viasna on patreon

Затрыманні не спыняюцца ні на дзень: хроніка пераследу 3 жніўня Дапоўнена

2022 2022-08-03T12:18:00+0300 2022-08-04T07:50:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lednik-igar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3 жніўня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Жыхара Слоніма затрымліваў ГУБАЗ і АМАП

У Слоніме 2 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗ і байцы АМАП затрымалі Дзяніса Ваўчка па падазрэнні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння.

Аднак адзін з праўладных каналаў паспяшаўся напісаць болей: “ГУБАЗ і байцы АМАП затрымалі неверагоднага, які ў 2020 годзе адправіўся рабіць рэвалюцыю ў Мінску. Ну а далей стандартны набор: распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў і абраза прадстаўніка ўлады”.


Завершана расследванне па справе Ігара Ледніка

Чакаецца, што судовае разбіральніцтва распачнецца ў пачатку верасня. Нагадаем, што Ігар Леднік абвінавачваецца па арт. 367 КК РБ "Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" за публікацыю ў партыйным часопісе "Пазіцыя". Яго Фэйсбук-старонка прызнана экстрэмісцкай.

Ігар Леднік. Фота з сацыяльных сетак.

З красавіка 2022 г. Ігар знаходзіцца ў турме. Перад гэтым ён двойчы адбыў адміністрацыйныя пакаранні ў выглядзе адміністрацыйнага арышту. 

Ігар Леднік мае інваліднасць праз праблемы з сэрцам. Вядома, што ў камеры ён згубіў прытомнасць пасля чаго ў экстранным парадку яму была зроблена аперацыя на страўнікава-кішачным тракце. На дадзены момант стан яго здароўя нездавальняючы, працягвае скардзіцца на болі ў страўніку.


На фэсце Viva Braslav хлопца затрымалі "за дэманстрацыю" татуіроўкі з "Пагоняй"

На нядаўнім музычным фестывалі Viva Braslav было затрыманне наведвальніка "за дэманстрацыю" татуіроўкі з "Пагоняй" і "сімвала анархізму". Сілавікі заявілі пра "экстрэмісцкую сімволіку". Затрыманага яны назвалі анархістам. Па іх версіі, на фестывалі ён быў без майкі, таму міліцыянеры і заўважылі татуіроўкі.

Як піша @mediazona_by, затрыманы Міхаіл Тарлоўскі. Ці быў ён ужо асуджаны, інфармацыі пакуль няма.


У Магілёве затрыманы работнік "Магілёўліфтмаша" Сяргей Балашэнка

Супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС РБ палічылі, што Балашэнка распаўсюджваў матэрыялы, прызнаныя "экстрэмісцкімі". Пра затрыманне паведамляе MAYDAY.TEAM.


У палітвязня Паўла Вінаградава – падазрэнне на сухоты

Раней у яго выявілася пляма ў лёгкіх, але курс антыбіётыкаў не дапамог.

Сёння стала вядома, што 28 ліпеня Паўла перавялі ў аршанскую Папраўчую калонію № 12, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў.

Таксама ёсць інфармацыя, што Паўла Вінаградава пазбавілі працяглага спаткання за сон удзень – яго прызналі «злосным парушальнікам рэжыму».


Затрымалі дырэктарку турыстычнага агенцтва «Віяполь» Галіну Патаеву

У праўладных тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя пра затрыманне кіраўніцы турыстычнага агенцтва «Віяполь» і выкладчыцы кафедры эканамічнай геаграфіі БДУ Галіны Патаевай, паведамляе "Наша Ніва".

Жанчыне інкрымінуюць удзел у пратэстах 2020 года. Яна, па словах сілавікоў, «актыўна падтрымлівала ўдзельнікаў масавых беспарадкаў» і «займалася распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў». Таксама ў яе на старонках у сацыяльных сетках нібыта былі лагатыпы незалежных СМІ і нацыянальная сімволіка.


«Зачыстка» ў Пінску — вядома пра як мінімум 5 затрыманых

"Вясна.Брэст" паведамляе пра затрыманні, якія ўчора адбыліся ў Пінску. Не менш за 5 чалавек, сярод якіх тыя каго раней ужо неаднаразова затрымлівалі: Алесь Рамановіч і Дзяніс Сядых.

У людзей зладзілі вобшукі. Аднаму, меркавана, пагражае крымінальны артыкул за «распальванне варожасці».

Два тыдні таму «зачысткі» праходзілі ў Іванаве, Драгічыне і Мазыры.


Магілёўскі суд прызнаў «экстрэмісцкімі» сацсеткі дарадцы прэзідэнта Украіны Аляксея Арастовіча

Такое рашэнне суд прыняў 27 ліпеня.

«Экстрэмісцкімі» прызналі youtube-канал Alexey Arestovych, старонку alexey.arestovich у інстаграме, фэйсбук-акаўнт «Алексей Арестович» і тэлеграм-каналы Arestovich/Official і Arestovich/Алексей Арестович.


Следчы камітэт. Фота: sputnik.by

57 крымінальных спраў па «справе Зельцэра» ўжо накіравалі ў пракуратуру

Пра гэта паведамляе прэс-служба Следчага камітэту.

Па версіі ведамства, абвінавачаныя «выкарыстоўваючы ў якасці інфанагоды навіны аб гібелі супрацоўніка КДБ, размясцілі паведамленні, якія заклікаюць да варожасці ў адносінах да супрацоўнікаў праваахоўных органаў».

Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства