Жыхарка Светлагорскага раёна пайшла ў міліцыю падаваць заяву аб крадзяжы, не стрымалася і абразіла прэзідэнта
Суд Светлагорскага раёна 25 ліпеня вынес прысуд жыхарцы вёскі Стракавічы Наталлі Леановіч, абвінаваціўшы яе ў абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Галіна Гулевіч.
Судовае пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме ў памяшканні былога прафесійнага ліцэя хімікаў, дзе часова размяшчаецца раённы суд.
Жанчына ў судзе абараняла сябе сама, без адваката.
Пра Леановіч вядома, што яна пайшла падаваць заяву ў міліцыю на крадзеж, які сапраўды меў месца, а нападпітку выказала ў аддзеле ўсё, што думае пра прэзідэнта. Супрацоўнікі міліцыі завялі на яе крымінальную справу.
Наталлю Леановіч затрымалі і з 20 чэрвеня яна знаходзілася ў СІЗА-3 Гомеля.
Згодна з абвінавачаннем, жыхарка Светлагорскага раёна Наталля Леановіч публічна зняважыла прэзідэнта. Якім чынам - пакуль невядома.
Суд прысудзіў ёй пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год і 6 месяцаў ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама суд пастанавіў накіраваць яе на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.