Расейцу ў Беларусі пагражае да трох гадоў зняволення па "народным" артыкуле
Грамадзяніна Расеі Сяргея Баршча затрымалі на працы ў Мінску яшчэ 21 ліпеня. Як паведаміў «Белсату» сябар сям’і Сяргея, мужчыну схапілі супрацоўнікі ГУБАЗіКу падчас працоўнага дня на заводзе шасцерняў. Доўгі час сваякі не маглі даведацца, дзе затрыманы: ніякіх звестак міліцыя пра яго не давала.
Пра лёс Сяргея стала вядома толькі 23 ліпеня.
24 ліпеня на канале сілавікоў з’явіўся «пакаянны» ролік, дзе Сяргей распавядае, як браў удзел у мітынгу і нават выйшаў на праезджую частку, а таксама быў падпісаны на «дэструктыўны канал «Nexta». Са словаў Сяргея выходзіць, што менавіта за гэта яго і затрымалі сілавікі.
У пасце з «пакаянным» відэа таксама апублікаваныя фота, дзе чалавек, падобны да Баршча, бярэ ўдзел у мірным шэсці.
Блізкія звярнуліся ў амбасаду Расеі ў Беларусі, каб тыя ўрэгулявалі сітуацыю ці хоць неяк дапамаглі.
«Спачатку яны пагадзіліся даць адваката, але калі даведаліся, што затрыманне было на глебе палітычнага пераследу, то тут жа адмовіліся», – падкрэсліў наш суразмоўца.
Мужчыну пакуль выстаўляюць абвінавачанне паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
Вядома, што Сяргея змясцілі ў карцар разам з яшчэ 11 асобамі. Колькі часу ён там прабыў, невядома.