viasna on patreon

У Ляхавічах лазеншчык напісаў некалькі слоў на гаражы і гэтым нанёс шкоду ў 10 рублёў, — 1,5 года "хатняй хіміі"

2022 2022-08-02T16:01:08+0300 2022-08-02T16:02:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kasumau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Касумаў

Аляксандр Касумаў

Праваабаронцам сталі вядомыя вынікі судовага разбіральніцтва па справе Аляксандра Касумава, якога абвінавачваюць у апаганьванні збудаванняў і пашкоджанні маёмасці па арт. 341 КК.

Справу разглядала суддзя Наталля Буднік.

Аляксандр Касумаў жыве ў Ляхавічах і да нядаўняга часу працаваў лазеншчыкам. Паводле версіі абвінавачвання, у ноч з 23 на 24 красавіка цякучага года на гаражы каля гарадской лазні ён напісаў надпіс "Нет войне!". Але неўзабаве яго зафарбавалі. Праз амаль тры тыдні — у ноч з 15 на 16 траўня — Аляксандр нібыта пакінуў на сцяне ўжо тры надпісы: "No war!", "Luka", "убийца!". Неўзабаве замалявалі і іх. Аляксандр жа па парадзе "добразычліўцаў" прыйшоў у міліцыю і сам ва ўсім прызнаўся.

Надпісы на сцяне, якія нібыта зрабіў Касумаў
Надпісы на сцяне, якія нібыта зрабіў Касумаў

Лазня, у якой працаваў абвінавачаны, знаходзіцца на балансе ЖКГ. Каб зрабіць "паказальнае" выязное пасяджэнне, мужчыну судзілі наўпрост на працоўным месцы ў прысутнасці калег.

У тым жа ЖКГ растлумачылі, што работы па зафарбоўванні надпісаў абышліся ў 10 рублёў 72 капейкі. Гэтую суму мужчына кампенсаваў яшчэ да суда. Гэтак жа, як раскаянне і яўка з павіннай, гэта стала для яго змякчальнай акалічнасцю.

Яшчэ адзін цікавы момант: на судзе было агучана, што для доказу віны Аляксандра Касумава "у стаўленні да яго было ўжыта аператыўна-вышуковае мерапрыемства пад назвай "слыхавы кантроль".

Простымі словамі, у камеру ізалятара, у якой сядзеў абвінавачаны, пад выглядам такога ж абвінавачанага падсадзілі супрацоўніка міліцыі, які "разгаварыў" Касумава, і той у размове "па душах" прызнаўся, што двойчы балончыкам наносіў надпісы на той самы гараж.

13 ліпеня суд Ляхавіцкага раёна прызнаў Аляксандра Касумава вінаватым ва ўчыненні злачынства паводле арт. 341 КК "Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці", прызначыўшы яму ў якасці пакарання 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства