viasna on patreon

"На полі іх білі, на вопратцы малявалі крыжы, мне тапталі руку нагой", — экс-палітзняволеная Алена Дзядзюля распавяла пра "справу цюкоў"

2022 2022-08-11T13:10:36+0300 2023-04-21T09:09:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dziadzylia_99.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

52-гадовая Алена Дзядзюля праходзіла па рэзананснай "справе цюкоў". Амаль год таму пад Дзяржынскам былі затрыманы сем чалавек, якія на полі абмалёўвалі пратэснымі малюнкамі цюкі з сенам. Групу затрымлівалі жорстка — з аўтаматамі, дронами і збіваннямі. Праз пяць месяцаў шэсць чалавек па гэтай справе былі асуджаныя да зняволення за "хуліганства", а шматдзетнай маці далі паўтара года "хатняй хіміі". Алена Дзядзюля цалкам адбыла тэрмін і выйшла на волю з жаночай калоніі 10 траўня. Апошнія дзесяць гадоў перад затрыманнем яна займалася выхаваннем прыёмных дзяцей, а потым апынулася ў жодзінскай турме ў камеры з жанчынамі, у якіх забіраюць гэтых дзяцей. Былая палітзняволеная распавяла "Вясне" пра сваю гісторыю пераследу, гучнае затрыманне на полі, сем месяцаў у жодзінскай турме і амаль два тыдні ў гомельскай жаночай калоніі.

Алена Дзядзюля. Фота: spring96.org
Алена Дзядзюля. Фота: spring96.org

«Пайшоў дожджык і мы раскрылі парасоны — бел-чырвона-белыя»

Першы раз Алену затрымалі ў верасні 2020 года каля касцёла на плошчы Незалежнасці — тады яна з іншымі жанчынамі сядзела на лаўцы і трымала бел-чырвона-белыя аркушы паперы. Праз вялікі наплыў адміністрацыйных спраў у судах Алену тады не паспелі асудзіць за два месяцы.

«Гэта першае маё затрыманне ў жыцці. За 50 гадоў я толькі адзін раз атрымала спагнанне — штраф у тралейбусе за безбілетны праезд».

Алена тлумачыць, што яна выходзіла пратэставаць супраць хлусні:

«Я проста ненавіджу хлусню і не буду трываць яе ні ад каго. На момант падзей 2020 года ў мяне на выхаванні знаходзілася 16-гадовая дзяўчынка з дзіцячага дома. І яна вельмі часта хлусіць усім. І калі мяне першы раз затрымалі, то яна вельмі перажывала з гэтай нагоды і пыталася ў мяне наіўна: «Навошта ты ходзіш — каб цябе затрымлівалі?» На што я ёй адказала: "Ведаеш што? Я не буду трываць хлусню ні ад цябе, ні ад прэзідэнта, ні ад каго. Калі будзеце хлусіць, значыць я буду выступаць супраць гэтага"».

Мінчанка працягнула выходзіць на акцыі пратэсту і была затрымана яшчэ два разы. Жанчыну тады штрафавалі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту, хоць да іх яна нават не паспявала даходзіць.

«Мы з сяброўкай ішлі на Жаночы марш, але пайшоў дожджык і мы раскрылі парасоны — бел-чырвона-белыя. Пад'ехаў бус і нас забралі», — распавядае жанчына пра яшчэ адно затрыманне.

«Каля цюкоў нас білі, на вопратцы малявалі крыжы нашымі балончыкамі» 

Куртка Алены Дзядзюлі, якую абмалявалі сілавікі на полі 1 верасня
Куртка Алены Дзядзюлі, якую абмалявалі сілавікі на полі 1 верасня

У межах крымінальнай справы Алену затрымалі ўначы 1 верасня на полі. Тады сабралася кампанія і паехала пад Дзяржынск размалёўваць «пратэснымі малюнкамі» цюкі сена. Алена распавядае, што з імі ў кампаніі быў восьмы чалавек, хоць затрымалі і асудзілі ўсяго семярых:

«Я так і не разумею: ці гэта быў наш чалавек і ў яго атрымалася ўцячы, ці гэта быў супрацоўнік міліцыі, які з намі ехаў у машыне.

Нас ужо чакалі [сілавікі] на полі. Тэхнікі было, як на праспекце, больш за дзесяць адзінак дакладна. Хоць згодна з матэрыяламі справы, якія агучвалі ў судзе, нас затрымлівалі ўсяго тры міліцыянты. Супергероі проста! Былі два віды супрацоўнікаў: хутчэй за ўсё, АМАП і САХР. Яны былі з аўтаматамі, над намі лёталі дроны. Каля цюкоў хлопцаў з дзяўчатамі білі, на вопратцы малявалі крыжы нашымі балончыкамі, крычалі. Мне тапталі руку нагой… Дзякуй богу, што зямля была мяккая. Гэта было як у фільме жахаў — рука сыходзіць пад зямлю. Там быў торф, і наша беларуская зямля як быццам ратавала мяне. У мяне наогул такое адчуванне, што ўвесь гэты час мяне хтосьці нябачны нёс на ручках і ахоўваў».

Паводле Алены, калі іх затрымлівалі на полі, яна не ўцякала, але яе ўсё адно аштрафавалі за «непадпарадкаванне» на 60 базавых. У гэты час яна ўжо знаходзілася пад вартай, таму штраф давялося выплачваць мужу.

«Я засталася ў гольфіку і ў тонкіх капронавых калготках»

Пасля затрымання ўсе сем чалавек даставілі ў Дзяржынскі РАУС.

«Там мы чакалі да раніцы. Чулі, як яны [супрацоўнікі] панікавалі і крычалі, што цюкі дагэтуль не прыбраныя з поля. А там торф, мяккая зямля, таму тэхніка не магла пад'ехаць да іх.

Калі прыйшла зранку іншая змена, то віншавалі папярэднюю [змену]. І кажа, што там у групе было восем чалавек. Я так разумею, што гэта была група ў інтэрнэце — я не ўваходзіла ў яе. І супрацоўнік адзін сказаў такую фразу: «У групе было восем чалавек, я першаму прапанаваў — і ён пагадзіўся». Ці то хтосьці пагадзіўся здаваць нас, ці то самі справакавалі акцыю і прапанавалі паехаць на поле».

Алена кажа, што з некаторымі людзьмі з кампаніі яна пазнаёмілася ў машыне і ўжо пасля затрымання. Першыя дзесяць сутак усіх утрымлівалі ў ІЧУ Дзяржынскага РАУС.

«Нас усіх падзялілі і распранулі. Усю вопратку забралі і здалі на экспертызу. Было вельмі холадна ў ІЧУ. Дзесяць сутак я сядзела адна. У мяне забралі ўсё адзенне — я засталася ў гольфіку і ў тонкіх капронавых калготках. Але мне далі прасціну, бо я сказала: «Як я буду хадзіць без адзення?». Пакуль муж змог перадаць мне перадачу, прайшло двое сутак. Чацвёра сутак не давалі матрацы, падушкі, коўдры — я спала на жалезе. Але я, як былая спартоўка, ведаю, як сагрэцца: з першага дня займалася зарадкай».

«Шаравалі сцены слоем гаспадарчага мыла»

На адзінаццатыя суткі затрыманых паводле «справы цюкоў» перавялі ў жодзінскую турму, дзе агулам (да суда і апеляцыі) іх пратрымалі восем месяцаў. Само следства па справе ішло пяць месяцаў. Алена памяняла за гэты час пяць камер. Жанчына распавядае пра ўмовы ў Турме № 8:

«Гарачая вада ёсць толькі ў жаночым корпусе. Наколькі я ведаю, у мужчын не было гарачай вады. Жаночыя камеры знаходзяцца на чацвёртым і трэцім паверхах, таму там няма мышэй і пацукоў. Прусакоў мы самі выводзілі: трымалі камеру ў чысціні і шаравалі сцены слоем гаспадарчага мыла, унітазы. Аднаго разу шаравалі мылам падлогу, дык у нас падчас праверкі пачалі прыляпляцца супрацоўнікі. Хлопцы з першых паверхаў распавядаюць, што ў іх столькі мышэй, пацукоў і прусакоў, што даць ім рады яны не маглі.

Прагулачны дворык у нас цалкам быў зялёны — у моху. Гэта паўпадвальнае сырое памяшканне з сеткай над галавой. Шмат хто не хацеў выходзіць на шпацыр, бо сырасць.

