грошы. У мяне падаходны большы за заробак у паловы краіны. Эмоцыі? Эмоцыі — не злачынства. Ды толькі апраўдальных прысудаў не выносіцца".
У адваката і сваякоў Сяргея адабралі падпіскі аб неразгалошванні.
"У адваката такая падпіска, што ён наогул маўчыць".
Вядома, што сваякам Сяргея амаль за дзесяць месяцаў утрымання пад вартай не дазволілі ніводнага спаткання, бо "можа быць перадзена каштоўная інфармацыя, праз якую следства пойдзе ў тупік".
Прафулік і пераезд у "сталыпінскім вагоне" ў кайданках
Першы час, як і многіх фігурантаў "справы Зельцэра", Сяргея Кірэенку ўтрымлівалі ў жодзінскай турме, дзе яго паставілі на "ўлік як схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці".
"Мяне супраць маёй волі паставілі на такі ўлік у Жодзіне. І цяпер гэты прафулік са мной усюды. Сказалі, што мае артыкулы мяркуюць пастаноўку на ўлік. Больш нічога не растлумачылі. Па іх меркаванні, калі я абвінавачваюся па такім артыкулам (130, 369), то схільны да экстрэмізму. Ну як бы хацелася далікатна растлумачыць, я не змагу. Таму паспрабую як змагу. Напрыклад, у цябе ёсць кулакі? Дык вось, ты схільны да збіцця. У цябе ёсць палавы орган? Значыць ты схільны да згвалтавання. У цябе артыкул 130? Значыць ты схільны да экстрэмізму :)
Я нават не буду апісваць працэдуру пастаноўкі і тую камісію, якая ставіла. Але гэта жахліва, скажу я вам",— тлумачыў у лістах Сяргей.
Потым айцішніка этапавалі ў гомельскі СІЗА.
"Мяне ў «сталыпіне» [спецыяльным вагоне для перавозкі падследных і асуджаных] везлі ў кайданках (спаць, есці, туалет — усё ў іх, не здымаючы), а забойцаў і злодзеяў — без. Нагадваю, што я нічога не скраў і нікога пальцам не чапаў. Не разумею, што адбываецца :)", — распавядаў у лістах вязень.
"Як можна пазбаўляць права на медыцынскае абслугоўванне?" У якіх умовах дзесяць месяцаў утрымліваюць айцішніка
Пра тое, у якіх умовах Сяргей утрымліваецца, ён сам распавядаў у сваіх лістах на волю:
"Самы галоўны тэзіс — чалавекам я сябе тут не адчуваю. Стандартная беларуская турма, дзе асноўны стан душы — пакуты".
Сяргей піша, што пасля турмы прыйдзецца доўга аднаўляцца.
"Зрок садзіцца жорстка. Справа ў асвятленні. І ў адсутнасці магчымасці глядзець удалечыню. Ну і, канешне, хранічны стрэс, недахоп вітамінаў, чаканне незразумела чаго. Вастрыня ўжо не тая, стамляюцца вочы вельмі хутка. Здароўе тут вельмі можа пахіснуцца.
Мне вось што дзіўна. Ну добра, свабоду абмежавалі, пазбавілі і г.д.Хаця мы проста пакуль падследчыя. Але як можна пазбаўляць права на медыцынскае абслугоўванне, напрыклад?"
У гомельскім СІЗА айцішнік утрымліваецца ў шасцімясцовай камеры. Спаць яму і тым, хто пастаўлены на экстрэмісцкі прафулік дазволена толькі на другім ярусе ложку.
"Краты на вакне — бачна толькі неба".
У турэмным рацыёне адсутнічае садавіна і гародніна, акрамя бульбы і салёных агуркоў:
"Прадукты самыя танныя: вараная каўбаса рубля за тры-чатыры, хлеб, спечаны на Антошкіна [у жаночай калоніі], ад якога раздувае жывот", — піша вязень СІЗА.
Што піша Сяргей у лістах?
Блізкія мужчыны ўзгадваюць лісты з блізкім і ўздыхаюць:
"Сяргей у лістах піша, што дома добра. Да ўмоваў утрыманняў і ежы можна прызвычаіцца, але, насамрэч, гэта нават не ўмовы для існавання. Сядзіць ціхенька".
Па іх словах, палітвязень скардзіцца на здароўе: праз тое, што доўга сядзіць у адной камеры ў яго пачаў псавацца зрок.
"Медыцынская дапамога — таксама такая сабе: калі зуб забалеў, то яго ж не лякуюць, яго вырываюць. Калі патрэбныя лекі, то іх перадаюць сваякі".
Сваякам нельга перадаваць кнігі, "а бібліятэка ў гомельскім СІЗА скудненькая". Сяргей замовіў сабе кнігу на ангельскай мове на "Белкнізе", дык яна ішла тры месяцы.
"Гэта ўсё падкопы СІЗА — гэта зразумела, яны не любяць у нас адукаваных людзей", — кажуць блізкія Сяргея.
Сустрэў 38-годдзе за кратамі. Падтрымай палітвязня!
Сяргею 24 ліпеня споўнілася 38 гадоў — іх ён адзначыў у гомельскім СІЗА. Вы можаце павіншаваць і падтрымаць палітвязня лістамі, бандэролькамі і грашовымі пераводамі па адрасе:
СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Сяргей Уладзіміравіч Кірэенка (24.07.1984 года) Рэквізіты для грашовых пераводаў: (адвольны плацеж у інтэрнэт-банкінгу ці на пошце): УНП: 490313877 код BIC: BAPBBY2X IBAN: BY31BAPB36429000005630000000 Прызначэнне: на асабістыя патрэбы вязня Сяргея Уладзіміравіча Кірэенкі, СІЗА-3, Гомель. |