Маці пяцярых дзяцей з Гродна, якая галасавала за Лукашэнку, асудзілі на тры гады "хатняй хіміі" за ўдзел у акцыях пратэсту
26 ліпеня суд Ленінскага раёна Мінска вынес рашэнне па справе палітзняволенай Іны Шырокай, якую абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх".
Справу разглядала суддзя Анастасія Ачалава.
Іне Шырокай 45 гадоў. Гісторыя гэтай гродзенкі шмат каму знаёмая. Жанчына — шматдзетная маці, адна выхоўвае пяцярых дзяцей. Да выбараў актыўна будавала кар'еру (была загадчыцай гродзенскай кавярні "Хотфікс"), займалася спортам.
Паводле жанчыны, жнівень 2020 года перавярнуў ейнае жыццё. І хоць, як яна сама расказала "Салідарнасці", на мінулых выбарах яна прагаласавала за Лукашэнку, калі ўвечары пасля абвяшчэння іх вынікаў АМАП затрымаў і збіў ейнага 18-гадовага сына Мікіту, усё змянілася. Пасля заявы ў міліцыю з нагоды нападу на сына, якая не дала ніякіх вынікаў, Іна разам з астатнімі беларусамі пачала хадзіць на акцыі пратэсту.
Перад візітам Лукашэнкі ў Гродна, які адбыўся 22 жніўня, у жанчыны здарыўся канфлікт з кіраўніцтвам — у вокнах кавярні Іна выставіла белыя і чырвоныя свечкі. Такім чынам жанчына хацела выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю з нагоды беззаконня, што адбывалася ў краіне. Пасля гэтага яе хутка звольнілі "па згодзе бакоў", хоць у заяве Іна і пазначыла, што прычынай звальнення лічыць сваю грамадзянскую пазіцыю.
Сына Іны з працы таксама звольнілі. Афіцыйна — за прагулы, хоць тыя тры дні, што хлопца не было дома, ён правёў у СІЗА.
Пазней жанчына з'яжджала на стажыроўку ў Мінск, потым вярнулася працаваць у Гродна... Здавалася, жыццё зноў пачала наладжвацца, але раніцай 6 красавіка па яе прыйшлі. Іну Шырокую затрымалі наўпрост дома са словамі: "За падзеі 2020 года". Дома ў яе засталося трое непаўнагадовых дзяцей.
Да суда Іну пратрымалі 145 дзён у СІЗА-1.
У віну Іне Шырокай паставілі ўдзел у акцыях пратэсту. Адмаўляць свой удзел яна і не стала. Вынік разгляду справы быў прадказальны.
26 ліпеня суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў Іну Шырокую вінаватай у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх", асудзіўшы да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.