Новы прысуд па "справе Зельцэра". Без прамога доказу віны жыхара Бярозы асудзілі на 1,5 года калоніі за каментар пра забітага супрацоўніка КДБ
28 ліпеня суд Бярозаўскага раёна вынес рашэнне па справе Віктара Хлябца, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады".
Справу разглядала Наталля Вакульчык. Бок абвінавачвання падтрымліваў пракурор Бярозаўскага раёна Аляксандр Круцько. Інтарэсы абвінавачанага прадстаўляў адвакат Павел Алесік.
Абвінавачанаму Віктару Хлябцу 40 гадоў, ён выхадзец з Белаазёрска. Мае на ўтрыманні 8-гадовую дачку. У Віктара ёсць інваліднасць, ён хварэе на цукровы дыябет, інсуліназалежны. Мужчыну затрымалі яшчэ 26 лютага дома. Вядома, што пасля затрымання яго змясцілі ў ІЧУ Бярозаўскага РАУС. 1 сакавіка да Віктара ўжылі меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту і перавялі яго ў СІЗА № 6 Баранавічаў, дзе ён і знаходзіўся да суда.
У віну мужчыну ставілі тое, што ў закрытым тэлеграм-чаце пад назвай "Аджарский вояж. Грузия", у якім на момант здзяйснення злачынства знаходзілася каля 30 чалавек, пад нікам "Гога" абвінавачаны пакінуў каментар пад відэа, на якім быў зафіксаваны момант перастрэлкі Зельцэра з супрацоўнікамі КДБ, якія ўварваліся ў ягоную кватэру. Нагадаем, Андрэй Зельцэр смяротна параніў супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, пасля чаго застрэлілі і яго самога.
Каментар Хлябца пад гэтым відэа быў такім:
"Мне наоборот, тут будто подталкивают. Да, человек погиб, к сожалению, но мусарье задумается. Итак – минус один. Неа, в бронежилетах заходили, это его видео, (…) или как некоторые из нас. Минус один мусор, тем более гэбье, к счастью, зе бест. Короче, минус один мусор".
Згодна з версіяй абвінавачвання, гэты каментар "супярэчыць агульначалавечай маралі, вызначаным правілам зносінаў паміж людзьмі, змяшчае выказванні, выразы ў непрыстойнай форме, зневажае гонар і годнасць".
Ні падчас допытаў, ні на судзе Віктар Хлябец не прызнаў сваёй віны. Мужчына тлумачыў гэта тым, што не памятае напісання гэтага каментара.
Нягледзячы на тое, што мужчына пацвердзіў, што ў гэтым чаце ён сапраўды знаходзіўся ў тым ліку пад нікам "Гога", ён жа выказаў меркаванне, што гэты нік сабе маглі ўзяць іншыя людзі і, значыць, і пакінуць гэты каментар мог любы іншы чалавек, які ўваходзіў у чат.
Абаронца Хлябца таксама настойваў на тым, што ў матэрыялах справы няма ніводнага доказу таго, што каментар пакінуты менавіта з ID-адрасу Хлябца.
У якасці сведак па справе праходзілі родная сястра і маці абвінавачанага. Абедзве скарысталіся сваім правам адмовіцца ад дачы паказанняў.
Сведкамі праходзілі і знаёмыя абвінавачанага, якія таксама знаходзіліся ў тым чаце. Адны распавядалі, што ў ім абмяркоўвалі самыя розныя жыццёвыя тэмы, іншыя — што пасля выбараў у чаце, які перыядычна змяняў свае назвы, абмяркоўвалася ў тым ліку і палітыка. Сама група была закрытая, а яе ўдзельнікі пісалі там з акаўнтаў, набытых у інтэрнэце, або зарэгістраваных у іншых краінах, каб іх не маглі ідэнтыфікаваць.
Ніхто з апытаных сведак не пацвердзіў, што каментар, за які судзяць Хлябца, пакінуў менавіта ён. Пры гэтым практычна кожны адзначыў, што колькасць удзельнікаў групы сапраўды ўвесь час змянялася, гэтак жа, як і іх нікнэймы.
Адна са сведак — Святлана Ткачэнка — расказала суду, што паказанні, якія яна давала падчас следства, былі скажоныя, што свой подпіс пад пратаколам яна паставіла на эмоцыях, бо падчас допыту на яе ціснулі і пагражалі.
Як менавіта ціснулі на сведку, суддзя не ўдакладняў.
Паводле высноваў лінгвістычнай экспертызы ад 26 траўня 2022 года і пратаколу допыту эксперта ад 15 чэрвеня 2022 года, у каментары Хлябца "негатыўна ацэньваецца супрацоўнік КДБ [гаворка ідзе пра забітага Федасюка]. Такім чынам, Віктар Хлябец здзейсніў абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў". Таксама, мяркуючы па высновах экспертызы, "у прадстаўленых тэкстах ёсць негатыўная ацэнка групы асобаў, аб'яднаных паводле прыкметы прафесійнай дзейнасці — супрацоўнікаў міліцыі і супрацоўнікаў КДБ. У прадстаўленых тэкстах няма выказванняў, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў".
Згодна з высновамі судова-псіхалагічнай экспертызы ад 8 красавіка, "ёсць сацыяльна-псіхалагічная скіраванасць наступнага тэксту — "а мне наоборот будто они подталкивают. Да, человек погиб к сожалению. Мусорье задумается. Минус один".
Пракурор прапанаваў прызнаць Хлябца вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 КК, прызнаць змякчальнай акалічнасцю наяўнасць у яго на ўтрыманні непаўнагадовага дзіцяці і прызначыць пакаранне ў выглядзе зняволення тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў.
Абарона настойвала на тым, што непасрэдных доказаў віны Віктара Хлябца па гэтай справе ў суда няма, бо ў сваім каментары Хлябец не паказаў на Федасюка (хоць абвінавачваюць яго менавіта ў абразе памерлага супрацоўніка КДБ), у ягоным паведамленні няма нецэнзурнай лаянкі, дый сама асоба аўтара каментатара дакладна так і не была вызначаная:
"Вызначана толькі тое, што 28 верасня 2021 года ў чаце быў напісаны каментар. Вызначана, што Хлябец была ўдзельнікам чата. Аднак не даказана, што Хлябец і "Гога" — гэта адна і тая ж асоба. Асаблівасцю выкарыстання тг-чата з'яўляецца тое, што ўдзельнік можа ў кожную хвіліну змяніць нікнэйм на які заўгодна, незалежна ад таго, ці ёсць у кагосьці такі самы нікнэйм. Рабіць гэта можна колькі заўгодна раз. Нязменным застаецца ID нават пасля выдалення акаўнта, аднак у матэрыялах следства не ўтрымліваецца звестак пра акаўнт з імем "Гога", пра прывязку яго да нумара тэлефона.
Абвінавачванне грунтуецца на тым, што нейкі "Гога" адгукнуўся на паведамленне 29 верасня мінулага года. Што раней, 8 верасня, пад гэтым нікнэймам было пакінута галасавое паведамленне з голасам, падобным да голаса Хлябца. Аднак 28 верасня пад нікам "Гога" мог быць як Хлябец, гэтак і іншы ўдзельнік чата. Дапытаныя сведкі пацвердзілі, што нікнэйм можна змяняць неаднаразова. Сведка Ткачэнка гэтым карысталася. Сведка Кацубееў таксама тлумачыць пра гэта".
У сваім апошнім слове абвінавачаны сказаў:
"Я б не адмаўляў віны, калі б гэта была мая віна. Праз тое, што я не памятаю, я не маю права аспрэчыць абвінавачванне. Калі я прызнаю, гэта, ізноў жа, будзе няправільным. Я сапраўды не памятаю. Стоадсоткава адмаўляць я таксама не магу. Падчас справы было праведзена шмат экспертыз: лінгвістычных, псіхалагічных. Я прасіў следчага: "Няўжо цяжка цяпер, пры цяперашніх тэхналогіях, даказаць, што гэта сапраўды пісаў я?" Калі гэта і напісана мной, то я прыношу выбачэнні і лічу, што гэта няправільныя словы. Але — прашу апраўдаць".
У дарадчым пакоі суддзя прыняла рашэнне, што для правільнага вырашэння справы неабходныя дадатковыя даследчыя доказы. Праз тое, што для правільнага прыняцця рашэння па справе неабходна дадатковае даследаванне акалічнасцяў, суддзя Наталля Федасюк палічыла неабходным аднавіць судовае следства і выклікаць у суд для допыту эксперта.
Наступнае судовае пасяджэнне па справе Віктара Хлябца адбылося 28 ліпеня. Падчас яго праз Skype падлучылі заяўленую экспертку — ёю аказалася 24-гадовая філалагіня з 1,5 гадавым стажам Паліна Зіновенка. Яна паведаміла суду, што вывучыла высновы экспертаў, і пацвердзіла, што каментары Хлябца сапраўды "маюць негатыўную ацэнку супрацоўнікаў праваахоўных органаў".
Адвакат, як і раней, заявіў пра супярэчнасці. Бо абвінавачваюць Хлябца менавіта ў абразе Федасюка, пры гэтым экспертка ацаніла каментар абвінавачанага як "абагульненую негатыўную ацэнку". Тлумачэнні эксперткі звяліся да таго, што Федасюк — таксама супрацоўнік праваахоўных органаў, і кантэкст каментара Хлябца тычыўся ў тым ліку і яго.
28 ліпеня суд Бярозаўскага раёна падтрымаў бок абвінавачвання і прызнаў Віктара Хлябца вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады", прысудзіўшы яго да 1,5 гадоў калоніі з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. У тэрмін адбывання пакарання суд пастанавіў залічыць тэрмін папярэдняга ўтрымання пад вартай з 26 лютага 2022 па 28 лютага 2022 года, а таксама з 1 сакавіка 2022 да моманту набывання прысудам законнай сілы. Мабільны тэлефон Хлябца суд пастанавіў канфіскаваць у даход дзяржавы, меру стрымання ў выглядзе знаходжання пад вартай пакінуць без змены.