Мы намагаліся падтрымліваць атмасферу ў камеры — вельмі шмат жартавалі. Нягледзячы на тое, што я сядзела не з «палітычнымі», а са звычайнымі жанчынамі, усё адно намагаліся дапамагчы адна адной».

«У нас не ў пашане прынцып «захаваць сям'ю», галоўнае — пакараць, знішчыць»

Алена Дзядзюля. Фота: spring96.org
Алена Дзядзюля. Фота: spring96.org

Алена распавядае, што да таго, як прывялі затрыманых жанчын паводле «справы Зельцэра», яна адна была ў камеры «палітычнай». Як адзначае былая палітзняволеная, галоўным чынам яна ўтрымоўвалася з абвінавачанымі за нясплату аліментаў і за бытавы гвалт:

«Гэта жанчыны, якія сябе абараняюць нажом ад мужавага гвалту. Я доўгі час выхоўвала дзяцей-сірот і цяпер апынулася ў камеры з тымі, у каго забіраюць гэтых дзяцей. І я была ў шоку ад нашай сістэмы, з дапамогай якой так здзекуюцца з людзей. Замест таго каб даваць мне на выхаванне гэтых вырваных з сем'яў дзяцей, можна было прыдумаць штосьці, каб дзеці засталіся з мамай. Напрыклад, лячэнне ад алкагалізму, псіхалагічная дапамога. Гэта сапраўды пра што ахвота крычаць цяпер: «Людзі, паглядзіце, рабства!» Грамадства настроена супраць іх, а яны ўжо і не заступаюцца за сябе: «Значыць так і трэба». Але калі б у той момант, калі чалавек спатыкнуўся, яму дапамагло грамадства, то шмат сем'яў можна было б захаваць. У нас наогул не ў пашане прынцып «захаваць сям'ю», галоўнае — пакараць, знішчыць. Пакуль жанчыны сядзяць у турме, пазыка за непаўнагадовае дзіця назапашваецца. Яны выходзяць на волю, а на іх вялікая пазыка, аж да смерці не выплаціць, і яны не ведаюць, куды сябе дзець. Ім ужо і ў турме лепш: там яны і паелі, і папрацавалі. Але гэта рабсіла на швейных фабрыках. «Палітычныя» патрапілі ў сістэму, якая адточвалася ў нас 30 гадоў».

«Было страшна глядзець, як дзяўчынкі па «справе Зельцэра» даставалі з пасылак сапсаваныя прадукты»

Алена заўважае, што колькасць «палітычных» у жодзінскай турме ўзрасла на пачатку кастрычніка-лістапада, калі туды перавялі затрыманых за каментары паводле «справы Зельцэра»:

«Было страшна, калі дзяўчынак за каментары па «справе Зельцэра» завялі да нас у камеру пасля 47 сутак каранціну, там ім не аддавалі ані лісты, ані пасылкі, не прымалі перадачы для іх. Жанчыны праседзелі карантын у тым жа адзенні, у якім іх затрымалі. Яны спалі па два чалавекі, нават на другім ярусе. На гэта было страшна глядзець… Як яны атрымлівалі стос лістоў, чыталі і плакалі. Як яны даставалі з пасылак сапсаваныя прадукты. Калі іх прывялі, то ў нас у васьмімясцовай камеры не было для іх месцаў. Але для іх гэта было палягчэнне рэжыму…»

Былая палітзняволеная адзначае, што лісты за краты трэба пісаць з поўным прозвішчам, імем ды імем па бацьку, і дзеліцца гісторыяй з асабістага досведу:

«Мне шмат лістоў не даходзіла, але з той прычыны, што іх аддавалі маёй цёзцы. Выявілася, што ў жодзінскай турме ўтрымоўвалася яшчэ адна Алена Дзядзюля (праходзілая згодна з артыкулам «нясплата аліментаў»). Толькі ў мяне імя па бацьку Рыгораўна, а ў яе — Міхайлаўна. Яна забірала мае лісты, і гэта высветлілася выпадкова. Мая сукамерница ўбачыла ў яе ў адстойніку мае лісты. На волі я дазналася, што яна пісала адказы маім сяброўкам кшталту: «Як ты мяне знайшла? Дзякуй, што мне напісала. Мне тут цяжка». У яе быў шок, што ёй пачалі прыходзіць лісты нейкія. Чалавек пачаў прыдумляць, што пра яго хтосьці ўзгадаў».

