Абвінавачанне запрасіла вялізныя тэрміны зняволення для некалькіх бабруйскіх "тэрарыстаў"
У судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска 1 жніўня працягваўся суд над групай мясцовых “тэрарыстаў”. Па справе праходзяць Ігар Казлоў, Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Наталля Кед і Надзея Полькіна.
Іх абвінавачваюць па некалькіх артыкулах:
- стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй (ч. 2 арт. 290-4 Крымінальнага кодэкса);
- акт тэрарызму (ч.2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса);
- пагроза здзяйснення акта тэрарызму; (ч.2 арт. 290 Крымінальнага кодэкса);
- абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс вядзе суддзя Наталля Агладкова.
У першы дзень судовага пасяджэння, 15 ліпеня, суддзя пастанавіла праводзіць працэс у закрытым рэжыме, таму вельмі мала на гэты час інфармацыі аб судовым працэсе.
Вядома, што ўсіх пяцярых бабруйчан абвінавачваюць у тым, што яны спалілі пудзіла Лукашэнкі ў сакавіку 2021 года.
Асобна Мінкевіча, Казлова і Ермаловіча абвінавачваюць за шэраг дзеянняў "тэрарыстычнага характару" летам-восенню 2021 года.
Тады УУС Магілёўскага аблвыканкама заявіла, што каля чыгуначнай станцыі Мірадзіна знойдзены прадмет, падобны на выбуховае прыстасаванне. Падобныя прадметы былі знойдзеныя работнікамі чыгункі 24 і 31 жніўня паміж рэйкамі каля чыгуначнай станцый Цітоўка і Бабіна, а таксама 16 верасня прадаўцом "Табакеркі" каля самага гандлёвага кіёска ў Бабруйску.
Таксама сілавікі палічылі тэрактам падпал стралковага ціра, які належыць вайсковай частцы 5527 (Бабруйск).
Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Ігар Казлоў былі затрыманыя 26 верасня 2021 года, цяпер іх утрымліваюць у СІЗА-5 у Бабруйску. Статус і месцазнаходжанне жанчын невядомыя.
Усіх траіх юнакоў КДБ унёс у “спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.
Сёння абвінавачанне запрасіла для іх вялізныя тэрміны зняволення. Так, па інфармацыі bobruisk_online, Канстанціну Ермаловічу — 17 гадоў пазбаўлення волі, Віталю Мінкевічу — 16 гадоў, Ігару Казлову — 15 гадоў. Наталлю Кед хочуць асудзіць на 2 гады "хатняй" хіміі, а Надзею Полькіну хочуць адправіць на два гады ў калонію агульнага рэжыму: абедзве жанчыны праходзяць па справе аб спальванні пудзіла.
Прысуд будзе абвешчаны 2 жніўня а 10-й гадзін.
У Бабруйску працягваецца суд па справе яшчэ адной групы "тэрарыстаў"