Другі дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Рыгор Кастусёў віну не прызнаў Дапоўнена
Мінскі абласны суд 1 жніўня ў выязным пасяджэнні працягвае разглядаць "справу аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. На судзе Фядута прызнаў віну часткова, а Кастусёў — наогул не прызнаў. "Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.
Другі дзень суда: Кастусёў віну не прызнаў, Галубовіч — прызнала ў поўным аб'ёме
На другі дзень суда было агучана абвінавачванне палітзняволенаму кіраўніку партыі БНФ Рыгору Кастусёву. Па версіі абвінавачвання, Кастусёў дасягнуў таемнага пагаднення з Зянковічам і Шчыгельскім пра захоп улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама пагадзіўся з довадамі аб тым, што гэтыя мэты могуць быць дасягнуць толькі гвалтоўным чынам. Па словах пракурора Кастусёў, знаходзячыся ў сябе дома ў Магілёўскай вобласці, у рэжыме анлайн-канферэнцыі ўдзельнічаў у абмеркаванні плана па захопе ўлады. Акрамя ўжо вядомых Шчыгельскага і Зянковіча дзяржабвінаваўца назваў і прозвішчы некаторых іншых удзельнікаў гутаркі — гэта Хофман, Макар і іншыя людзі, асоба якіх пакуль не ўстаноўленая. Акрамя таго, па словах пракурора, Кастусёў прагаласаваў за ўключэнне ў лік змоўшчыкаў Вольгу Карач, але яна заняла чакальную пазіцыі.
Віну Рыгор не прызнаў па ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). У судзе ён растлумачыў, што ўдзельнічаў у анлайн-канферэнцыях "змоўшчыкаў" як слухач, паведамляюць праўладныя СМІ. Кастусёў на стадыі папярэдняга следства таксама віну не прызнаў, пра гэта паведаміла дачка абвінавачанага, спасылаючыся на ягоныя лісты з СІЗА.
Паведамляецца, што 45-гадовая сябра партыі БНФ, былая бухгалтарка мінскай фірмы Зянковіча "Амерыканскі юрыдычны цэнтр" Вольга Галубовіч прызнала віну ў судзе ў поўным аб'ёме. Яе судзяць толькі за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Як паведамлялася ў прапагандысцкіх фільмах, яна ўдзельнічала ў перадачы грошай для тых афіцэраў арміі, якія нібыта былі гатовыя ўдзельнічаць у мецяжы.
Дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, які таксама абвінавачваецца толькі па ч. 1 арт. 342 КК, як і Вольга, прызнаў віну.
Допыт фігурантаў справы
Як піша SPUTNIK, на судзе пачаўся допыт абвінавачаных. Першым дае паказанні Кастусёў — на беларускай мове і ў форме свабоднага аповеду. Кастусёў заявіў, што ўдзельнічаў у сямі зум-канферэнцыях "змоўшчыкаў", папярэджваў суразмоўцаў, каб яны былі асцярожныя ў выказваннях. Адказваючы на пытанне пракурора, ён заявіў, што "не чуў, каб абмяркоўвалі пытанне аб захопе ўлады" ў Беларусі.
Кастусёў падчас допыту ў судзе паведаміў, што даўно знаёмы толькі з Зянковічам, ведае Фядуту, са Шчыгельскім бачыўся "пару разоў". З усімі астатнімі ўдзельнікамі канферэнцыі ён не быў знаёмы асабіста. Рыгор Кастусёў заявіў, што інфармацыю пра змову з мэтай звяржэння ўлады час зум-канферэнцыі ўспрыняў як фэйк. Кажучы пра прад'яўленыя абвінавачванні, дзе гаворыцца, што змоўшчыкі планавалі прыцягнуць на свой бок войска і іншыя сілавыя структуры, Кастусёў сказаў, што ўспрыняў такую інфармацыю як абразу сілавікоў. Па яго словах, ён "не верыць, што сярод беларускага генералітэту ёсць тыя, хто можа змяніць Радзіме".
Кастусёў таксама заявіў, што ніколі не заклікаў да фізічнай ліквідацыі Лукашэнкі. 65-гадовы абвінавачаны таксама нагадаў суду, што ён даўно ў палітыцы і на світанку сваёй палітычнай кар'еры падтрымліваў дзеючага кіраўніка дзяржавы.
Як сцвярджае "Белта", Кастусёў пісаў чыстасардэчнае прызнанне на імя старшыні КДБ Івана Церцеля — адпаведны пратакол у судзе зачытаў пракурор. Паводле яго словаў, 15 красавіка 2021 года Кастусёў спачатку не даваў паказанні, а потым напісаў чыстасардэчнае прызнанне аб тым, што Зянковіч прапаноўваў яму прыняць удзел у зум-канферэнцыях, у якіх ён удзельнічаў.
Атрымліваецца, што праз трое сутак пасля затрымання ў СІЗА КДБ Рыгор падпісаў такое прызнанне. Нагадаем, тады лідара партыі БНФ затрымалі ўвечары 12 красавіка ў Шклове, пасля чаго павезлі ў Мінск. Потым стала вядома, што ён утрымліваецца ў СІЗА КДБ.
Падчас допыту пракурор спытаў Кастусёва, ці агаворваў ён кагосьці з абвінавачаных, Кастусёў адзначыў: "Стараўся не агаворваць, цяжка ўспомніць", піша Sputnik. Палітык заявіў сёння ў судзе што на яго аказваўся ціск з боку следства. Па яго словах, затрымліваліся на час дачка, зяць.
"Калі тваю сям'ю рэпрэсуюць, напішаш што заўгодна", — сказаў ён.
Кастусёў паведаміў, што ведаў, што яго могуць затрымаць, але не збег з Беларусі, хоць у адной з бліжэйшых замежных краін у яго ёсць жыллё. Ён таксама заявіў, што зяць адной з дачок з'ехаў у Польшчу, яшчэ адна дачка з чатырма дзецьмі таксама з'ехала з Беларусі пасля яго затрымання.
Пракурор зачытаў паказанні Кастусёва следчага КДБ аб тым, што, па яго думку, яго ўцягнулі ў удзел у онлайн-канферэнцыях як кіраўніка палітычнай партыі, каб атрымаць фінансаванне змовы. На допыце ў КДБ Кастусёў, адказваючы на пытанне, ці прызнае ён сябе вінаватым, сказаў: "Я толькі прызнаю сваю віну ў тым, што даў магчымасць гэтым людзям уцягнуць сябе ў гэтыя размовы".
Кастусёў заявіў у судзе, што падчас следства захварэў і нават пісаў прашэнне на імя прэзідэнта Беларусі ў сувязі хваробай.
Як вынікае з зачытаных пракурорам пратаколаў допыту Кастусёва, следчаму ў СІЗА ён заяўляў сваё меркаванне аб тым, што Зянковічу трэба было фінансаванне для стварэння сваёй структуры. Кастусёў таксама заяўляў следчаму, што папярэджваў Зянковіча і іншых удзельнікаў зум-канферэнцый аб тым, што іх могуць слухаць супрацоўнікі спецслужбаў і гэта пагражае сур'ёзнымі наступствамі. Пры гэтым, як вынікае з пратаколаў допытаў, зачытаных пракурорам у судзе, Кастусёў заяўляў на стадыі следства, што "зразумеў, што гаворка ідзе пра вайсковы пераварот". Як удакладніў дзяржабвінаваўца, зачытваючы пратаколы допытаў, на стадыі папярэдняга расследавання Кастусёў пераконваў следчага, што размовы Зянкевіча аб звяржэнні ўлады і падрыхтоўкі вайсковага перавароту ён "успрымаў як балбатню".
Зянковіч і Кастусёў размаўляюць у судзе на беларускай мове.
Як піша Sputnik, пасля абеду на суд прыйшла жонка Аляксандра Фядуты Марына Шыбко. Яна патлумачыла, што на ранішняе пасяджэнне спазнілася, таму што перадавала ў СІЗА кій для свайго мужа. Як яна раней паведамляла, у яго абвастрылася падагра.
У судзе абвешчаны перапынак да 10:00 2 жніўня. Працягнецца допыт абвінавачаных.
Першы дзень суда: Фядута прызнаў віну часткова
Пачаўся суд па справе аб "захопе ўлады"
"Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць фігурантаў, і што цяпер вядома па справе.
У раскладзе судовых пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда адразу было пазначана, што суд будзе закрытым, аднак суд прыняў рашэння разглядаць справу ў адкрытым рэжыме. Як паведамляюць тыя, хто прыйшоў на пасяджэнне, людзей пусцілі ў будынак суда і абяцалі пусціць на працэс пасля абеду. Аднак адразу папярэдзілі, што давядзецца здаць тэлефон перад уваходам у залу. Таксама супрацоўнікі суда перапісалі дадзеныя ўсіх, хто прыйшоў на працэс.
Да абеда ў судзе зачыталі абвінавачванне Юрыю Зянковічу і Аляксандру Фядуту. Літаратар прызнаў сваю віну часткова і не пагадзіўся з агучанымі ў абвінавачванні матывамі.
У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?
Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту".
Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.
Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.
Раней КДБ паведамляў, што па гэтай крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. За кратамі "змоўшчыкаў" утрымліваюць ужо больш за 15 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Кастусёва нават выявілі анкалагічнае захворванне.
У выніку, фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- Зянковіч абвінавачваецца па ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт.361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч.3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч.3 арт.130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
- Фядута і Кастусёў — па ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
- Галубовіч і Краўчук — па ч.1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Вольга Пятроўна Галубовіч
Дзяніс Пятровіч Краўчук
Юры Леанідавіч Зянковіч
Рыгор Андрэевіч Кастусёў
Аляксандр Іосіфавіч Фядута