«Я ганаруся, што стаю на прафуліку!»

Алену, як і іншых палітзняволеных, ставілі на прафулік як «схільную да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці». У жодзінскай турме яны пазначаны карычневымі карткамі на дзвярах:

«І калі ідзеш па прадоле і ведаеш, што тут нашы… Але ўсе ўспрымаюць гэты ўлік па-рознаму: хтосьці перажывае, а хтосьці ідзе і бачыць: «Я тут не адна!» Памятаю, адна дзяўчына вельмі перажывала, што яна экстрэмістка, і галасіла: «Ну якая ж я экстрэмістка?» Потым яшчэ адна казала: «Я не экстрэмістка, гэта выпадкова!» А я жартавала: «Я ганаруся, што стаю на прафуліку!»

«Калі б яны бачылі ўсю сістэму зверху, то яны не працавалі б там»

Былая палітзняволеная распавядае, што за гэтыя месяцы за кратамі яна сустракала розных супрацоўнікаў у сістэме выканання пакарання:

«Супрацоўнікі выконваюць свае маленькія задачы і не бачаць агульнай карціны. «Я ахоўваю злачынцаў — а што я дрэннага раблю?» Так, сапраўды, злачынцаў трэба ахоўваць, але каго ты ахоўваеш? Яго гэта не цікавіць, таму што ён выконвае толькі кавалачак маленькай сістэмы. Калі б яны бачылі ўсю сістэму зверху, то яны не працавалі б там. Яны проста не бачаць і лічаць, што ўсё выконваюць правільна. Я думаю, ім не даюць бачыць, і яны развучыліся бачыць.

Розныя бываюць супрацоўнікі… У камеру неяк зазірнуў адзін прадольны і запытвае мяне: «Ну што, выправілася?» А чаго я павінна выпраўляцца і адказваць яму? Тады ён сказаў: «Вату скруці!» Забараніў сядзець на матрацы. Ёсць і такія — з асабістай ініцыятывай, але іх менш.

Я заўважыла яшчэ ў жодзінскай турме такую рэч: калі з супрацоўнікамі нармальна размаўляеш, то яны не могуць адказаць дрэнна. У першыя часы я заўважыла, калі яны будзяць ці выводзяць з камеры раніцамі, то супрацоўнікі гарлапаняць на нас мацюкамі. Але, калі з камеры выходзіш і кажаш: «Вітаю!», то яны ўжо крычаць мацюкамі не могуць, бо адчуваюць, што ты ставішся да іх як да чалавека. Я штораз казала: добрай раніцы, добрай ночы («спакойнай ночы» нельга было казаць зняволеным), дзякуй, вітаю. Напэўна, нават з дапамогай гэтага выжывала».

«У ІЧУ Стоўцаў у мяне забралі ўсе рэчы, нават яблык»

На судзе Алена Дзядзюля заявіла хадайніцтва аб ціску і падала скаргу на імя начальніка Стоўбцаўскага ІЧУ. Яна расказала, што тады адбылося:

«Зранку 17-га мяне павезлі на суд. Я надзела калготкі, сукенку. Калі я вярнулася з суда, то ўбачыла, што ў мяне забралі ўсе рэчы, нават яблык, які ляжаў на стале. Прыйшлі і запыталі: «Дзе рэчы Дзядзюлі?» Сукамерніцы, не разумеючы, што адбываецца, аддалі рэчы. У мяне забралі ўсе прадукты, гігіенічныя сродкі. Я застаюся ў сукенцы… Але не буду ж я ў ёй хадзіць! Прасіць і прыніжацца я не буду. У мяне толькі пытанне: «Дзе мае рэчы? Вярніце!» Гэта парушэнне. Я зняла сукенку і закруцілася ў прасціну. Так я хадзіла да вечаровай праверкі. І яны, каб ім было камфортна праводзіць праверку, вярнулі мне штаны, майку, майткі і дзве пракладкі. На праверцы я запытала, на якой падставе ў мяне забралі рэчы, — яны маўчалі.

Два дні перад судамі нас не кармілі. Увечары мне прынеслі сняданак, абед і вячэру адначасова. Калі б у мяне не забралі мае прадукты, я б перакусіла перад судом — а так, нават яблык забралі… Суткі нічога не ела, акрамя вады.

На судзе я заявіла пра ціск: суддзя выйшла з залы, потым вярнулася і проста працягнула працэс. Увечары пасля суда я напісала скаргу на імя начальніка ІЧУ Стоўбцаўскага РАУС. Пасля гэтага прыляцеў сам начальнік і самастойна выдаў мне рэчы. Не аддалі толькі крыжаванкі, сшытак, асадку. Начальнік ІЧУ асабіста вадзіў і ў душ пасля скаргі. Запытаў: «Можа яшчэ штосьці?» 

«На першых днях суда сядзелі вельмі сур'ёзныя "палкоўнікі"»

31 студзеня суд Стоўбцаўскага раёна вынес прысуды па рэзананснай «справе размаляваных цюкоў з саломай» супраць сямі палітвязняў. Суддзя Вікторыя Суднік прызнала ўсіх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства групай асобаў) і прызначыла ўсім, акрамя Кацярыны Арыка, год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму: Андрэю Арыку, Максіму Дубешку, Аляксандру Бабко, Вользе Дубовік, Алене Дзядзюлі, Ігару Мысліўцу. Кацярыну асудзілі да аднаго з паловай года "хатняй хіміі" і вызвалілі ў зале суда. Пракурор Яраслаў Ларычаў прасіў суд пазбавіць усіх фігурантаў волі.

Шэсць палітвязняў па "справе цюкоў" асудзілі да калоніі. На затрыманых сілавікі малявалі свастыку

"Вясна" распавядае падрабязнасці гэтай гучнай справы і як праходзіў судовы працэс адразу над сямі палітвязнямі.

«Мне расказалі, што суды Дзяржынска, Жодзіна, Мінскі раённы суд адмовіліся нас судзіць. Але пагадзіўся Стоўбцаўскі суд.

Нашай справай займалася цэлая следчая група! У акце спісання было напісана, што 80 цюкоў былі падраныя, але пра фарбу не было не сказана ні слова.

На першых днях суда сядзелі вельмі сур'ёзныя «палкоўнікі», якія абураліся, што вельмі доўга судзяць нас і што яны кожны дзень будуць ездзіць з Мінска. Пры канцы суд паскорыўся і хутка вынеслі прысуд. Мабыць, загад зверху прыйшоў. На апошніх працэсах гэтых «палкоўнікаў» ужо не было».

«У Магілёве пасля Жодзіна мне вельмі спадабаліся дворыкі для шпацыраў» 

Алена Дзядзюля. Фота: spring96.org
Алена Дзядзюля. Фота: spring96.org

У гомельскую жаночую калонію Алену павезлі 23 красавіка праз Магілёў — тыдзень яна была ў магілёўскай турме. Алена пераносіла сумкі ў руках з кайданкамі:

«Сумак было нармальна — абжылася. Пакінуць іх жа нельга! Этапы былі ўначы на цягніку. У магілёўскай турме нас з Воляй [Дубовік], як транзітніц, ніхто не чапаў асабліва. Мы толькі ўдзвюх былі «палітычнымі».

У Магілёве пасля Жодзіна мне вельмі спадабаліся дворыкі для шпацыраў — яны знаходзяцца на даху пад сонейкам. Там няма гэтай сырасці, у параўнанні з жодзінскай турмой. Мы ўжо не адмаўляліся ад шпацыраў і хадзілі штодня на вуліцу. Было сонейка, вясна…»

«Ім, напэўна, падабаюцца 37-я гады, таму яны там і захраслі» — пра гомельскую калонію

У гомельскай жаночай калоніі Алена прабыла толькі 11 дзён. Яе пратрымалі ў карантыне, яна не паспела заступіць на працу — ейны тэрмін скончыўся і жанчына выйшла на волю.

«Калі прыехалі ў калонію, то ў мяне забралі амаль усе рэчы. Кшталту штаны чорныя, але на гумцы была зялёная палоска — нельга, горла на гольфіку трошкі даўжэйшае за норму — нельга. Гэта ўсім, не толькі «палітычным», гэта загружаная за 30 гадоў сістэма. Хтосьці калісьці паслізнуўся на гумовых тапачках — іх нельга ўжо. Хтосьці дадумаўся канваірам у вочы солі насыпаць — цяпер яе нельга. Але затое можна прыправу «Курка». Вось такі маразм. У ІЧУ нам не дазвалялі грабянцы, таму што хтосьці калісьці зрабіў штосьці з сабой. За 30 гадоў штосьці здаралася — яны ўсё паадмянялі і цяпер нічога нельга, выходзіць. Супрацоўнікі з гэтай сістэмай згодны. Калі б яны адразу сказалі: «А як чалавеку жыць?..»

З маіх двух вялікіх баулаў мне аддалі толькі пяць рэчаў і майткі. Шкарпэткі ў мяне аказаліся не чорнымі, таму таксама не далі. Адзенне там выдаюць, але яно 30-40-х гадоў: баваўняныя сукенкі, хустка, вайсковы пінжачок, калготкі, якія збіраюцца гармонікам, старыя грубыя цяжкія пантофлі. Рэчы выдаюць не чорныя: сукенкі бардовыя ў кветачкі, сінія целагрэйкі. Але гэтыя рэчы не расцягваюцца, сціскаюць, як быццам ты панцыр нейкі надзела. Я псіхалагічна не магла хадзіць у гэтых рэчах. Памятаю, на вуліцы горача, а па форме ты павінна быць у целагрэйцы. У гэтым некамфортна! Ім, напэўна, падабаюцца 37-я гады, таму яны там і захраслі. Я не ўяўляю, як там людзі па пяць-шэсць гадоў у гэтай адзежы. Напэўна, прызвычайваюцца…»

Алена Дзядзюля выйшла на волю 10 траўня. Праз паўтара месяца яе зноў затрымлівалі — гэтым разам супрацоўнікі КДБ. Былая палітзняволеная вымушана была пакінуць Беларусь.

«Як мне сказала адна «шматразоўка»: «Выходзіш з варот, яны за табой зачыняюцца — і як быццам там не быў». Як быццам я глядзела кіно ці гэта быў сон. Галоўнае — не абарочвацца», — прыгадвае сваё вызваленне з гомельскай калоніі Алена.

Палітзняволеная Алена Дзядзюла пасля вызвалення з Гомельскай папраўчай калоніі. Фота: spring96.org
Палітзняволеная Алена Дзядзюла пасля вызвалення з Гомельскай папраўчай калоніі. Фота: spring96.org

«Калі пабачу, што будзе несправядлівасць, то буду выходзіць»

Алена кажа, што не лічыць пройдзены шлях дарэмным. Адзінае, што яна цяпер бы змяніла: «Праверыла б, з кім еду на поле».

«Я не адчуваю, што я зрабіла штосьці не так. Я зрабіла тое, што сказала маё сэрца і разуменне. І я буду працягваць штосьці рабіць. Я потым гэта і кадэбэшнікам сказала: «Калі пабачу, што будзе несправядлівасць, то буду выходзіць».

Цяпер я не ведаю, ці веру я ў перамогу… Мне не падабаюцца ўзаемаадносіны паміж лідарамі. Пакуль у нас не з'явіцца сапраўдны лідар, то нічога ў нас не атрымаецца. А ён абавязкова з'явіцца! Я чула такую гісторыю, я яе трохі перафразіравала, яна вельмі ярка ілюструе нашу сітуацыю. Жыў калісьці народ на невялікай зямлі. Людзі жылі на канях — няхай гэта будзе на «Пагоні». Была такая асаблівасць у іх — яны ўмелі спаць на канях падчас руху. Адзін чалавек вёў уначы атрад, а іншыя ваяры спалі. За ноч яны пераадольвалі вялікія адлегласці, таму былі няўлоўнымі. Зранку яны былі выспанымі і адпачылымі, і маглі ісці ў бой. І калі вораг гэта зразумеў, то яны забілі кіраўніка, і народ працягвае спаць да сённяшняга дня. Зараз яго трэба разбудзіць, каб абараніць сваю зямлю. І калі мы таксама знойдзем свайго кіраўніка, тады ўсё будзе добра. Мы навучымся спаць на канях, давяраючы свае жыцці лідару, а калі будзе нейкая бяда, то будзе каму нас разбудзіць! Беларускі народ павінен прачнуцца і знайсці свайго кіраўніка, які вядзе наперад да свабоды!»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства